Сапраўдная беларуска

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

У адзін з нядаўніх уік-эндаў культурнае жыццё Брэста ўзбагаціла праграма фільмаў-прызёраў Нацыянальнага конкурсу Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад-2015”. Была паказана і кароткаметражная стужка “Сапраўдная амерыканка”, уганараваная на форуме дыпломам журы. Цікава, што знята карціна ў Злучаных Штатах на англійскай мове, але яе аўтар, Дар’я Жук, — мінчанка, хоць жыве ў ЗША ўжо два дзесяцігоддзі. “К” распытала рэжысёра пра шлях у кіно і пра тое, чаго можа дасягнуць моцная асоба ў творчасці.

/i/content/pi/cult/581/12819/13-1.jpg— Я паехала ў Штаты павучыцца на год у 11-м класе. З’язджаць з Беларусі надоўга не збіралася, але неяк год за годам паездкі ператварыліся ў доўгае падарожжа ў палову жыцця. У нашай мінскай спецшколе былі вельмі папулярныя праграмы па абмене, бралі лепшых. Паколькі некалькі дзяўчат-выдатніц з нашай паралелі ўжо з’ездзілі ў Штаты, мы прыкладна ведалі, чаго чакаць. Я ж тады хацела паступаць у Маскву, на эканамічнае, але мяне напалохалі знаёмыя: Масква  — гэта дорага, і нават медалістам 20 тысяч долараў спатрэбіцца “на экзамены”. А ў амерыканскай сярэдняй школе мне тым часам параілі маленькі прыватны жаночы каледж — і я хутка туды паступіла на поўную стыпендыю. Вядома, ніхто не папярэдзіў, што гэты каледж у маленькім, на 8 тысяч жыхароў, ізаляваным мястэчку “рэлігійнага пояса” ЗША на Сярэднім Захадзе (там па царкве на кожныя 300 чалавек насельніцтва), дзе мучацца 300 дзяўчат. Ніхто не папярэдзіў, што я буду штодня а 7-й уставаць на працу ў студэнцкую кухню і ад стрэсу з’ядаць пару плітак шакаладу. Нібы службу ў войску перажыла! Але потым пайшоў уздым. Я працавала, вучылася дзень і ноч (там не было чым заняцца), выйграла пару алімпіяд. Мяне ўзялі ў Гарвард, таксама са стыпендыяй. Там я і трапіла выпадкова на першы занятак па кіно, хоць і працягвала вучыцца на эканамічным. Мяне проста выратавала амерыканская сістэма “Liberal Arts”, дзе паралельна з галоўнай спецыялізацыяй на выбар можна займацца хоць электроннай музыкай! Я бясконца ўдзячная прафесару, які зацікавіўся мной і прыняў на свой курс літаральна пасля 15-хвіліннага сумоўя. Аддавалі ж перавагу, у асноўным, тым студэнтам, якія ўжо спецыялізаваліся на мастацтве.

— Наколькі ўспрыманне Амерыкі змянілася за гэтыя гады?

— Гэта залежыць ад таго, дзе ты знаходзішся: у штаце Місуры ці ў элітным каледжы ў Бостане. Не толькі Нью-Ёрк, але і ўся Амерыка — краіна кантрастаў. Калі я ў 18 гадоў праехала на аўтобусе праз паўкраіны да сяброўкі ў Нью-Ёрк, зразумела: Сярэдні Захад — не маё месца! Калі ж пасля ўніверсітэта ўрэшце пераехала ў самы прыстойны горад краіны, мне здавалася, што тут усе ўвесь час працуюць — пратэстанцкія каштоўнасці даюцца ў знакі. У мяне ніколі не было столькі дзён адпачынку, колькі ў маіх сяброў у Беларусі, а калі ён і пачынаўся, было нават няёмка яго выкарыстоўваць. Але калі прасоўваешся па службе, пачынаеш працаваць па ўласным раскладзе, з’яўляецца больш свабоды. Тут прынята іншае, чым у нас, стаўленне да справы: пайшоў і зрабіў, разгайдаўшыся ўмомант. Заўтра — значыць, заўтра! Тут заахвочваецца і здольнасць марыць. Mожна прачнуцца раніцай, вырашыць, што цяпер ты будзеш мадэльерам, і цябе падтрымаюць і накіруюць. Гэтая індывідуалістычная вера ў тое, што ўсё магчыма, дапамагае жыць.

— Чым ты займалася да таго, як ісці ў кіно, і чаму ўсё ж такі туды пайшла? Пагадзіся, ёсць шмат не менш паважаных сфер з годнай аплатай...

— Я, вядома, пайшла больш складаным шляхам і ўклала 5 гадоў вучобы менавіта ў рэжысуру, калі стала атрымліваць другую адукацыю. Да гэтага гадоў пяць спрабавала ўцячы ад сябе, выжывала ў чужой краіне: якое там мастацтва! Прадзюсавала і займалася дыстрыбуцыяй, фінансамі, але гэта рабіла з мяне невыноснага няшчаснага чалавека. Я так не любіла сваю працу, што нават хавала ад сяброў, што працавала на тэлеканале “HBO”, хоць гэта было вельмі прэстыжна. Мне здавалася, што ёсць нейкая таямніца быцця, якую я не спасцігла, таму і не магла рухацца далей. Але, як у нас у школе казалі, калі ты можаш не займацца мастацтвам, значыць, табе ім займацца не трэба. Я сумленна паспрабавала ўсе варыянты і зразумела: без кіно не магу. Сваю першую ігравую кароткаметражку я зняла ў 20 гадоў у Гарвардзе і з таго часу ўлюблёная ў кіно.

— Распавядзі пра сваю кінашколу, пра навучальны працэс у ёй?

— Гэта школа мастацтваў Калумбійскага ўніверсітэтa. Я вельмі хацела дакапацца да сутнасці: чаму і як аўдыторыя глядзіць кіно, што робіць фільм добрым. Мае выкладчыкі зрабілі з мяне рэжысёра, які спакойна і ўпэўнена працуе. Калі я магла зрабіць раскадроўку сцэны і да школы, але пры гэтым пачувалася пакутліва, дык зараз бачу яшчэ пяць яе варыянтаў, і пры гэтым мне відавочна, якія з іх больш прыдатныя для пэўнай гісторыі. Пакуль сама поўнаметражны сцэнар не напішаш, не зразумееш, які балючы працэс ператварэння сярэдняга сцэнарыя ў добры. А школа якраз робіць упор на сцэнарны складнік — сцэнарысты-рэжысёры і становяцца паспяховымі выпускнікамі. Калі я пачынала ва ўніверсітэце, у мяне была ідэя для поўнаметражнага сцэнарыя, зараз жа я магу генерыраваць ідэі кожны дзень. І хочацца пачынаць працаваць над яшчэ адной гісторыяй! Нават даводзіцца спыняць сябе, бо добры сцэнарый ствараецца не ў момант.

— Колькі словаў пра фільм “Сапраўдная амерыканка”...

— У дыпломнай працы хацелася распавесці пра тое, што набалела, але з гумарам. Я пачала з моцнай эмоцыі, якую перажыла па прыездзе ў Штаты. Гэта было адчуванне гадкага качаняці, таго, што грамадства цябе не прымае, але ты хочаш стаць яго часткай, знайсці паразуменне. Я прыдумала сітуацыю, якая, вядома, са мной не адбывалася. Бо кіно — гэта “праўда, якая прыводзіць у захапленне”, як кажа рэжысёр Вернар Херцаг. Мая гераіня паўстае супраць таго, што адбываецца, а я ў жыцці не такая смелая. Яе чын не вырашае праблем — так першапачаткова і заканчваўся фільм, але я перарабіла фінал па патрабаванні ўлюбёнага прафесара. Зараз шкадую, але ў фармаце кароткага метра даводзіцца хутка даносіць думку да гледача. Атрымаўся трохі нахабны фільм, але вельмі асабісты, што ўжо няблага. У Мінску на “Лістападзе” ён спадабаўся, узнагародзілі дыпломам, і ў Нью-Ёрку спадабаўся, таксама адзначылі на фестывалі. Працягваю яго па свеце паказваць: і ў Брэсце, і ў Ганконгу, і ў Атланце гэтай вясной адзначаюся.

— Што ці каго ты лічыш арыенцірамі ў кіно?

— Стараюся не арыентавацца на пэўных асоб, але калі на іх пераходзіць, то я вучуся на працах рэжысёраў, якія нават у Галівудзе робяць аўтарскае кіно — мэйнстрым-артхаўс: браты Коэны, Аляксандр Пэйн, Вэс Андэрсан, Сафія Копала, Уіт Сцілман, Джэф Нікалс, Пол Томас Андэрсан, Ліна Данхэм, Мэры Харрон (працавала нават на яе трохі), Ліза Халадзенка (вучылася ў нашай школе), ды ўсіх нават не пералічыць! Натхняюся кар’ерай Кэтрын Бігелоў, першай жанчыны-рэжысёра, якая атрымала “Оскар” за лепшы фільм.

— Свой поўнаметражны дэбют “Крышталь” ты ў любым выпадку плануеш здымаць у Беларусі? Чаму?

— Мяне як мастака цягне дадому, у родны край, на нашы пагоркі і палі. Mы з маім сааўтарам ужо пяць гадоў працуем над сцэнарыем, і я зразумела, што тэкст мяне працягвае трымаць. Адпаведна, трэба здымаць. Мне здаецца, наша маладое пакаленне не бачыць сябе з боку. Хочацца ж на сваё роднае часам глядзець у кінатэатры, а не толькі на галівудскія казкі. У нас столькі недаследаваных тэм, якія хочацца ўзняць, і адначасова велізарная міжнародная цікавасць да Беларусі. У мяне ёсць мексіканскі прадзюсар, які гатовы хоць заўтра паехаць у Мінск і дапамагаць. Да гэтага часу здзіўляюся, чаму ж яму так шчыра цікава. А дзеянне “Крышталя” адбываецца ў 1990-я: я вырашыла напісаць пра час, які добра адчула. Мая гераіня спрабуе ўцячы ад сябе і з’ехаць у Штаты, як многія мае сябры тады, але ў яе не атрымліваецца, і лёс прымушае сутыкнуцца з праблемамі твар у твар.

— Якой ты бачыш сябе праз некалькі гадоў?

— Калі бацькі тэлефануюць, часам жартам пытаюцца, ну што, калі ўжо атрымаеш “Оскар”? Кіно — гэта не спорт, дзе ты дабег марафон і табе ўручылі медаль. Кіно — гэта працэс, якім хочацца займацца ўвесь час. Я мару быць у гэтым працэсе доўга, не губляць рэлевантнасці і пладавітасці, працаваць шмат і здымаць часта. Хачу паказаць, і не раз, сваё кіно ў Канах. Хачу папрацаваць і над вялікімі студыйнымі праектамі таксама. Маю аднакласніцу, напрыклад, пасля яе аўтарскага дэбюту зараз запрасілі экранізаваць “Русалачку” для кампаніі “Юніверсал”. Калі больш канкрэтна, то праз пару гадоў я хацела б у дадатак да “Крышталя” зрабіць яшчэ некалькі аўтарскіх стужак, адну-дзве на англійскай, атрымаць прэм’еру на кінафестывалі “Сандэнс” і выдатнага галівудскага агента.