Дзе нашы Трыстан ды Ізольда?..

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Аляксей ШАДЗЬКО, акцёр Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага, музыкант
Часам задаю сабе пытанне: “Чаму ж я не сыграў ніводнай па-сапраўднаму буйной ролі ў кіно?” Не па часе маей прысутнасці на экране, вядома, а па матэрыяле. Сціпла лічачы сябе не апошнім акцёрам на гэтай планеце, адказу не знаходжу.

/i/content/pi/cult/579/12803/5-3.jpgБалазе і не прапаноўвалася ж нічога такога — асаблівага. Цяпер не здымаюся наогул (апошняя роля — у фільме “Інсайт”, які выйшаў у 2009 годзе): няма нармальных сцэнарыяў. Клянуся, запрасі мяне выпускнік ВГИКа зняцца ў яго дыпломнай работе, дзе будуць чалавечыя дыялогі, жыццёвы сюжэт, жывыя людзі, характары, я б сам яму даплаціў за гэты праект! А сёння і малако не ратуе акцёраў ад той шкоды, якую і ім, і гледачам, і культуры наогул наносіць сучасны расійскі кінематограф (пра шэдэўры кшталту “Вострава” Паўла Лунгіна я не кажу). Ды і ўпісалiся яны ўжо ва ўсю гэтую халтуру, растварыліся ў ёй.

Вось мне тэлефануе дама: “Мы хочам прапанаваць вам ролю ў серыяле”. — “Пра што ён, як называецца?” — “Так і так”. — “Ну-у-у… — у прынцыпе, мне ўжо ўсё зразумела. — Добра, дашліце, калі ласка, сцэнарый”. — “...Навошта?.. Мы не дасылаем сцэнарыі”. — “Дык а чаго ж вы тады тэлефануеце?” — І ўсё ж прыходзіць сцэнарый на сотню старонак. Я чытаю дзве першыя — і ўвесь стос аркушаў ляціць у сметніцу. Тэлефануе дама на наступны дзень: “Ну?” — “Я змог прачытаць толькі дзве першыя старонкі”. — “Ну?” — “...Разумееце, гэта павінна быць нечуваная сума, каб я ў гэтым... зняўся. Я вам яе назаву, а вы мне скажаце: “Вы што, ачмурэлі?! Вас жа ніхто не ведае!” Дык вось, дрэнна, што мяне ніхто не ведае. А трэба чытаць сякія-такія артыкульчыкі пра мяне, ведаць маю творчасць. Вы самі знаёмыя з ёй хоць крыху?” — “...” — “А каго тады вы ведаеце? Гошу?” — “...Мы больш за такую суму вам заплаціць не можам...” — “І дзякуй Богу. Але за званок і сто старонак дзякуй”. І яшчэ гісторыя. Актрыса майго тэатра сасватала мяне ў адну карціну. Прыходжу на пробы. Памочнік рэжысёра ў гневе: “Я вам дваццаць разоў казала, а вы ўсё седзіцё! Хутка заходзьце!” Ну я ёй пару ласкавых і сказаў... Вось такое сёння расійскае кіно, якое пачынаецца са “сцэнарыяў” і хамства памрэжаў.

З Беларусі не тэлефануюць, не клічуць. Ды і дзе здымацца? У Дзмітрыя Астрахана? У нацыянальным блокбастары? У пераспевах накшталт “Белыя росы. Вяртанне”? І нібыта рэжысёры, якія атрымалі адпаведную адукацыю, у нас ёсць. Але што яны знялі? А сцэнарысты? Сцэнарый “Інсайта” Алены Калюновай быў нядрэнны. Праўда, пры стварэнні фільма яго, лічу, сапсавалі.

Якім мог бы аказацца сёння беларускі фільм? Можа, варта пакапацца ў гісторыі Радзівілаў, знайсці там цікавую плётку, казку, легенду. Каб з канфліктамі, з любоўнай лініяй. З нашымі Трыстанам і Ізольдай. Урэшце, выдумаць сюжэт, заснаваны на рэаліях таго часу. Як “Тры мушкецёры” Аляксандра Дзюма. Але каб не атрымалася так, як у апошняй экранізацыі “Ціхага Дона” Сяргеем Урсуляком, дзе казакі — нібы толькі што ад люстэрка. Дзіўная лажа для рэжысёра, які зняў “Жыццё і лёс”...

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"