Першая персаналія

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Іна Булгакава — чалавек вядомы не толькі ў Беларусі. Мастачка па прызванні, яна працуе ў галіне мастацкага афармлення тканін, сцэнічных строяў, а таксама ў станковым жывапісе і графіцы. Але дызайн адзення — галоўная яе любоў.

Я знаёмы з ёй з канца 1960-х, калі Іна Барысаўна кіравала групай мадэлявання Дома мадэлей у Мінску. Потым, у пачатку 1980-х, працавала некалькі гадоў мастацкім кіраўніком Тэатра мод. Памятаю і тую кароткую старонку яе творчага жыцця, калі разам з мужам Уладзімірам Булгакавым (абое — выхаванцы Маскоўскага тэкстыльнага інстытута) працавала над эскізамі касцюмаў для “Песняроў”. Лепшыя мадэлі мастачкі ўжо ў тыя далёкія часы — у 1970 — 1980-я — былі звязаны з яскравымі прэзентабельнымі калекцыямі для замежных дэфіле. Іх галоўны матэрыял — адбелены лён з каляровымі вышыўкамі і ткацтвам у народным беларускім стылі. Атрымаўшы міжнародную апрабацыю, тыя ўзоры тканіны сёння лічацца сапраўднай класікай, тым больш вопыт работы мастачкі ў Доме мадэлей (Беларускі цэнтр мод) тады вельмі спатрэбіўся і Мінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў.

/i/content/pi/cult/581/12813/1-2.jpg

Але самае дзіўнае, што персанальная выстава Іны Булгакавай, якая зараз працуе ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, — першая ў яе жыцці! Хаця, па вялікім рахунку, на многіх паралелях і мерыдыянах планеты з поспехам прэзентаваліся яе непаўторныя сцэнічныя строі. Цяжка сказаць, колькі краін замежжа бачылі гэтыя творы: пачынаючы ад парыжскага Тэатра П’ера Кардэна, буйных гарадоў Іспаніі, Італіі, Францыі, Балгарыі, Індыі, Японіі і заканчваючы Масквой і Ленінградам — Санкт-Пецярбургам, дзе пад апладысменты гледачы сустракалі ці то вар’етэ “Летні сад”, ці то Маскоўскі балет на лёдзе ў “афармленні” Булгакавай. Я не кажу ўжо пра нашу Беларусь, дзе Іна Барысаўна афармляла касцюмы для ансамбляў “Крыжачок”, “Верасы”, “Радасць”, працавала над строямі ў нацыянальным стылі, вобразную і колеравую аснову якіх “запазычыла” ў час шматлікіх паездак па рэгіёнах Беларусі, у тым ліку побач з выдатным этнографам Міхасём Раманюком і жывапісцам Міколам Селяшчуком. Такія паездкі пазней дапамаглі Булгакавай у даследаванні этнаграфічных каранёў народнага мастацтва, што вельмі спатрэбілася ёй у будучай распрацоўцы ўласных гістарычных і сучасных строяў. Прымала яна таксама актыўны ўдзел ў распрацоўцы фасонаў адзення і для паўсядзённасці, і для рэлігійных святаў, і для алімпійцаў.

У экспазіцыі паказаны толькі некаторыя творы сцэнічнага адзення (эскізы і “ў матэрыяле”). “Праспяваць” пра сябе “на ўвесь голас”, канешне, не дазваляе невялікая выставачная пляцоўка музея. Урэшце, хачу спадзявацца, што налета буйная выстава Іны Барысаўны цалкам магла б “атабарыцца” ў Нацыянальным мастацкім музеі ці ў Палацы мастацтва. Дарэчы, і разам з творамі яе таленавітай дачкі Кацярыны, якая зараз працуе мастачкай у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

У сённяшняй жа экспазіцыі асаблівую ўвагу ўяўляюць эскізы касцюмаў Іны Булгакавай да оперы Юрыя Семянякі “Новая зямля” па матывах паэмы Якуба Коласа. Гэты спектакль Сямёна Штэйна, калі хто памятае, з вялікім поспехам у 1982 годзе быў пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным тэатры оперы і балета. Выстаўлены і маляўнічыя строі, зробленыя для Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча і Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору краіны імя Генадзя Цітовіча. Ёсць і некалькі партрэтных графічных работ, звязаных з тэатрам, у прыватнасці, з той жа “Новай зямлёй”.

/i/content/pi/cult/581/12813/1-3.jpg

Мне здаецца, галоўная заслуга Булгакавай у тым, што яна прымусіла нас інакш зірнуць і на работу сучаснага мастака-мадэльера, дадала ўпэўненасці ў тым, што ў наш складаны ультраіндустрыяльны час мастацтва касцюма здольнае захаваць эмацыйнасць і эстэтычную выразнасць паўнавартаснай творчасці, што традыцыі беларускага народнага фальклору, праз прызму якіх мастачкай успрымаюцца новыя плыні ў высокай і штодзённай модзе, ніколі не згаснуць…

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"