Зніжкавая “ліхаманка”

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

Азартныя “гульні” для культурных людзей: дысконт і прома для тэатральных білетаў

Нікога не здзівіш гучнымі акцыямі ў шоу-бізнесе. Каб лепш разыходзіліся білеты, менеджары ды піяр-агенты гатовы на многае: і ранняе браніраванне па больш танным кошце, і распродаж рэшткаў білетаў па “салодкай” цане перад самым канцэртам. Нават могуць прапанаваць купіць адзенне ў пэўнай краме на вызначаную суму ў чэку і атрымаць магчымасць патрапіць на выступленне артыстаў. Прафесійныя тэатры доўгі час трымаліся ў баку ад такіх прыёмаў. Аднак няпростыя фінансавыя ўмовы ды жорсткія законы рынку змушаюць і іх звяртацца да найноўшых маркетынгавых хітрыкаў.

Ліст з тэатра

Сухая статыстыка даводзіць тэндэнцыю мінулага года: беларусы працягваюць эканоміць на забавах, у прыватнасці радзей наведваюць храмы Мельпамены. Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, летась, у параўнанні з 2014 годам, нашы тэатры не далічыліся 100 тысяч наведвальнікаў. І сапраўды, глядзельныя залы пачалі непрыемна раз-пораз свяціцца пустымі месцамі нават на тых спектаклях, якія не так даўно рабілі поўныя зборы. План напаўняльнасці залаў для тэатраў ніхто не адмяняў, таму адміністрацыі творчых калектываў і даводзіцца шукаць нестандартныя варыянты прыцягнення публікі.

Першы намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімір Рылатка мяркуе, што ў час эканамічных складанасцяў можна нешта скараціць, на нечым сэканоміць, але нельга згубіць галоўнае — продажы. Справа ў тым, што традыцыя хадзіць у тэатр напрацоўваецца гадамі, але звычка абыходзіцца без яго замацоўваецца куды хутчэй. Таму гледача нельга адпускаць, у барацьбе за яго неабходна выкарыстоўваць усе магчымасці і бонусы. Напрыклад, Вялікі прапануе сертыфікаты на пакупку білетаў. “Сёння хуткасць зносін з аўдыторыяй павінна быць у дзесяць разоў вышэй. Глядач патрабуе індывідуальнай працы, — запэўнівае Уладзімір Пятровіч. — Прынамсі, калі зазначаем, што той ці іншы прыйшоў пяць разоў у тэатр, пачынаем пісаць яму лісты, індывідуальна запрашаем, часам дасылаем друкаваную прадукцыю. Каб чалавек адчуў увагу да сябе”.

Час ад часу тэатр ладзіць акцыю “Білет за паўцаны”: у дзень спектакля пасля 16.00 у касе Вялікага можна набыць “пропуск” у залу танней. На маё хваляванне, ці не справакуюць такія імпрэзы спад папярэдніх продажаў і, адпаведна, чэргі ля касы перад пачаткам дзеяння, першы намеснік дырэктара Вялікага тэатра зазначыў, што на любую іх назву ў афішы ў першую чаргу разыходзяцца самыя дарагія месцы. Тыя, хто можа дазволіць сабе іх набыць, не будуць адкладваць справу на апошні момант. “Сёння людзі хочуць не толькі далучыцца да прыгожага, але гэтае прыгожае яшчэ разгледзець ва ўсіх падрабязнасцях. Таму наша зніжкавая акцыя хутчэй сацыяльная, накіраваная на падтрымку не такіх заможных тэатралаў”, — запэўніў суразмоўца.

Спроба — не хвароба

Не ўсе тэатральныя дзеячы пазітыўна ставяцца да вышуку новых маркетынгавых хадоў. Напрыклад, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Валерый Анісенка з запалам адстойваў меркаванне, што тэатр на першае месца мае ставіць творчасць.

“Акцыі — гэта ўсё ад беднасці. Тэатр — адмысловая атмасфера, спецыфічнае мастацтва, і нельга ператвараць яго ў нешта іншае. Падкрэсліваю — не камерцыйны забаўляльны цэнтр, а мастацтва! Там ацэньваецца не гучнасць дэцыбелаў, а паўза, цішыня. На жаль, частка тэатраў гібее, бо ім трэба гнаць вал, каб зарабіць грошай… Творцам не стае часу далучыцца да тэатра”, — шкадуе ён. Рэжысёр упэўнены, што публікі пабольшае, калі тэатр будзе займацца яе выхаваннем. І ў прыклад прыводзіць дырэктара Магілёўскага абласнога тэатра драмы Андрэя Новікава, які за 11 гадоў існавання Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М@рт-кантакт” падрыхтаваў гледача. “Горад сапраўды змяніўся!”, — як сталы госць фестывалю зазначае Валерый Данілавіч.

Думка майго суразмоўцы бясспрэчная і слушная. Але тэатры пастаўлены сёння ў жорсткія рамкі рынкавых адносін, таму, пакідаючы недакранальным творчы імпэт рэжысёраў, адміністрацыя вымушана круціцца, каб па максімуму запоўніць месцы...

