Профі ці вольны мастак?

№ 14 (1244) 02.04.2016 - 09.04.2016 г

30 красавіка ў Мінску ў прэс-цэнтры Беларускага тэлеграфнага агенцтва адбылася прэс-канферэнцыя “Праект Кодэкса Беларусі аб культуры: асаблівасці і навацыі”.

Навацый у “Кодэксе…” сапраўды даволі шмат. Пра многія з іх “К” ужо неаднойчы пісала, а пра некаторыя было згадана падчас мерапрыемства ўпершыню. Напрыклад, праект Кодэкса аб культуры прадугледжвае, што статус творчых работнікаў — членаў творчых саюзаў — будуць пацвярджаць самі гэтыя саюзы. А вольныя мастакі маюць звяртацца па пацвярджэнне статусу ў экспертную камісію пры Міністэрстве культуры краіны. У яе склад уваходзяць старшыні або прадстаўнікі творчых саюзаў, спецыялісты вышэйшых навучальных устаноў краіны ў галіне культуры ды Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Галоўным крытэрыем пры выдачы сертыфіката творчым работнікам будзе найперш прафесіяналізм, зазначыла падчас прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга.

— Будзе звяртацца ўвага на высокі мастацкі і прафесійны ўзровень творчасці, — сказала Ірына Дрыга. — Акрамя таго, важна, каб работы прэтэндэнтаў былі прэзентаваны публічна.

Таксама адна з новых нормаў Кодэкса аб культуры прадугледжвае, што грамадскія назіральныя камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны будуць надзелены правам уносіць уласніку (уладальніку) гісторыка-культурнай каштоўнасці прапановы аб ліквідаванні парушэнняў заканадаўства і інфармаваць пра такія парушэнні дзяржаўныя органы. Такім чынам значна пашыраецца ўдзел грамадства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны краіны, зазначыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Наталля Кучынская. Акрамя таго, дакументам прадугледжана стварэнне рэестру археалагічных артэфактаў, якія на 18 сакавіка 2016 года знаходзіліся ў валоданні грамадзян і юрыдычных асоб.

— Варта сказаць, што на сённяшні дзень усе нормы Кодэкса, якія тычацца аховы археалагічнай спадчыны, прыведзены ў адпаведнасць з Указам Прэзідэнта краіны № 485 ад 14 снежня 2015 года, — паведаміла Наталля Кучынская. — Да таго ж дакументам рэгламентаваны пытанні ўліку археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў, прадугледжана стварэнне абласных камісій па археалагічных аб’ектах і артэфактах, якія будуць упаўнаважаны прымаць рашэнні аб аднясенні матэрыяльных аб’ектаў да археалагічных аб’ектаў і (або) артэфактаў.

Сярод іншых навацый, якія прагучалі падчас прэс-канферэнцыі, варта адзначыць і такую: у якасці абавязковай умовы для стварэння музея ў нашай краіне Кодэксам вызначана магчымасць заснавальніка падобнай установы культуры ўвесці штатную адзінку (адзінкі) музейнага работніка. Таксама дакументам уводзіцца паняцце “цэнтралізаванае мерапрыемства”, да якога аднесена культурнае мерапрыемства, якое ладзіцца па рашэнні дзяржаўных органаў і поўнасцю або часткова фінансуецца з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў.

Нагадаем, дэпутаты разгледзяць Кодэкс аб культуры ў другім чытанні на сёлетняй вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"