Атрымаць сайт… задарма?

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Без сайтаў, як і без Інтэрнэту наогул, у наш час, што называецца, нікуды, а ў сферы культуры — і пагатоў. Дзе яшчэ дэманстраваць свае дасягненні грамадзе, набыткі і паслугі, прадстаўляць фонды і экспазіцыі, запрашаць на імпрэзы, браніраваць экскурсіі або наладжваць зваротную сувязь з наведвальнікамі ды калегамі? Без уласнай інфармацыйнай пляцоўкі гэтага не дасягнеш, а карыстацца старонкай мясцовага райвыканкама і публікаваць там навіны бібліятэчнага, клубнага ці музейнага жыцця — гэта пазаўчарашні дзень. Але колькі каштуе такі сайт? І ці не стануць сайты для ўстаноў культуры на вагу золата ў плане выдаткаў?

Усе пералічаныя пытанні — не надуманыя, як можа падацца на першы погляд, а актуальныя і надзённыя, асабліва для бібліятэкараў. Нагадаю, што адна з задач, пастаўленая перад супрацоўнікамі сферы і прапісаная ў Дзяржаўнай праграме “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады — павелічэнне колькасці наведвальнікаў бібліятэк (у тым ліку і аддаленых карыстальнікаў праз Інтэрнэт) праз пяць гадоў на 20 % у параўнанні з 2015 годам. Так што бібліятэкам хоцькі-няхоцькі падобныя сайты рабіць усё адно давядзецца.

Між тым стварэнне падобнага партала — справа не такая ўжо і лёгкая, асабліва з улікам таго, што ў тыпавых штатах устаноў культуры дасюль не ўведзены такія адзінкі, як праграміст ці вэб-дызайнер. Ды і не пойдуць такія спецыялісты ў бібліятэкі ці музеі, бо ў прыватных фірмах заробкі, як вядома, на колькі парадкаў вышэйшыя, чым у дзяржаўных. Да таго ж не варта забываць, што грошай пад стварэнне сайтаў для дамоў культуры, бібліятэк ці музеяў у мясцовых бюджэтах звычайна не прадугледжваецца. Тым больш сёння, у часы аптымізацыі…

Але ў такім выпадку можна пайсці яшчэ адным шляхам: стварыць сайт з дапамогай сваіх спецыялістаў, як, скажам, зрабілі ў Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна. Па словах кіраўніка ўстановы культуры Ілоны Сарокінай, на сёння бібліятэкары маюць ужо трэці варыянт сайта, які робіцца, у асноўным, сіламі галоўнага інжынера Антона Драздова. Ён жа аказвае кансультацыйную дапамогу тым райбібліятэкам вобласці, якія хочуць займець свае старонкі ў Сеціве. Так, на сёння сайты ёсць у 15 цэнтральных раённых бібліятэк Магілёўшчыны. Па словах Антона Анатольевіча, ён у свой час скончыў Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, таму з сайтамі абыходзіцца ўмее. А напаўняць партал яму дапамагаюць супрацоўнікі аддзела інфармацыйных рэсурсаў установы культуры. Аплата ж даменнага імені і хостынгу для іхняга сайта library.mogilev.by не такая ўжо і вялікая — блізу 200 — 300 тысяч рублёў на год. Падобная сума выстаўляецца і тым райбібліятэкам, якія займелі сайты цягам апошніх гадоў, і для іх яна цалкам пасільная.

Што ж, падобны шлях — таксама правераны і апрабаваны на практыцы ў многіх раёнах Беларусі. Праўда, добрай навігацыяй і візуальнымі магчымасцямі пахваліцца падобныя сайты наўрад ці могуць, бо гэта ўжо зусім іншы ўзровень праграмавання. Але “крутыя”, — маю на ўвазе прафесійныя — сайты ў рэгіянальных установах культуры сёння ёсць. Скажам, нядаўна такі партал займеў Музей Максіма Багдановіча ў Гродне — літаратурны аддзел абласнога Дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.

Названы сайт, які размяшчаецца па адрасе bagdanovichmuseum.by, не толькі мае лёгкую і зручную навігацыю для наведвальніка, але і змяшчае шмат карыснай інфармацыі. Тут можна паслухаць песні на вершы паэта, пачытаць яго выбраныя творы, а таксама даведацца пра музейныя экскурсіі і нават замовіць іх праз Інтэрнэт. Сайт для ўстановы культуры створаны гродзенскай вэб-студыяй “Іквадарт”, прычым абсалютна бясплатна. Падарунак музейшчыкам дастаўся даволі важкі: кошт падобнага партала, як сцвярджае дырэктар студыі Глеб Койпіш, нашмат большы за тысячу долараў. Дакладную лічбу кіраўнік не прывёў, спаслаўшыся на камерцыйную тайну. Але і так зразумела, што сайт зроблены, што называецца, не за рубель: над ім цягам года працавала група спецыялістаў вэб-студыі, а таксама супрацоўнікі самой установы культуры.

Цікава, што раскрутка новага сайта адбылася імгненна: толькі за першы дзень спасылку на яго перапосцілі ў сацыяльных сетках больш за 200 чалавек. Значыць, праца праграмістаў і дызайнераў была недарэмнай, а музейны сайт стаўся запатрабаваным у наведвальнікаў. Застаецца чакаць, што стануць больш запатрабаванымі таксама і экскурсіі ў Музей Максіма Багдановіча ў Гродне, бо, натуральна, дзеля гэтай мэты названы сайт і ствараўся…

Дарэчы, па словах Глеба Койпіша, хоць для ягонай студыі прыярытэтам застаюцца камерцыйныя праекты, яны плануюць працягнуць працу ў сферы беларускай культуры і ствараць па адным падобным культурным праекце на год. Дык каму яшчэ з музейшчыкаў, бібліятэкараў і клубнікаў Беларусі патрэбны свой сайт? Адрас для прапаноў на сёння — вядомы…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"