Дарэчы, менавіта рэгіёны тая зніжкавая “ліхаманка” амаль не закранула. Мяркуючы па сайтах калектываў у абласцях, праграмы “лаяльнасці да пакупнікоў” не карыстаюцца папулярнасцю ў адміністрацыі. Прынамсі, галоўны адміністратар Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра Алена Васькова зазначае: хоць у Гомелі і чытаюць пра падобныя сталічныя з’явы і прыглядаюцца да іх, але пакуль не спяшаюцца браць “на ўзбраенне”. “Мы больш працуем з рэгіянальнымі мас-медыя, прадастаўляючы ім білеты на нашы спектаклі для розыгрышу ў якой-небудзь віктарыне ці конкурсе”, — дадае Алена Мікалаеўна.

1+1 = 3

У адрозненне ад рэгіёнаў, сталічныя жыхары прызвычаіліся шукаць акцыі, многія звяртаюцца на адмысловыя сайты, дзе можна сэканоміць “кроўныя”, набыўшы купоны на розныя віды паслуг — і тэатр тут не выключэнне. Заходжу на вэб-дысконт і прадказальна знаходжу безліч антрэпрыз з бліжэйшага замежжа. На пастаноўкі з расійскімі зоркамі прапануюць білеты за палову цаны. Мяркуючы па размешчаных тут лічбах, тыя купоны добра разбіраюцца.

Сярод гучных афішных назваў адшукала адну беларускую: прэм’еру Маладзёжнага тэатра эстрады “Прынц — залатыя вушы”. Як распавяла спецыяліст па рэкламе ўстановы Яна Голубева, прапанова размясціць свае білеты паступіла непасрэдна ад дысконтнага сайта. Тэатр на спробу выставіў 10 кодаў (кожны прадугледжваў набыццё двух білетаў па цане аднаго). Пазіцыі адразу былі выкуплены, таму тэатр пагадзіўся паўтарыць акцыю на чарговы паказ. Спецыяліст па рэкламе падкрэсліла, што канцэртны аддзел тэатра яшчэ да гэтага супрацоўніцтва выступіў з ініцыятывай стварэння бонуснай праграмы, каб узняць цікавасць гледача да тэатра. “З восені мы пачалі распрацоўваць палажэнне па зніжках. Зараз дакумент вывучаюць нашы эканамісты і юрысты. Мы мяркуем стварыць сістэму разнастайных абанементаў і акцый. Зніжкі не будуць сталымі, хутчэй выкарыстаем іх у якасці падтрымкі тых пастановак, на якія пакуль попыт менш. Верагодна, палажэнне пачне дзейнічаць з новага сезона,” — дадала суразмоўца.

У адрозненне ад папярэдняга калектыву, Сучасны мастацкі тэатр ужо ўвёў абанементную сістэму. Па словах менеджара па рэкламе і PR Аляксандры Кот, з пачатку бягучага сезона тут дзейнічае клубная картка. Яна дае магчымасць на працягу месяца прыйсці на любы спектакль, набыўшы білет з 5-працэнтнай зніжкай, а таксама наведаць прапанаваную тэатрам бонусную пастаноўку, на якую два білеты будуць каштаваць, як адзін. Аднак суразмоўца прызналася, што дадзеная праграма дзейнічае не так добра, як на яе разлічвалі. “Магчыма, справа ў тым, што чалавеку складана загадзя падлічыць, ці зможа ён у дадзены месяц некалькі пэўных вечароў прысвяціць тэатру, — разважае спадарыня Аляксандра. — У нас лепш ідуць карпаратыўныя заяўкі, калі пры набыцці больш як дзесяці білетаў кліент атрымлівае зніжку ад 7 да 10 %. Аднак упэўнена, што такія клубныя карткі яшчэ “выстраляць”. Да нас усё ідзе з Расіі, і там ужо актыўна карыстаюцца падобным бонусам. А калі браць глыбей, то дадзеная сістэма лаяльнасці да наведвальніка была даўно распрацавана ў Англіі, і, як паказвае час, — дзейнічае яна вельмі удала”.

Асабіста мне хочацца толькі дадаць, што нізкі запыт на клубныя карткі магчымы з той прычыны, што сам тэатр не займаецца іх актыўным прасоўваннем. Пра існаванне дадзеных “вяршкоў” можна даведацца толькі ў тым выпадку, калі адмыслова зайсці на сайт творчага калектыву. Мяркую, прывесці больш прыхільнікаў у клуб СМТ дапамагла б гучная прома-акцыя...

Карпаратыў як спосаб існавання

— Усе механізмы, якія выкарыстоўваюцца ў гандлі, вытворчасці, рэкламе, даводзіцца праецыраваць на свае ўмовы і нам пры продажы білетаў на спектакль. Сёння нельга проста пакласці білеты ў касу — мы павінны шукаць новыя формы ўзаемадзеяння з гледачом, — заявіў на адной з прэс-канферэнцый дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі.

