Музейны тыдзень у Твітары

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

За тыдзень падпісчыкі музейных твітар-акаўнтаў змогуць “пабываць” у розных музеях свету ў рамках акцыі #MuseumWeek з 28 сакавіка да 3 красавіка.

Кожны дзень — новая тэма. Напрыклад, у панядзелак, #secretsMW, музеі раскажуць пра сваё “закуліссе”. Ва аўторак, #peopleMW, можна будзе даведацца пра тыя знакавыя фігуры, якія прымалі ўдзел у стварэнні ўстаноў, а таксама пра цяперашніх супрацоўнікаў. Трэці дзень, #architectureMW, прысвечаны гісторыі будынкаў. Пра ўнікальныя экспанаты і калекцыі можна будзе даведацца ў чацвер — #heritageMW. У пятніцу, #futureMW, — першы дзень красавіка — падпісчыкі Твітара пазнаёмяцца з планамі інавацыйных праектаў музеяў. У суботу, #zoomMW, музеі будуць надаваць увагу дэталям архітэктуры і музейным прадметам, а ў нядзелю, #loveMW, работнікі распавядуць пра творы мастацтва, экспазіцыі.

Адным з першых беларускіх музеяў далучыўся да акцыі замкавы комплекс “Мір”. Па словах вучонага сакратара Ігара Ложачніка, у першы дзень музейнага тыдня падпісчыкам распавядуць пра работу касіра. А яшчэ — пра падземны ўзровень, дзе засяроджана ўсё інжынернае абсталяванне комплексу. У сераду, магчыма, — пра майстроў XVI стагоддзя і некаторыя архітэктурныя стылі.

Калі нумар рыхтаваўся да друку, было вядома, што да акцыі #MuseumWeek далучыліся Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь і некаторыя яго філіялы, Музей-сядзіба “Пружанскі палацык”, Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура.

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст