Шматгалоссе краіны

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

У Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў 22 сакавіка прайшоў гала-канцэрт пераможцаў і прызёраў агляду-конкурсу харавой творчасці “Спяваем разам”. Лепшыя 14 калектываў — пераможцы абласных і мінскага гарадскога этапаў — прыехалі ў сталіцу, каб прадэманстраваць майстэрства членам журы.

/i/content/pi/cult/579/12807/3-3.jpgАдзін знакаміты хормайстар неяк сказаў: хор — гэта правобраз ідэальнага грамадства, у якім кожны праяўляе свае здольнасці, а людзі ўмеюць чуць адзін аднаго. Супадпарадкаванымі, з “узаемазвязанымі” характарамі, эмоцыямі, настроямі і, вядома, галасамі, падаліся і ўдзельнікі канцэрта як у акапэльным выкананні, так і ў нумарах з акампанементам. Усяго ж у сёлетнім творчым спаборніцтве паўдзельнічала 90 калектываў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Агляд-конкурс праводзіўся па дзвюх узроставых катэгорыях: дзеці ад 6 да 13 гадоў і падлеткі ад 13 да 18. Асноўнымі крытэрыямі адбору сталі ансамбль, інтанацыя, строй, інтэрпрэтацыя. Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка падкрэсліла: “У старшай узроставай групе спачатку прадугледжвалася па адным першым, другім і трэцім месцы. У выніку ўзнагароды будзем уручаць па двух другіх і двух трэціх месцах, што сведчыць пра высокі ўзровень харавых калектываў. Барацьба паміж імі — напружаная: хары-лаўрэаты аддзяляе адзін ад аднаго невялікая колькасць балаў”.

Першае месца ў рэспубліканскім конкурсе “Спяваем разам” атрымалі мінскія ўзорныя хары “Вішанька” (СШ № 115) і “Фэст” (СШ № 201). Спецыяльныя прызы ад журы ўручыла дацэнт кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Тамара Слабодчыкава, якая адзначыла высокую якасць выканання песень калектывамі. А мяне ж асабліва ўразіў наваполацкі абразцовы хор “Звонкія галасы”, які заняў трэцяе месца. Мяккае, плаўнае выкананне кампазіцыі “Зорная рака” нагадала пейзажную замалёўку: тонкія галасы, якія “перацякаюць” з аднаго ў іншы, прыемная мелодыя — аж да дрыготкі па целе!..

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст