Агрэсія замест харызмы?

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Мікалай КІРЫЧЭНКА, народны артыст Беларусі, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дацэнт кафедры акцёрскага майстэрства Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў

/i/content/pi/cult/581/12772/1-2.jpgЯ выкладаю больш за 35 гадоў. І бачу, як змяняюцца студэнцкія пакаленні. З узростам прыходзіць разуменне, што не ўсё так дрэнна, як, магчыма, камусьці ўяўляецца. Так, цяперашняя моладзь іншая, але яна не можа і не павінна аказацца такой, якімі былі калісьці мы. Галоўнае — не дапусціць разбурэння ў яе духоўных асноў, бо гэта адаб’ецца на ўсім грамадстве.

Раней я быў больш катэгарычным: маўляў, вось так — правільна, а гэтак — не. Імкнуўся вучыць па прынцыпе: “рабі, як я”. А цяпер кажу інакш: “Верагодна, гэта магчыма. Але я “не даганяю”. Хочаце рабіць па-свойму? Рабіце. Але ўсё павінна быць пісьменна, аргументавана”. Таму цяперашніх спашукальнікаў прафесіі “акцёр” вучу ва ўсім шукаць матывіроўку: чаму герой дзейнічае менавіта так, а не інакш. Каб знайсці адказ, трэба “выціснуць” усё магчымае з аўтарскага тэксту, узяць усё, што нясуць іншыя персанажы, нарэшце, нават нафантазіраваць, але абавязкова зразумець: дык чаму — чаму мой герой робіць так?

Моладзь нельга “заганяць” у наша мінулае. Кожнае наступнае пакаленне фарміруецца самім жыццём, а тое не стаіць на месцы. І менавіта ў гэтым трэба шукаць першапрычыны найбольш глабальных змен: моладзь не проста чымсьці адрозніваецца, яна мысліць інакш, чым мы. Але чаму гэта адразу дрэнна? Ва ўсім трэба бачыць два бакі. Вось Інтэрнэт значна палегчыў сам працэс здабывання ведаў. У Сеціве можна знайсці адказ на ўсё (правільны ці не — гэта ўжо іншае пытанне), там выкладзены многія цікавыя аўдыя-, відэазапісы, што было недаступна раней. Але ёсць і спакуса капіравання — што называецца, літара ў літару, без аніякага асэнсавання і тым больш пераасэнсавання. На тое ж працуе і кліпавасць мыслення: яна толькі пазначае падзеі ці дзеянні, але не паглыбляецца ў іх. Затое зрушвае тэмпарытм, адпавядае хуткасці сучаснага жыцця.

Трывожыцца трэба за іншае. Асабіста мяне больш за ўсё пужае тая агрэсіўнасць, што ўзрастае ў грамадстве. Справа не адно ў праславутых “стралялках” на ТБ, што прывялі да перайначвання гогалеўскай цытаты з “Мёртвых душ”. Бо гледзячы на бясконцы крымінал, што транслюецца з экрана, міжволі ўзнікае думка: і які ж расіянін не трымае ў кішэні пісталет? Вядома, могуць быць і жорсткія сцэны, але цяпер іх надта многа. І становіцца ўсё больш! А самае страшнае — агрэсія пранікае паўсюль, нават у саму інтанацыйнасць маўлення. Звярніце ўвагу, якім злавесным голасам расійскія тэлевядучыя часам чытаюць звычайную інфармацыю, з якой агрэсіўнасцю падаюць некаторыя навіны. Агрэсія падмяняе паняцці энергетыкі, харызмы, актыўнай жыццёвай пазіцыі. І становіцца ледзь не нормай!

Будзем шчырымі: тое “мардабойства”, што пануе на шматлікіх расійскіх ток-шоу, — гэта свайго роду бізнес. Бо пасля гэткіх “неінтэлігентных” сцэн самы час запускаць рэкламу, якая і прыносіць прыбытак. Але як пасля ўсяго гэтага казаць пра добрае-вечнае? Вось у чым пытанне.

Тэатру неаднойчы прадракалі сумны фінал: маўляў, сыйдзе гэта мастацтва ў нябыт. Так казалі і тады, калі з’явілася кіно, і пазней, калі толькі нараджалася тэлебачанне. Але тэатр — жыве. І застаецца тым асяродкам для душы, той духоўнай прасторай, што супрацьстаіць іншым рэаліям жыцця і абуджае ў чалавеку яго лепшыя якасці. Заклікае адчуваць, перажываць, думаць, параўноўваць, “дамалёўваць”. Прапануе гледачу тую ступень умоўнасці, пры якой нават самыя, здавалася б, рэалістычныя сцэны ператвараюцца ў асацыятыўныя. Што ні кажыце, а тэатр — штука вечная.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"