Дзяржаўныя ўзнагароды

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г


Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 сакавіка 2016 года № 110, вялікая група работнікаў розных сфер удастоеная дзяржаўных узнагарод за шматгадовую плённую працу, у прыватнасці, за заслугі ў развіцці навукі, адукацыі і культуры.

Так, медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджана першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок. Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаныя акцёр кіно, тэлевядучая, член грамадскага аб’яднання “Беларуская гільдыя акцёраў кіно” Святлана Бароўская, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч і вядучы майстар сцэны тэатра-студыі кінаакцёра Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” Вера Палякова-Макей.

Акрамя таго, згодна з Указам, ганаровага звання “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь” удастоены вядучыя майстры сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Тамара Мужэнка і Ірына Нарбекава.

 

29 сакавіка падпісана пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 252, паводле якой, у прыватнасці, Ганаровай граматай за актыўную творчую дзейнасць і высокі ўзровень выступлення на пляцоўцы Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь на Сусветнай выстаўцы “ЭКСПА-2015” у Мілане (Італьянская Рэспубліка) заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Выцінанка” ўзнагароджана дзяржаўная ўстанова культуры “Столінскі гарадскі Дом культуры”.