І сапраўды, РТБД пад кіраўніцтвам новага дырэктара стаў проста флагманам па стварэнні шматлікіх кірункаў прыцягнення публікі. Восенню ў тэатры пачалі актыўна абмяркоўваць, якія новыя паслугі можа прапанаваць тэатр. У выніку ўзнік цэлы шэраг варыянтаў. Тут і групавыя заяўкі са зніжкай да 16,7 %, і абанементы “Тэатральны 3+1” (пры набыцці на працягу месяца трох білетаў на розныя спектаклі РТБД чацвёрты, бонусны спектакль на свой выбар можна наведаць бясплатна), і білеты ў падарункавым афармленні, і праграма “Тэатральны месяц з РТБД”, у рамках якой можна па спецыяльным кошце набыць уваходныя на арганізацыю (пры умове, што білетаў на розныя спектаклі з афішы пэўнага месяца будзе не менш як дзесяць).

Напярэдадні навагодніх святаў пачала дзейнічаць Карпаратыўная праграма. “Яна карыстаецца папулярнасцю, — зазначае прэс-сакратар РТБД Святлана Латышава. — Напрыклад, да Міжнароднага жаночага дня было замоўлена тры карпаратывы. Пакуль мы прыглядаемся, шукаем варыянты яе выканання, магчыма, у наступным сезоне праграма злёгку зменіцца”. Зараз арганізацыям прапануюць выкупіць пад сваё свята залу (200 месцаў). Такім чынам, на спектаклі прысутнічаюць толькі калегі, для якіх да пачатку спектакля можна зладзіць урачыстасці (гэтая частка імпрэзы застаецца на кошце заказчыкаў) ці правесці фуршэт у арт-прасторы. Святлана Латышава зазначае, што на адно з такіх мерапрыемстваў завіталі людзі, якія ніколі да гэтага не былі ў РТБД, значыцца, праграма дапамагае прыцягнуць новых гледачоў да нацыянальнага сцэнічнага мастацтва.

Карпаратыўная праграма прадугледжвае спецыяльны кошт на білеты, па якія не трэба ехаць — іх даставіць тэатральны адміністратар адразу ў офіс. Калектыў нават ідзе на тое, каб па запатрабаванні выязджаць да заказчыка і граць спектакль у іх зале… Шчыра кажучы, такое заляцанне тэатра з публікай падаецца асабіста мне нават залішнім. РТБД мае вялікую небяспеку атрымаць у выніку замест іміджу творчай лабараторыі сталую асацыяцыю з тымі самымі карпаратывамі… Урэшце, з іншага боку, клопат пра эканоміку і развіццё ўстановы скідваць з рахункаў таксама не варта.

Палёты ў сне і наяве

Не так даўно ледзь ці не з кожнага праса гучала акцыя “Белавія”, калі апошняя выставіла небывалыя зніжкі. У выніку за некалькі дзён беларусы выкупілі каля 37 тысяч білетаў. Па размовах шматлікіх знаёмых я зразумела, што вялікая частка тых пакупнікоў папярэдне нікуды ляцець не збіралася, аднак не змаглі прайсці міма атракцыёну небывалай шчодрасці. Упэўнена, такой колькасці кліентаў без гучнай рэкламнай кампаніі нашы авіялініі не пабачылі б. Канешне, тэатрам падобнага пад’ёму пакупніцкай здольнасці марна чакаць, але і яны могуць разварушыць публіку, якая пачала эканоміць на культурным адпачынку.

Памятаю, як у інтэрв’ю “К” дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Эдуард Герасімовіч скардзіўся, што гастралёры з бліжэйшага замежжа вымываюць грошы ў айчыннай аўдыторыі. Маўляў, людзі гатовы аддаць любую суму за зорнае імя, а на сваіх акцёраў ужо не застаецца. Магчыма, у такой сітуацыі акцыі (якія абавязкова трэба гучна рэкламаваць) дапамогуць вярнуць гледача, бо псіхалагічна вельмі добра спрацоўвае адна магчымасць сэканоміць. Публіка любіць гульні, дык чым не азарт паспець набыць абмежаваную партыю білетаў па прынцыпе, напрыклад, “1+1=3” ці “два па цане аднаго”? Зрэшты, ёсць вялікая катэгорыя людзей, якія спецыяльна ловяць зніжкі, акцыі і гэтак далей. На такіх пакупніцкіх інстынктах даўно пабудаваны пэўныя стратэгіі ў замежным гандлі (тыя ж праславутыя “чорныя пятніцы”, зніжкі на калекцыі мінулага сезону).

Мяркую пачуць у адказ заўвагу, што білеты ў айчынныя тэатры і так на мяжы, якая дазваляе трымацца тэатрам на плаву — калі выставіць зніжкі, дык ці ўвогуле будзе прыбытак? Згодна, дык ніхто і не кажа пра татальнае зніжэнне кошту. Аднак, упэўнена, можна на карысць пастаноўкі выставіць абмежаваную колькасць пазіцый, стварыць акцыі напярэдадні спектакля, калі ў касе бачна, што значная колькасць білетаў застанецца мёртвым грузам… Вось і магчымасць забіць двух зайцоў адразу: і дадаткова прагучаць у мас-медыя, і дапамагчы рэшткам уваходных знайсці свайго шчаслівага ўладальніка.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"