І пачатак…

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Творы народных мастакоў Беларусі Міхаіла Савіцкага і Гаўрылы Вашчанкі, заслужаных дзеячаў мастацтваў нашай краіны, а таксама мастакоў з Расіі і Украіны… Выстава жывапісу, прысвечаная 30-годдзю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, працуе ў гомельскай Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі. Арганізатарамі падзеі выступілі Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем краіны, Беларускім саюзам мастакоў і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў. А 26 красавіка экспазіцыя адзін дзень будзе дзейнічаць у ельскім Гарадскім доме культуры “Колас”.

/i/content/pi/cult/580/12765/2-2.jpg/i/content/pi/cult/580/12765/2-1.jpgСучасных варыянтаў творчага выказвання па пэўнай тэматыцы стае: інсталяцыя (напрыклад, гукавая ці прасторавая), фатаграфія, відэаарт… А што новага можна сказаць на мове жывапісу? Зразумела, на выставе прадставілі, у асноўным, пейзажы. Палатно Уладзіміра Гардзеенкі “Былое. Вясна”, выкананае ў адценнях жоўтага, зялёнага, блакітнага, быццам бы аповед пра тэрыторыю, дзе засталіся “дажываць” рэчы. Мабыць, усё ж такі “выцясняе” прырода “матэрыяльную памяць”. Яшчэ адна работа мастака “Дуб. Лакіраваная рэчаіснасць” выканана ўжо не ў рэалістычнай манеры. На палатне і яшчэ “жывое”, і закранутае радыяцыяй лісце, галіны дуба, а зусім не вясёлая “вясёлка” паступова ахутвае дрэва. Тое, што пакрыта чарнобыльскімі “фарбамі”, ператвараецца ў чорны сілуэт.

На кожнай групавой выставе знойдуцца, акрамя тэматычных карцін, і “ўніверсальныя” работы, якія смела можна выкарыстоўваць у экспазіцыях кшталту “ўспаміны пра горад”. Такі жывапіс заўжды надае экспазіцыям эмацыйную раўнавагу: “разбаўляючы” напружанасць, вастрыню ўражанняў плаўнасцю і мяккасцю. Гомельскі мастак Генадзь Фядотаў напісаў, як падаецца, класічны пейзаж — узбярэжжа ракі. Аднак радыяцыю мастак паказаў ружовымі плямамі (вось і дысананс!), раскіданымі па жывапісным палатне акцэнтамі.

Сімвалічная карціна Уладзіміра Кожуха “Ачышчэнне” з выявай царквы мае падвоены сэнс. Кампазіцыйным цэнтрам твора з’яўляецца ікона, але ўвагу адцягвае і надпіс “Асцярожна, радыяцыя!” са знаёмым усім знакам небяспекі. Супрацьлеглым на карціне можна лічыць духоўнае (рэлігійнае) і матэрыяльнае (забруджанае). Акцэнт мастак робіць на першым. Карціна ж Віктара Шматава “Лёс” — пра “разбуранае” катастрофай жыццё людзей, радзіму. Чорнае прамавугольнае акенца старога дома ў драўлянай старажытнай раме (і зараз такія яшчэ сям-там сустрэнеш), падаецца, сімвалізуе безвыходнасць. Ну а чорны колер, паводле абстракцыяніста Васіля Кандзінскага, ёсць закончаная паўза, праўда, за ёй — працяг, пачатак новага свету.

У афармленні выкарыстаны рэпрадукцыі карцін Уладзіміра Гардзеенкі “Дуб. Лакіраваная рэчаіснасць” і Віктара Шматава "Лёс".

Фота прадастаўлены Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў

Аўтар: Вольга РОПАТ
арт-журналіст