Выносьце смецце...

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр зрабіў тры адкрыцці адначасова. Першае — у сутарэннях свайго памяшкання адкрыў камерную сцэну. Другое — акцёра сваёй трупы Дзмітрыя Багаслаўскага, больш вядомага нават як драматурга, адкрыў не проста як рэжысёра (бо той і заканчваў нашу Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці рэжысура, і рабіў некалькі самастойных прац у розных тэатрах), а менавіта як найталенавітага пастаноўшчыка. Нарэшце, адкрыў для беларускай публікі імя сучаснага ўкраінскага драматурга Наталлі Варажбіт, паставіўшы яе п’есу “Саша, вынесі смецце”.

/i/content/pi/cult/579/12792/8-4.jpgІ спектакль, і прыдатная для яго сцэна з’явіліся па ініцыятыве ўсё таго ж Багаслаўскага. Ужо адно тое, што тэатр падтрымаў свайго выхаванца, заслугоўвае ўвагі і пашаны (часцей здараецца, на жаль, наадварот: гасцям — даверу больш). Тым больш прыемна, што сцэна аказалася не проста камернай, а менавіта эксперыментальнай, што ў іншых тэатрах сустрэнеш не часта.

Хаця, па вялікім рахунку, які тут эксперымент? Усё надзвычай проста, не выходзячы за межы мінімалізму. Але кожная дэталь, любая дробязь — усё скіравана на мастацкі вынік. Няма нічога выпадковага — дакладней, выкліканыя аб’ектыўнай сітуацыяй “выпадковасці” абыграны так, нібы ўзніклі яны цалкам заканамерна. Адна з іх — сама сцэнічная прастора. Выцягнуты пакой, трубы на столі, незразумелае металічнае збудаванне накшталт часткі апоры для лініі электраперадач, справа “ў канцы тунэля” — прыступкі, што вядуць да дзвярэй. Але такая, мякка кажучы, далёка не самая ідэальная тэатральная пляцоўка ўжо сама па сабе ўспрымаецца часткай адмыслова зробленай сцэнаграфіі (Вольга Грыцаева), задуманай акурат да гэтага спектакля. Уражанне дапаўняюць некалькі змешчаных на сценах тэлевізараў, спачатку — без выявы, з чорна-белым мільгаценнем, якое быццам “зацягвае” ў іншае вымярэнне, па той бок існавання. Героі выходзяць да стала, дзе будзе мясіцца цеста на памінальныя піражкі, — і ты адразу адчуваеш сябе прысутным не ў глядацкай зале, а ў іх кватэры. Перанясенне дзеі на могілкі вырашаецца вельмі проста: невялічкі блінец з цеста вешаецца на металічную апору — вось і помнік гатовы. А мука, што сыплецца на стол, набывае значэнне адразу некалькіх сімвалаў. Гэта і час з “пясочным” гадзіннікам, і хлеб, які асацыюецца з жыццём, і снежная зіма, што нагадвае пра смерць, і прыказка, якая вядзе да “перамір’я” паміж імі: маўляў, усё перамелецца — мука будзе. У пэўны момант “ажываюць” тэлевізары, выступаючы ў ролі “сямейнага фотаальбома”: замест “снежнай замеці” (той жа “мукі”) на экранах узнікаюць успаміны. А “Белы цеплаход”, пра які спяваецца ў вядомай песні Юрыя Антонава, чамусьці ўяўляецца вылепленым з таго ж піражковага цеста.

Але ўсё гэта не мела б ніякага сэнсу, каб не акцёрская ігра — шчырая, пранізлівая, без ценю найгранасці ці наўмыснай “гульні”, без аніякага фальшу. Акцёраў — не пазнаць, быццам у іх за плячыма зусім іншая школа. І кожны — супер-зорка: Аляксандр Пашкевіч (Саша), Любоў Пукіта (яго дарослая падчарка Аксана) і асабліва Наталля Анішчанка (жонка Каця), на якой і трымаецца практычна ўсё дзеянне і якая адразу задае яму неабходную танальнасць. Атмасферу хатняй даверлівасці не парушаюць і сцэнічныя строі. Мастачка Вікторыя Ця-Сен змяняе сваю звыклую манеру — сумяшчэння несумяшчальнага, мазаічнага злучэння кідкіх, жудасна яркіх, ледзь не флюарэсцэнтных фарбаў, якія канцэнтруюць на сабе ўвагу, адначасова адцягваючы яе ад уласна персанажаў. У “Сашы…” — усё наадварот: касцюмы быццам “не заўважаеш”, настолькі яны натуральныя. І цалкам адпавядаюць свайму прызначэнню — падкрэсліць твары, а не ўбранні, дапамагчы ўнікнуць у псіхалагічны стан герояў, для якіх у тыя моманты зусім няважна, у што яны апрануты і як глядзяцца збоку. Мы ўвогуле бачым нават не герояў, а іх аголеныя душы, для якіх вопратка нічога не значыць. І калі “душа з душою гаворыць”, таксама няважна, што жанчыны — на гэтым свеце, а мужчына — на тым. Ён не можа вярнуцца, як бы яны ні енчылі. А праз год, калі пачынаецца вайна і “шостая мабілізацыя”, ужо яны самі — супраць яго вяртання, як бы ён ні прасіўся, спасылаючыся на патрыятызм.

П’еса, напісаная па замове тэатра “Трэверс” (Шатландыя) і прысвечаная падзеям ва Украіне, магла б стаць палітызаванай “агіткай” на тэму “вайны і міра” ў іх сучасных рэаліях. Але рэжысёр акцэнтуе зусім іншае: сямейныя каштоўнасці і праца — што павінна быць у прыярытэце? Бо менавіта праца — самаахвярная, у літаральным сэнсе на “вынас цела” — забівае Сашу за першым разам (прыступ здарыўся пасля вымовы начальства). І яна ж заб’е яго — у другі, нанова. Жанчыны не згодны перажываць падвойную смерць блізкага чалавека. І яны маюць рацыю. Бо менавіта на іх трымаецца жыццё, пакуль мужчыны рвуцца да доблесцяў, подзвігаў, славы. У такім кантэксце звыклая побытавая фраза, вынесеная ў назву спектакля, таксама набывае метафарычнае значэнне: смецце можа быць і ў галаве…

На здымку: сцэна са спектакля.

Фота Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"