Месяц пад камерную

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

У 29-ы раз Полацк становіцца лакацыяй Міжнароднага фестывалю старажытнай і сучаснай камернай музыкі, што праходзіць з 24 сакавіка па 27 красавіка.

/i/content/pi/cult/579/12805/3-1.jpg

Ніна Сярогіна і Юргіс Алекнавічус.

Традыцыйна Полацкі фестываль пройдзе ў некалькі этапаў. Гэтым разам для слухачоў падрыхтаваны сем канцэртаў у Камернай зале Сафійскага сабора. Сваё майстэрства прадэманструюць прызнаныя публікай калектывы і салісты з Расіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Аўстрыі, Кітая.

У чацвер прафесар Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі, заслужаная артыстка Расіі Ніна Сярогіна і лаўрэат міжнародных конкурсаў, літоўскі піяніст Юргіс Алекнавічус выканалі музыку Бетховена, Пракоф’ева, Скрабіна і Дэбюсі.

Арганная і вакальная музыка XVIII — XX стагоддзя прагучыць 3 красавіка ў выкананні вядомага аўстрыйскага арганіста, прафесара Іагана Трумера і салісткі Беларускай дзяржаўнай філармоніі Тамары Рэмез.

Гістарычную дакладнасць і музычны прафесіяналізм мусіць дэманстраваць польскі барочны ансамбль “Capella Cracoviensis” праз творы Гайдна, Моцарта, Карловіча, Багдановіча 7 красавіка. У гэты ж дзень адбудзецца ўрачыстае адкрыццё XXIX Міжнароднага фестывалю старажытнай і сучаснай камернай музыкі ў Полацку.

10 красавіка адбудзецца канцэрт харавой музыкі “Спяваюць хлапчукі”, арганізаваны сумесна з Беларускім саюзам музычных дзеячаў. Хор хлопчыкаў і юнакоў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі, хары Мінскага дзяржаўнага палаца моладзі, сталічнай сярэдняй школы № 159, Дзіцячай музычнай школы № 8 імя Рыгора Шырмы — усяго каля сотні маладых выканаўцаў выйдуць на полацкую сцэну.

Наступная імпрэза арганізавана камерным аркестрам “Еўропа-Цэнтр” і салісткай канцэртнай залы Сафійскага сабора Ксеніяй Пагарэлай. 16 красавіка Полацк пачуе старажытную музыку для клавесіна і камернага аркестра. Вечар рускага раманса пройдзе 21 красавіка: у ім паўдзельнічаюць салістка Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра Ганна Бяляева (сапрана) і піяністка Юлія Перэу.

Завяршэнне фестывалю будзе прысвечана музыцы Моцарта і прымеркавана да 260-годдзя з дня яго нараджэння. 27 красавіка Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам эстонскага дырыжора Эркі Пекха і салісты, беларускі піяніст Арсеній Садыкоў і кітайскі тэнар Ван Хантао, прадэманструюць разнажанравую творчасць вялікага Моцарта.

Па словах загадчыка канцэртнага аддзела Сафійскага сабора Алены Мартынавай, кожны з 29-ці фестываляў старажытнай і сучаснай камернай музыкі ў Полацку адрозніваецца ад папярэдняга. Арганізатары заўсёды імкнуцца прывезці ў горад на Дзвіне новыя імёны, а таксама аўтарытэтаў з сусветнай музычнай прасторы. Для таго, каб зрабіць вялікае мастацтва больш даступным, было вырашана пакінуць на білеты леташнія цэны — 120 тысяч рублёў. А для тых, хто жадае наведаць усе сем вечароў, існуе цудоўная акцыя з 50-працэнтнай зніжкай на поўны білетны камплект.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст