Крок у Парыж

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Прадстаўнікі Пасольства Беларусі ў Францыі, якое стала ініцыятарам і арганізатарам І Беларускіх тэатральных сезонаў у Францыі, зазначылі, што замежная публіка са шчырай цікавасцю сустрэла лірычную камедыю “Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў” Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Пра свае ўражанні, выкліканыя замежнай паездкай, журналісту “К” распавёў рэжысёр-пастаноўшчык спектакля, мастацкі кіраўнік тэатра, народны артыст Беларусі Аляксандр ЯФРЭМАЎ.

/i/content/pi/cult/579/12806/3-2.jpg— Выдатна, што Паслу Беларусі ў Францыі Паўлу Латушку ўдалося дамовіцца з адным са знакамітых парыжскіх тэатраў. Мы выступалі літаральна ў цэнтры французскай сталіцы: тэатр “Ад’яр”, пабудаваны ў 1914 годзе, знаходзіцца метраў за трыста ад Эйфелевай вежы. У старадаўнім будынку аказалася дзівосная зала на 360 месцаў, а сцэна — якраз пад нашу дэкарацыю.

Хваляваліся, перажывалі, ці збяруцца людзі, як прымуць, ці прыйдзе аўтар, які планаваў прысутнічаць на ўрачыстым адкрыцці “Беларускіх сезонаў”. На маё шчырае здзіўленне і да захаплення акцёраў, зала была перапоўненая. Да нас прыйшлі дыпламаты, прадстаўнікі рускамоўных краін, было вельмі шмат французаў. Спектакль ішоў з сінхронным перакладам. Праўда, часам адбываліся забаўныя недарэчнасці: справа ў тым, што для сінхрона быў задзейнічаны вялікі экран, на які выводзілася шмат інфармацыі, дык вось французы, бывала, смяяліся раней за рускамоўных гледачоў, бо бачылі тую рэпліку на экране раней, чым яна прамаўлялася са сцэны. Спектакль, хоць і нясціпла з майго боку так казаць, прымалі вельмі добра: разумелі, рэагавалі ў патрэбных месцах, задумваліся там, дзе патрэбна. Я ўзяў гэту п’есу да пастаноўкі таму, што яна распавядае не дакладна пра французаў, а ў цэлым пра людзей. Пра тое, што прыходзіць дастаткова сталы узрост, калі чалавек становіцца, мякка кажучы, вельмі-вельмі дарослым, жыццё змяняецца, а кахаць хочацца. Гэта п’еса пра каханне, пра яго магчымасці, пра памкненні да яго і пра праблемы, што прыносіць асобе гэта самае каханне.

Зрэшты, на роднай сцэне лірычная камедыя “Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў” ідзе вельмі паспяхова. У сярэднім яна мае 96 % напаўняльнасці залы, хоць і значыцца ў рэпертуары не першы год. Мне было прыемна, што спектакль успрымаецца французскай публікай гэтак жа, як і нашай. Я зразумеў тое, што асабіста для мяне было надзвычай важным: мы размаўляем з гледачом на адной мове, на мове драматычнага тэатра, якая зразумела не толькі ў нашым арэале.

Зазначу, што названая п’еса добра вядомая тамтэйшай аўдыторыі: яна вельмі доўга ішла ў французскіх тэатрах. Яе аўтар Жан-Клод Іслер на слыху ў тамтэйшай публікі: ён з асяродку сучасных аўтараў, якія шмат працуюць для тэлебачання і тэатра. Драматург сапраўды прысутнічаў у зале, мы з ім гутарылі, крыху высветлілі бачанне магчымасцей рэжысуры ў дачыненні да драматургіі. Спадар Жан-Клод быў крыху напружаны з той прычыны, што я злёгку змяніў фінал яго твора. Але тое мне здавалася цалкам мэтазгодным і дапушчальным. Вялікі камплімент французскаму аўтару за тое, што па тыпажы яго галоўны персанаж падобны да ганчароўскага Абломава, нагадвае ў нечым рэфлексуючых інтэлігентаў Чэхава і гэтак далей. Прачытаўшы гэтак цэнтральны характар і пабудаваўшы разам з акцёрам Аляксандрам Цімошкіным (выканаўцам галоўнай ролі) такім чынам вобраз, мне падалося, што я магу змяніць фінал. Арыгінальны быў дастаткова гуллівы, з намёкам на аднаполае каханне, чаго мне не хацелася рабіць. Я ж лічу, да самой п’есы тая тэма мела вельмі апасродкаванае дачыненне. Мы з аўтарам сышліся на тым, што ён з задавальненнем дашле мне сваю наступную п’есу. Ці буду я яе ставіць? Гэта ўжо пытанні мастацкага кшталту. Галоўнае, што бакі разышліся мірна і з узаемнай сімпатыяй.

Мне падаецца, заснаванне беларускіх сезонаў — гэта вельмі дарэчы і вельмі правільна. Традыцыі беларускага тэатра шматвяковыя і надзвычай сур’ёзныя. Прынамсі, у XVII — XVIII стагоддзях у нашым краі спектаклі граліся на сямі — васьмі мовах. Тут была высока развітая культура сцэнічнага мастацтва, існавалі паркавы, вулічны тэатры, тэатры ля рова, ля возера… Чаго каштуе хаця б тэатр, які дзейнічаў у Зорыча ў Шклове, дзе танцавалі сёстры Азарачавы. Вось тэма, якая так і просіцца ў кіно!

Зразумела, тое, што мы выехалі ў Парыж, не стане прарывам у біяграфіі тэатра і наўрад ці зменіць уяўленне еўрапейскай публікі пра Беларусь. Але гэта той неабходны рух, які абавязана рабіць мастацтва, каб адна культура пранікала ў іншую, каб знаходзілася як мага больш кантактаў да ўзаемаразумення людзей, народаў — ужо прабачце мяне за гучныя словы. Не трэба замыкацца, ствараць “нашу беларускую культуру”. Сэнс у тым, што зараз беларусы імкнуцца рабіць крокі, каб увайсці ў сусветны культурны працэс. Можа, наша паездка і не самы вялікі з іх, але ён дастаткова дастойны і слушны, з майго пункту гледжання. І тое, што ў Парыж яшчэ паедуць айчынныя тэатры, што яны будуць прадстаўляць наша мастацтва і нашу краіну — сапраўднае дасягненне.

Kultura logo-L.psd

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"