Мураванка на беразе Дзятлаўкі

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

На беразе ракі Дзятлаўка, перад возерам, стаіць мураваны палац былога маёнтка Радзівілаў. Ён уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Гістарычная і архітэктурна-мастацкая каштоўнасць помніка мае агульнанацыянальную значнасць.

/i/content/pi/cult/581/12811/14-2.jpgПершапачаткова ў 1508 годзе на гэтым месцы Канстанцінам Астрожскім была пабудавана драўляная земляная крэпасць. Аднак падчас Паўночнай вайны яна была разбурана. Тады ў замку знаходзілася штаб-кватэра Пятра І. Пасля Паўночнай вайны і да 90-х гадоў XVIII стагоддзя Рэч Паспалітая не ўдзельнічала ў войнах, што садзейнічала аднаўленню і развіццю гаспадаркі. На месцы драўлянай крэпасці па фундацыі Дамініка і Мікалая Фаустына Радзівілаў у 1751 годзе архітэктарам Фантана быў пабудаваны новы каменны палац-рэзідэнцыя.

Сядзібны комплекс уключаў палац, гаспадарчыя пабудовы, парк. Палац — двухпавярховы прамавугольны будынак на высокім цокалі. Спачатку быў завершаны высокім вальмавым дахам і фланкіраваны па баках трох’яруснымі вежамі з шатровымі элементамі. Планіроўка тут — традыцыйна анфіладная. Цэнтральнае месца займала двухмаршавая лесвіца, якая вяла да параднай залы. Пад будынкам размяшчаліся падвалы, перакрытыя цыліндрычным скляпеннем, і кацельня, якая ацяпляла праз унутрысценныя дымаходы.

На франтоне галоўнага фасада збераглася арнаментальна-геральдычная пластыка: ляпны гербавы картуш князёў Радзівілаў, партрэтныя барэльефныя медальёны, звівы лісця, гірлянд, драпіровак. Па перыметры будынак аперазаны міжпавярховым і завершаным карнізамі. Яшчэ ў пасляваенны час у нішах знаходзіліся скульптуры. Знешні выгляд палаца значна сказіўся стварэннем сучасных прамавугольных вокнаў. Раней яны мелі арачную форму, сляды якой яшчэ можна заўважыць на будынку. Вуглы будынка ўмацаваны контрфорсамі — своеасаблівымі рудзіментамі замкавай архітэктуры. А напрыканцы ХVIII стагоддзя вакол палаца быў створаны парк у англійскім стылі, які ўпрыгожвалі масты, павільёны, альтанкі.

Пасля ўдзелу апошняга ўладальніка Дзятлава Адама Солтана ў паўстанні 1831 года палац перайшоў у дзяржаўную ўласнасць. Спачатку быў прыстасаваны пад шпіталь, потым пад кавалерыйскую казарму. На пачатку ХХ стагоддзя ў палацы размяшчалася двухкласная школа, у 30-я гады ХХ стагоддзя — сіроцкі дом для дзяўчынак. У пасляваенны перыяд і да апошняга часу будынак быў прыстасаваны пад медыцынскую ўстанову. Сёння будынак палаца не эксплуатуецца.

Дзінара ХАРОШКА, дырэктар Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея