Чаго жадаюць абітурыенты?

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Дык хто сказаў, што ўсе хлопцы збеглі ў ІТ-сферу?
“Музей маёй мары”, “Турыстычны маршрут маёй мары”… І калі прыдуманы студэнтам ідэальны музей наўрад ці проста матэрыялізаваць, то распрацаваць уласны турыстычны маршрут якраз даволі рэальна. Дык вось, распрацоўкай праектаў, якія маюць такія назвы, займаюцца на занятках на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе 19 сакавіка прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй для будучых абітурыентаў. Патэнцыйныя студэнты прыехалі, каб даведацца пра вучэбны працэс, інтэрнаты і стыпендыі.

/i/content/pi/cult/579/12795/7-1.jpgНа факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый рыхтуюць бібліятэкараў-бібліёграфаў (плюс — менеджар альбо метадыст) і менеджараў па культурнай спадчыне і турызме.

Падчас прэзентацыі спецыяльнасцей “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць” і “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” адразу заўважыла, што зацікаўленасць у культурных прафесіях ёсць не толькі ў дзяўчат: амаль палова прысутных у аўдыторыі — юнакі. А дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Алена Паўлава дадала статыстычны паказчык: “Цягам некалькіх гадоў працэнт юнакоў на факультэце (а гэта — блізу 30 %) не змяняецца”. Дык хто сказаў, што ўсе хлопцы збеглі ў сферу ІТ-тэхналогій?

Цікава, што за кожнай кафедрай факультэта замацаваны пэўныя рэгіёны краіны і раёны Мінска. Таму нядаўна з прафарыентацыйнай мэтай (з падрыхтоўкай адпаведнай праграмы, якая ўключае ў тым ліку гульні і квэсты) выкладчыкі са студэнтамі наведалі адну з бібліятэк Дзяржынска і магілёўскую гімназію. Плануюць паехаць бліжэйшым часам яшчэ і ў Асіповічы.

Чым прываблівае абітурыентаў факультэт, дэвізам якога можа стаць знакамітае выслоўе “Хто валодае інфармацыяй — той валодае светам”? Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Ала Фядорына адзначыла, што той чалавек, які ўмее знаходзіць, збіраць, апрацоўваць і прадстаўляць інфармацыю, заўсёды будзе запатрабаваны на рынку працы. У гэтым кантэксце старшы выкладчык кафедры менеджменту інфармацыйна-дакументнай сферы Юлія Галкоўская падрабязна апавяла аб працэсе навучання на спецыяльнасці “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць”. Будучых студэнтаў чакаюць праектная праца, семінары ў форме гульні, падрыхтоўка мерапрыемстваў для ўніверсітэта і бібліятэк…

Але ўсё ж такі большая частка абітурыентаў, як было пазначана ў спісах удзельнікаў Дня адкрытых дзвярэй, жадала даведацца пра спецыяльнасць “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны”. Па інфармацыю з’ехаліся з Барысаўшчыны, райцэнтраў (скажам, Баранавічаў, Іўя), з абласных гарадоў — Брэста і Віцебска. Яшчэ на пачатку “прадстаўлення” спецыяльнасці Алена Паўлава паабяцала, што на факультэце навучаць размаўляць па-беларуску — у якасці “бонусу” да профільнай адукацыі. Вучэбны ж працэс уключае, сярод іншых цікавостак, і наведванне рэгіянальных музеяў краіны, двойчы на год ладзяцца выезды ў нашы славутыя замкавыя комплексы, а пасля першага курса будучых музеязнаўцаў чакае практыка па археалогіі. Дарэчы, свае праекты многія студэнты робяць не толькі па-беларуску, але і на англійскай або нямецкай мовах, існуе беларуска-літоўская праграма па папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, а летась прайшоў беларуска-германскі семінар.

Былі патлумачаны і некаторыя тонкасці. Не сакрэт, што многія з абітурыентаў мараць працаваць экскурсаводамі. Але перад тым суіскальнікам такой працы давядзецца здаць экзамен на адпаведны сертыфікат. Хвалявала моладзь і “вострае” пытанне — размеркаванне студэнтаў. Як высветлілася, сярод прапаноў ад факультэта адзначыліся Смаргонь, Рагачоў, Ушачы, Гродна, Бабруйск... Дарэчы, крыху распавялі і пра лепшых выпускнікоў, якія зараз працуюць у Гомельскім абласным музеі ваеннай славы, Вілейскім раённым краязнаўчым музеі, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, у Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы… Асабліва адзначылі Дзіяну Шантар (яна родам з Шаркаўшчынскага раёна Віцебшчыны), якая некалькі гадоў у Нацыянальным мастацкім была куратарам акцыі “Ноч музеяў”.

Пасля прэзентацыі спыталася ў абітурыентаў, чаму яны бачаць менавіта музейную справу ў якасці будучай прафесіі. Чым спадабалася спецыяльнасць, тым больш заробкі — не самыя высокія?.. Больш упэўненыя адказалі, што любяць экскурсіі і мастацтва. Размову падхапіў студэнт І курса ўніверсітэта Дзяніс Хварастоў: “У мяне з’явілася цікавасць да нацыянальнай беларускай культуры. Ва ўніверсітэце я зразумеў: наша краіна мае патрэбу ў вялікім культурным уздыме”. Да ўсяго, Дзяніс упэўнены: на культуры можна зарабіць грошы, калі аднесціся да гэтай справы сур’ёзна.

Дадам, што наступным разам Дзень адкрытых дзвярэй на факультэце пройдзе 16 красавіка. А пакуль будучыя бібліятэкары-бібліёграфы ды менеджары могуць падумаць над рознага кшталту пытаннямі, бо калі ў аўдыторыі пануе цішыня падчас такіх сустрэч, становіцца неяк няёмка… І думаеш: дык чаго ж жадаюць будучыя студэнты?

Фота аўтара

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст