Фіялкі са свайго Манмартра

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Ні да аперэты І.Кальмана “Фіялка Манмартра”, ні, тым больш, да оперы Р.Штрауса “Кавалер руж” спектакль не мае ніякага дачынення. Да казкі Г.Х. Андэрсена “Кветкі маленькай Іды” — хіба толькі ўскоснае, як да аднаго з пачатковых творчых імпульсаў. Да паэзіі К.Бальмонта, вершы якога, не агучаныя, але надрукаваныя ў праграмцы, сталі эпіграфам, — больш шчыльнае. Ды ўсё ж калі і шукаць асацыятыўныя рады да аднаактовага балета-фантазіі “Баль кветак”, пастаўленага Наталляй Фурман, дык імі стануць “пластычныя кветкі” сусветна вядомага харэографа-неакласіка ХХ ст. Джорджа Баланчына, памяці якога спектакль і прысвечаны.

 /i/content/pi/cult/157/1279/Fijalki1.jpg

Паўгода таму Н.Фурман, колішняя выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе народнага артыста СССР, прафесара Валянціна Елізар’ева, была прызначана галоўным балетмайстрам Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. І “Баль кветак” — яе першая “тутэйшая” пастаноўка.
Але ж і “тамтэйшых” у яе хапае. У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры балета Беларусі ідуць два яе балеты — “Макбет”, які быў дыпломнай працай, і “Беласнежка і сем гномаў”. Запомніліся пластычныя “партытуры” Наталлі ў драматычных спектаклях “Шчаслівыя жабракі” ў ТЮГу і “Тата, тата, бедны тата...” у тэатры імя М.Горкага. Дый балетная моладзь трывала бярэ прэміі, выязджаючы на міжнародныя конкурсы менавіта з яе мініяцюрамі, у якіх ёсць дзе разгарнуцца акцёрскаму тэмпераменту.
Мае сваю перадгісторыю і цяперашні спектакль. Упершыню ён быў увасоблены ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным каледжы (“К” № 4 за 2005 г.) — спачатку часткова, потым больш разгорнута. Тэатральная рэдакцыя пашырана за кошт інструментальнай уверцюры і харэаграфічнага пралогу. Цалкам іншы каларыт надало дзеі традыцыйнае, але вельмі стыльнае сцэнаграфічнае рашэнне (мастак — Любоў Сідзельнікава). Паўнавартаснымі ўдзельнікамі балю сталі музыканты (музычны кіраўнік і дырыжор — Анатоль Лапуноў), прычым не толькі аркестр, але і ансамблі, салісты.
Прадчуванне балю ствараецца ўжо выявай палаца ў глыбіні сцэны — палаца папраўдзе балетнага, казачнага, які быццам вісіць у паветры, губляючы абрысы ў таямніча-рамантычнай смузе. Сцэнічныя строі, у распрацоўцы якіх, як зазвычай, прымала ўдзел сама Н.Фурман, страцілі ілюстрацыйнасць, нават колеравыя супадзенні з кветкавымі арыгіналамі. Затое набылі яшчэ больш умоўнасці, сімволікі, склаўшыся не ў стракаты палявы вянок, а ў адмысловы букет, вытрыманы ў класіка-рамантычнай гаме ўсіх адценняў ружова-бэзавага са святочным белым (ну проста дэманстрацыя калекцыі мод на “зададзеную тэму”!).
Гледачу быццам прапануюць ружовыя акуляры і закалыхваюць пад музыку Шапэна, Грыга і Марана ў адметным выкананні лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, стыпендыятаў

 /i/content/pi/cult/157/1279/Fijalki2.jpg

спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Прычым салісты і ансамблісты таксама знаходзяцца на сцэне, апранутыя ў такія ж адмыслова пашытыя строі. Цудоўная ідэя! Але яе можна было б і развіць, больш актыўна ўключыўшы музыкантаў ды іх інструменты (раяль і струнныя смычковыя) у агульнае відовішча. Як высветлілася, была задума змясціць іх на парталах з абодвух бакоў сцэны, а не бліжэй да закулісся, як зараз, таму застаецца спадзявацца, што задуманае здзейсніцца.
У харэаграфіі больш, чым у іншых складніках спектакля, адчуваўся недахоп рэпетыцый. Прэм’ера рыхтавалася без аніякіх адхіленняў ад звыклага рэпертуарнага графіка, усе артысты былі пастаянна заняты ў штодзённых спектаклях, без пропускаў у афішы на паўнавартасныя сцэнічныя прагоны. Але гэта не перашкодзіла стварыць у балеце, не скіраваным да сюжэта, сваю “інтрыгу”, прыхаваную ўжо ў яго неакласічнай эстэтыцы. У спектаклі пануе зачараванне прыгажосцю, балетнай, калі хочаце, “скульптурай”, дзе перавага аддаецца не руху, а застылым позам (як тут не ўзгадаць гётэўскае “Спыніся, імгненне!”). І глядзець яго трэба акурат так, як мы кідаем вокам на кветкі, шукаючы ў іх падтрымку свайму настрою.
Больш яркімі па пластычным малюнку атрымаліся Гіяцынты, Крокусы, а не лейтматыўныя з’яўленні Маку і нават не кульмінацыйныя, паводле логікі, Ружы. Юначай непасрэднасцю, прагай танцаваць і жыць у танцы запомнілася абаяльная Вікторыя Трэнкіна (Маргарытка), спалучэннем дасканаласці і імкнення да яе — Рына Івакіры (Лілія) і Кірыла Фурман (Ландыш).
Другое аддзяленне складае канцэрт “Шэдэўры сусветнай харэаграфіі”. У ім радуешся заўзятым скокам Рыгора Крукоўскага ў гапаку з “Тараса Бульбы”, бездакорным фуэтэ Р.Івакіры, не па ўзросце ўпэўненым мужчынскім падтрымкам Генадзя Жукоўскага (у астатнім яму яшчэ расці ды расці), засмучаешся з надта “буйнога штрыха” Антаніны Максімовіч у Варыяцыях Эсмеральды. Але галоўнае — задумваешся над будучым балетнай трупы тэатра.
У гістарычным мінулым застаўся і яе выключна “ўжытковы” перыяд, калі артысты балета былі задзейнічаны адно ў аперэтачных канканах, і магчымасць стаць “па сумяшчальніцтве” не толькі “малым акадэмічным” балетным тэатрам з “дайджэст”-пераказамі класікі, але і адметнай мадэрн-трупай, узяўшы за “эмблему-візітоўку” выбітныя пастаноўкі Раду Паклітару, таксама выхаванца В.Елізар’ева. На шчасце, мінула і нядаўняя “часіна заняпаду”, калі ў тэатры ўжо не працавалі вядучыя салісты дый большасць трупы, пачынаючы з галоўнага балетмайстра Ніны Дзьячэнка. Таму хочацца верыць, што надыходзіць эпоха Рэнесанса. Трупа папаўняецца і зусім юнымі навучэнцамі харэаграфічнага каледжа, і вядомымі танцоўшчыкамі — накшталт народнай артысткі Беларусі Кацярыны Фадзеевай, якая некаторы час таму пакінула Вялікі тэатр, саступіўшы месца новым балетным пакаленням. Моцнае “другое дыханне” мог бы атрымаць на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра і заслужаны артыст краіны Аляксандр Фурман, які пакуль працуе асістэнтам балетмайстра-пастаноўшчыка.
Ды ўсё ж такі якім шляхам пойдзе трупа “пасля балю”, скінуўшы “ружовыя акуляры”? Ці знойдзе свой твар? Без класікі, вядома, не абысціся — хаця б дзеля падтрымкі “спартыўнай формы” артыстаў. Але гэта могуць быць не абавязкова цэласныя спектаклі, для якіх, здараецца, цяжкавата знайсці адпаведных салістаў. Чаму б часцей не практыкаваць канцэртныя праграмы, у тым ліку сучасныя, рознастылёвыя, дзе для кожнага можна знайсці нумар па сілах? На прэс-канферэнцыі было заяўлена пра жаданне аднавіць авангардна-жартоўны спектакль “In pivo veritas”. Але наколькі гэта рэальна без удзелу Р.Паклітару і тых салістаў, на якіх ён яго ставіў? Ці не прасцей і перспектыўней пашукаць штосьці сваё — у разліку на цяперашні склад?
Падаецца, “каньком” Н.Фурман з’яўляецца не столькі яе ўласна харэаграфічнае мысленне, колькі — агульнамастацкае, заснаванае на пластыцы ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. Невыпадкова яна так удала працуе з драматычнымі артыстамі, з “пластыкай” тканіны, сцэнічных строяў. Дык чаму б не развіваць гэта і надалей? Тым больш, што дадзены тэатр з яго жанравай характарнасцю, магчымасцю пародыі дае для гэтага ўсе падставы.

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымках: сцэны з балета “Баль кветак”.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА