Пакуль леў быў у бібліятэцы…

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

За кулісамі фестывалю “Горад і Кнігі. Навука”
Гэты фэст “вырас” з выставы handmade-герояў сучасных кніг “Усмешлівыя цуды” і ўпершыню парадаваў мінчан летась, засведчыўшы сваю прысутнасць у падзейнай афішы сталіцы. Сёлета фестываль мае тэматычны ўхіл і прысвечаны навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. Карэспандэнты “К” паспрабавалі занурыцца ў падрыхтоўку мерапрыемства, іншымі словамі, у яго закуліссе, а таксама наведалі першыя гадзіны акцыі.

/i/content/pi/cult/581/12818/12-2.jpgЧацвер, апошні дзень сакавіка. Сонечныя промні паступова знікалі, а на другім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі падрыхтоўка да фэсту “Горад і Кнігі. Навука”, наадварот, у самым зеніце: на гадзіннік арганізатары праекта ды іншыя творцы нават не паглядалі. Яшчэ на ўваходзе ў памяшканне, вылучанае ў “Нацыяналцы” пад гэтую падзею, мяне сустрэў кардонны горад. Яго ідэя нарадзілася ў вядучых бібліятэкараў БНТУ Вольгі Вовк і Вікторыі Хоміч яшчэ летась. Уласна “дыямент” галоўнай кніжніцы рэспублікі, мінскія вароты насупраць Чыгуначнага вакзала, касцёл святых Сымона і Алены… Вось такое новаўвядзенне фестывалю-2016. Яшчэ адно — зона гучных чытанняў. Напрыклад, свае творы будуць чытаць літаратары (у іх ліку — вядомая Тамара Лісіцкая).

Вольга Вовк кажа: “Мы робім фестываль, каб здзяйсняліся мары”. Выказванне адпавядае рэальнасці амаль на 100 %. Скажам, летась запланавалі зрабіць горад з кардону — і вось ён стаіць! (Дадамо, над стварэннем менавіта гэтага аб’екта працавала Юлія Кучынская і валанцёрская група.) Вольга і Вікторыя плануюць зрабіць квэст па цыклу раманаў пра авантуры Пранціша Вырвіча Людмілы Рублеўскай. Відаць, гэту задуму распрацуюць і “правераць” на публіцы ў 2017 годзе.

Пасярэдзіне залы — рэпетыцыя прадстаўлення для маленькіх дзетак. Інтэрактыўны спектакль падрыхтаваў “Тэатр42”, які існуе чатыры гады і нярэдка прымае ўдзел у мерапрыемствах гарадскога маштабу — Форум вулічных тэатраў, Ноч музеяў… Гэтым разам рэжысёрам-пастаноўшчыкам праграмы стала Наталля Юшкевіч. Яна наведала ў Славеніі майстар-класы, а зараз атрыманымі ведамі дзеліцца з аднадумцамі. Дадам, моладзь, якая стварае такі інтэрактыўны спектакль — улюбёныя ў тэатральнае мастацтва людзі. І яны не навучэнцы Акадэміі мастацтваў, як спачатку можа падацца. Творцы проста любяць тое, чым займаюцца, а яны ж людзі розных прафесій. Каб рэалізавацца ва ўлюбёнай справе, неабавязкова мець адпаведную адукацыю: захопленасці, жадання, часу і аднадумцаў побач стае.

Падчас рэпетыцый “Тэатра42”, “лакалізацыі” кардоннага горада і прыходаў майстроў (яны прыносілі герояў, зробленых па літаратурных творах — у асноўным з лямцу), вырашыла распытаць Вікторыю Хоміч пра сёлетні фестываль больш падрабязна. Мая візаві адразу адзначыла, што пяць тэматычных пляцовак працуюць у рэжыме нон-стоп, створана экспертная зона, а яшчэ — зона майстар-класаў.

Праглядаю праграму. Яна разнастайная: вандроўкі, інтэрактыўна-тэатралізаванае чытанне казак, інтэрактыўныя спектаклі, чытанне-гульня, навуковая шоу-праграма, воркшоп, лекцыя, майстар-класы… Асабліва зацікавіла мерапрыемства пад назвай “Навука ці магія?: гістарычныя замалёўкі паводле кнігі Людмілы Рублеўскай ад творчага калектыву “Майстэрня ўражанняў”. Запыталася ў Вікторыі, ці звязана падзея з папулярызацыяй беларускай літаратуры. Арганізатар падкрэсліла: нават з папулярызацыяй сучаснай кнігі наогул, незалежна ад мовы выдання. “Ажывуць” героі са старонак твораў Вольгі Грамыка (“Космаэпапея”), Алены Масла (“Мяне завуць Лахнэска”), Алены Мальчэўскай (“Ша-ша з левага чаравіка”), Дзіны Рубінай (“Сіндром Пятрушкі”), Хэлен Сцівенс (“Леў у бібліятэцы”), Марыям Петрасян (“Дом, у якім”)… Сама ж “Майстэрня ўражанняў” — не тэатральны калектыў, ягоная асноўная дзейнасць — правядзенне экскурсій, турыстычных мерапрыемстваў. А на фестывалі, відаць, пакажуць тэатралізаваную “вандроўку” ў гісторыю па матывах кнігі. “Мы хочам зрабіць больш буйны праект з “Майстэрняй…” — квэст па горадзе, а красавіцкае мерапрыемства можна лічыць “затравачкай”, — дадала візаві.

Нарэшце, 1 красавіка. Нацыянальная бібліятэка вылучыла пад імпрэзу пляцоўкі на двух паверхах. На другім — асноўная святочная праграма (тыя ж майстар-класы, зона чытання ўголас). Гэта пляцоўка і сабрала найбольш наведвальнікаў. “Мы прыехалі на мерапрыемства, каб паўдзельнічаць у конкурсах. Фарміруем дома дзіцячую бібліятэку: творы класікаў і сучаснікаў, — сказала Ксенія Сакалова, якая прыйшла з сынам Яраславам. А на пытанне, ці ёсць у хатняй бібліятэцы кнігі сучасных беларускіх аўтараў, суразмоўца адказала так: “Пакуль гэта наша недапрацоўка”.

Убачыла я таксама і энергічную жанчыну з дзецьмі, якая разам з імі актыўна ўдзельнічала ў конкурсах. “Летась мы таксама прымалі ўдзел у гэтым фестывалі, і адзначу: зараз праграма больш разнастайная. Мы задаволеныя, збіраемся пайсці на хімічныя вопыты”, — падзялілася ўражаннямі Любоў Баброва, маці трох дзяцей.

Адзначу і тое, што не пабачыла бібліятэчных стэндаў. Па сутнасці, іх увогуле не было, акрамя пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі, якая прадставіла сувенірную прадукцыю — магніты, наборы паштовак, бірулькі… На пытанне, чаму ў акцыі не прымаюць чынны ўдзел хаця б гарадскія бібліятэкі, Вольга Вовк адказала: “Яны ўдзельнічаюць у фестывалі — робяць івэнты, задзейнічаны як арганізатары. Стэнды ж вырашылі не ставіць: яны не такія яскравыя, як стэнды тых жа літаратурных праектаў”. Урэшце, як на маю думку, гэта зусім не нагода. Балазе праект агулам накіраваны на папулярызацыю літаратуры, чытання і уласна бібліятэк. Затое парадавалі кошты на дзіцячыя кніжкі ў айчынным выдавецтве “Пачатковая школа”. Кансультант на стэндзе апошняга адзначыла: “Самая дарагая кніга для дзяцей з ліку прадстаўленых тут каштуе прыкладна 60 тысяч рублёў”.

Сёння фэст завяршаецца. У планах жа вядучых бібліятэкараў БНТУ, як сведчаць артыкулы калег, — стварэнне інтэрактыўнай карты “Бібліякропкі, або 100 звестак пра бібліятэкі, якія вам невядомыя”. Мэта — распавесці пра невядомыя шырокай грамадзе паслугі бібліятэк. Але “Бібліякропкі…” пакуль знаходзяцца ў няскончаным выглядзе: шмат тэхнічных пытанняў трэба вырашыць для іх рэалізацыі. Урэшце, Вольга, Вікторыя і іх калегі спадзяюцца, што ў хуткім часе праект ажыццявіцца.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст