Пра Коласа — з "Элегіяй"

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская паведаміла "К" пра новы праект установы, заснаваны на супрацоўніцтве з творчымі калектывамі нашай краіны і замежжа. Агульныя мерапрыемствы, да прыкладу, запланаваны з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Якуба Коласа, з шэрагам мінскіх устаноў культуры, а таксама з Дзяржаўным мемарыяльным гісторыка-літаратурным і прыродна-ландшафтным музеем-запаведнікам Аляксандра Пушкіна "Міхайлаўскае". У вялікай гасцёўні музея, як і падчас жыцця Песняра, будзе шматлюдна і цікава.

/i/content/pi/cult/579/12796/7-2.jpgРэалізацыя праекта была распачата 22 сакавіка. У Музей Якуба Коласа завітаў народны калектыў аўтарскай песні “Элегія”, які дзейнічае пры Цэнтры эстэтычнага выхавання аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вілейскага райвыканкама. Кіраўнік цэнтра і “Элегіі” Таццяна Захарыч распавяла, што супрацоўніцтва калектыву са сталічнымі музеямі — даволі сталае, але ўпершыню “Элегія”, якой спаўняецца дваццаць гадоў, прыехала ў поўным складзе.

Вілейскія госці глядзеліся і “чуліся” ў коласаўскім антуражы вельмі арганічна. Нездарма Таццяна Захарыч акцэнтавала, што “Элегія” займаецца літаратурнай аўтарскай песняй. Аналагаў па нашых рэгіянальных установах культуры я не прыгадаю. У рэпертуары калектыву — звыш за 90 твораў на ўласныя тэксты і музыку, а таксама — на вершы беларускіх паэтаў, у тым ліку і класікаў. Так што ўсё было вытанчана і велічна: і мелодыя, і словы, і пастава кожнага артыста. У складзе “Элегіі” — музыканты, паэты, мастацкія чытальнікі. На рахунку творцаў — шэсць дыскаў, леташні называецца “Песні над Віліяй”. Шмат увагі надае ансамбль мастацкаму чытанню, таму стала супрацоўнічае з акцёрам і рэжысёрам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Алегам Вінярскім.

— Функцыя “Элегіі” — асветніцкая, — кажа Таццяна Захарыч. — Мы асвятляем жыццё беларускім Словам…

Ці былі ў артыстаў складанасці з тым, каб дабрацца з Вілейкі да сталіцы поўным складам, з апаратурай, музычнымі інструментамі? Не, адказвае кіраўнік калектыву, бо супрацоўніцтва з раённымі ўладамі — шчыльнае і плённае. Старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч нават прыехала разам з “Элегіяй” і прадставіла калектыў. Хапае ў яго і фундатараў. Словам, вандроўкі ансамбля — планавыя, беспраблемныя. Ён нават у міжнародных фестывалях удзельнічае.

Актыўнасць “Элегіі” нараджае шматлікія аўтарскія праекты. Яны рэалізоўваюцца разам з Вілейскай царкоўнай дабрачыннай акругай, з дабрачынным гісторыка-культурным фондам “Крокі” памяці Першай сусветнай вайны, з беларускім радыё…

І апошняе. План па аказанні платных паслуг насельніцтву ў “Элегіі” ёсць. Ён выконваецца. Аднак, па словах мастацкага кіраўніка калектыву Таццяны Захарыч, не гэта галоўнае. Важна, маўляў, каб душа беларускасцю жыла.

На здымку: у Музеі Якуба Коласа выступае "Элегія".

Фота аўтара


Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"