Экспедыцыя ў зону

№ 17 (1247) 23.04.2016 - 29.04.2016 г

Колькі помнікаў гісторыі і культуры выратавалі “па навуцы”?
У маім архіве захоўваецца аркуш паперы з запісам 30-гадовай даўніны. 1 мая 1986 года была мая чарга несці вахту ў прыёмнай першага сакратара Мінскага абкама партыі Анатоля Малафеева. Прайшло пяць дзён пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС, таму не здзівіла, калі зазваніла “вяртушка” і голас у трубцы прапанаваў запісаць інфармацыю аб радыяцыйным фоне: “Салігорск — 0,07 мілірэнтген; Любань — 0,08; Мінск — 0,025; Пухавічы — 0,025”. Пазней, 17 кастрычніка 1990 года, прачытаў у “Праўдзе”, што 1 мая 1986 года радыяцыйны фон у Мінску быў 0,06 мілірэнтген — амаль у два з паловай разы большы за той, пра які мне паведаміў голас у слухаўцы. Зрэшты, у 1986-м, прызнацца, мне мала што казалі гэтыя мілірэнтгены. Разбірацца я ў іх стаў, калі ў 1991 — 1995 гадах узначальваў Дзяржаўную гісторыка-культурную экспедыцыю па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і нямала патаптаўся па забруджанай зоне з дазіметрам.

/i/content/pi/cult/580/12763/13-1.jpgУ 10 раёнах Гомельскай і 6 раёнах Магілеўскай абласцей, найбольш пацярпелых ад радыяцыі, былі 362 помнікі археалогіі часоў неаліта, бронзавага і жалезнага вякоў, ранняга феадалізму, у тым ліку найбольш старажытныя выяўленыя стаянкі першабытнага чалавека на тэрыторыі Беларусі (26 — 22 тысячы гадоў таму) каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага раёнаў Гомельшчыны. Там засталося 1283 помнікі гісторыі, звязаныя з падзеямі мінуўшчыны і знакамітымі землякамі, з подзвігам народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны; 97 помнікаў архітэктуры, у тым ліку 18  — палаца-паркавай архітэктуры, 67 — драўлянага дойлідства. Там знаходзілася больш за 750 старадаўніх абразоў і каштоўных кніг; дзейнічала 118 фальклорных калектываў, 16 дзяржаўных і 79 грамадскіх музеяў, 437 бібліятэк, жылі 795 народных майстроў і ўмельцаў, 70 захавальнікаў вуснай народнай творчасці.

На жаль, усведамленне важнасці кірунку дзейнасці, пра які павядзём гаворку, прыйшло не адразу. Не выключаю, што і ў гэтым выпадку спрацаваў звыклы стэрэатып: культура — “па астаткавым прынцыпе”. Але мудра сказана: лепш пазней, чым ніколі! Раней за іншых такое ўсведамленне прыйшло да ўладаў тых краёў, што аказаліся бліжэй да бяды. У канцы 1990 года Гомельскім і Магілёўскім аблвыканкамамі пры ўдзеле Міністэрства культуры былі створаны камісіі па абследаванні стану помнікаў і распрацаваны мерапрыемствы на 1991 — 1995 гады па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны ў вёсках, якія падлягалі адсяленню. Заявілі пра сабе і навукоўцы. Вясной 1991-га на пасяджэнні аддзела старажытнай беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук упершыню ўзнялі пытанне аб выратаванні помнікаў этнаграфіі і народнага мастацтва, што засталіся ў зоне. А 26 сакавіка таго ж года была прынята пастанова № 110 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб стварэнні рэспубліканскай спецыялізаванай навуковай арганізацыі “Дзяржаўная гісторыка-культурная экспедыцыя па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС”.

З-за кадравых праблем экспедыцыя пачала дзейнічаць толькі ў лістападзе 1991 года са штатам у 8 чалавек, з улікам бухгалтара і спецыяліста па справаводстве. Зразумела, сваімі сіламі падняць такую вялікую работу мы не маглі, нават пры ўсім жаданні. Фактычна гэта быў штаб, які мусіў распрацоўваць стратэгію і тактыку дзеянняў па выратаванні гісторыка-культурнай спадчыны, прыцягваць да гэтай справы іншыя зацікаўленыя арганізацыі, выдаваць адпаведныя рэкамендацыі органам улады рэспублікі і на месцах, актывізаваць грамадскую думку.

Станоўчую ролю выканала праведзеная з удзелам Міністэрства культуры і Дзяржкамчарнобыля 16 — 17 лютага 1993 года ў Гомелі рэспубліканская канферэнцыя па сучасным стане і праблемах выяўлення, выратавання і аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аналітычныя напрацоўкі экспедыцыі з улікам выказаных меркаванняў знайшлі адлюстраванне ў Нацыянальнай праграме пераадольвання вынікаў чарнобыльскай катастрофы на 1993 — 1995 гады і на перыяд да 2000 года.

У практычнай плоскасці асноўнай формай дзейнасці была арганізацыя і фінансаванне экспедыцый у адселеную зону і пацярпелыя раёны з шырокім прыцягненнем спецыялістаў у адпаведных галінах. З часам сфарміраваўся касцяк энтузіястаў гэтай справы, перш за ўсё — з ліку супрацоўнікаў аддзела старажытнабеларускай культуры ІМЭФ Людмілы Агеевай, Уладзіміра Карэліна, Мікалая Мельнікава, Аляксандра Ярашэвіча на чале з кіраўніком падраздзялення, доктарам мастацтвазнаўства Віктарам Шматавым. Ураджэнец Брагінскага раёна, ён быў вельмі зацікаўлены ў нашай агульнай справе. Ужо з першай сумеснай экспедыцыі на яго радзіму ў чэрвені 1992 года было сабрана, адмыта ад радыяцыі і вывезена каля 200 каштоўных экспанатаў. Потым былі экспедыцыі ў Нараўлянскі, Хойніцкі, Касцюковіцкі і іншыя раёны. Вынікам стала стварэнне “музея ў музеі” з фондам амаль у 3 тысячы выратаваных і дэзактываваных каштоўнасцяў з 30-кіламетровай зоны ў акадэмічным Музеі старажытнай беларускай культуры, афіцыйна адкрыты 25 красавіка 1995 года. Далучаліся супрацоўнікі і іншых аддзелаў інстытута. Так, даследчык фальклору Уладзімір Сысаў, напрыклад, ад адной толькі Ефрасінні Мельнікавай, 1910 года нараджэння, у вёсцы Урэчча Слаўгарадскага раёна ў 1994-м запісаў больш за 100 песень і гэтым не вычарпаў яе рэпертуар. А колькі было сустрэч з іншымі носьбітамі вуснай народнай творчасці! Такім жа плённым было супрацоўніцтва з акадэмічнымі інстытутамі мовазнаўства і гісторыі. У выніку фальклорных, лінгвістычных, мастацка-этнаграфічных экспедыцый у 1991 — 1995 гадах было зафіксавана і падрыхтавана да друку тры з паловай тысячы твораў вуснай народнай творчасці, выдадзены навуковы зборнік “Гавораць чарнобыльцы”. У ліку падзвіжнікаў гэтай справы нельга не згадаць супрацоўніцу Музея народнай архітэктуры і побыту Валянціну Малюшыну і Валерыя Каралёва з “Беларускага відэацэнтра”, чыімі намаганнямі зняты відэафільмы аб Краснапольскім народным тэатры, фальклорных калектывах Нараўлянскага, Брагінскага, Чачэрскага раёнаў, носьбітах традыцыйнай народнай культуры, майстрах і ўмельцах Магілёўскай вобласці. Больш за 10 народных майстроў і ўмельцаў з пацярпелай зоны было выяўлена ўжо ў мінскіх мікрараёнах “Малінаўка” і “Шабаны”. Аднавіў сваю дзейнасць фальклорны ансамбль “Вясёлка” з Нароўлі, які перасяліўся ў сталіцу.

Асабліва непакоіла захаванне археалагічных помнікаў. У гэтай справе мы ўдзячныя кандыдатам гістарычных навук Алегу Макушнікаву — кіраўніку тагачаснага археалагічнага цэнтра пры Гомельскім аблвыканкаме і Вячаславу Капыціну з Магілеўскага педагагічнага інстытута. Іх намаганнямі было праведзена даследванне стану аб’ектаў, дакладная фіксацыя на мясцовасці і тапаграфічных картах, пашпартызацыя і распрацоўка ахоўных зон. Было выяўлена больш за 60 новых пунктаў, не адзначаных у Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Дакументацыя з рэкамендацыямі па іх захаванні і папярэджаннямі ад магчымага разбурэння. Аналагічную работу ў дачыненні да помнікаў архітэктуры правёў Юрый Чантурыя з БелНДІгорадабудаўніцтва. Падрыхтаваныя ім тамы дакументацыі могуць быць карыснымі, калі дойдзе час для іх рэстаўрацыі.

Заўсёды ахвотна да нашых экспедыцый далучаліся супрацоўнікі раённых краязнаўчых музеяў. Яны і самі сёе-тое рабілі, але, працуючы разам, мелі магчымасць атрымаць кваліфікаваную навуковую кансультацыю аб каштоўнасці сабраных прадметаў народнай культуры і побыту, якімі потым папаўняліся фонды мясцовых музеяў — дзейных і тых, што меркавалася стварыць, як гэта рабілася з нашай фінансавай падтрымкай у Нароўлі.

Небяспечна было працаваць у забруджанай зоне? Не будзем перабольшваць, але заўсёды памяталі, што ёсць рызыка “хапнуць” радыяцыі і ад зямлі, па якой хадзілі, і ад пакінутых памяшканняў, і ад рэчаў, што трымалі ў руках. Здараліся і непрадказальныя выпадкі. Неяк зайшоў у адну з хат і не змог патрапіць у яе чыстую палову: нехта падпёр з другога боку дзверы. Аказалася, што ў пакой у пошуках корму завітаў дзікі кабан і не змог назад выйсці. А быў бы жывы гэты здаравенны вяпрук? Ці такі выпадак: папрацавалі амаль увесь дзень у 30-кіламетровай зоне, пара хутчэй ехаць ды сапсаваўся аўтобус. Да Нароўлі — 13 кіламетраў. Мабільнікаў, каб звязацца з райцэнтрам, тады не было. Настрой — нікудышны. Балазе ў аднаго з запаслівых удзельнікаў экспедыцыі знайшлася бутэлька супрацьрадыяцыйнага “Кабернэ”. “Абараніліся дозай” і пайшлі пехатой да блокпаста, дзе была рацыя. Райаддзел культуры даслаў свой аўтобус і адбуксіраваў наш. Ды і “самасёлы” часам прымалі нас за марадзёраў, а іх там — аматараў паквапіцца чужым здабыткам — ставала. Запомніліся назаўсёды словы мясцовага жыхара на радзіме Аркадзя Куляшова ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна: “Не ад радыяцыі мы мром, а ад болі на душы, калі бачым, што сталася з тым, што так цяжка нажывалася і так шанавалася”. Хто пабываў там, той яго зразумее.

У 1996 годзе да дзесяцігоддзя аварыі выдавецтвам “Беларуская энцыклапедыя” быў выпушчаны 316-старонкавы зборнік “Чарнобыль”, у якім амаль шостую частку аб`ёму занялі матэрыялы, звязаныя з выратаваннем і захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны, што можна лічыць сваеасаблівай справаздачай аб дзейнасці Дзяржэкспедыцыі. Яна спынілася ў 2000 годзе з завяршэннем тэрміну выканання Нацыянальнай праграмы пераадольвання вынікаў чарнобыльскай катастрофы на перыяд да гэтага года, а дакументы і напрацоўкі былі перададзены ў Нацыянальны архіў і тагачасны Дзяржкамчарнобыль. Спадзяюся, што яны запатрабаваныя.

Міхаіл ФІЛІСТОВІЧ


 

Памяць зямлі

 

26 красавіка Музей старажытнай беларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў адноўленым пасля рамонту памяшканні адкрывае новую экспазіцыю, якая дае ўяўленне пра ўнікальную спадчыну той часткі Гомельшчыны і Магілёўшчыны, традыцыйны ўклад якой змяніўся пасля найбуйнейшай у свеце тэхнагеннай катастрофы.

Збіраць калекцыю этнаграфіі і мастацтва адселенай зоны пачалі з ініцыятывы доктара мастацтвазнаўства, жывапісца Віктара Шматава — ураджэнца Камарына Брагінскага раёна, які закранула чарнобыльская навала. Пасля аварыі на АЭС мастак неаднаразова вяртаўся ў родныя мясціны і на свае вочы бачыў, як шмат у адселеных вёсках засталося рэчаў, якія маюць музейную каштоўнасць.

— На разведку мы выбраліся маем 1991 года, — кажа загадчык сектара захавання гісторыка-культурнай спадчыны аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Мікалай Мельнікаў. — Свайго транспарту яшчэ не было. У Брагінскім райвыканкаме нам пайшлі насустрач: мясцовы аддзел культуры выдаткаваў аўтобус, каб мы змаглі праехацца па некалькіх вёсках. Якое этнаграфічнае багацце там засталося!

Само па сабе цуд, як змаглі захавацца ў дамах, напрыклад, унікальная ступа, на якой таўклі нагамі, драўляныя жорны, рабочая частка якіх была ўмацаваная кавалачкамі чыгункоў, шматлікія калаўроты ды іншыя прылады эпохі, вельмі далёкай для канца ХХ стагоддзя. Вандроўнікі нават заспелі хаты, крытыя чаротам. Рэчы неабходна было ратаваць! Тым больш па пакінутых дварах ледзь не з першых дзён пайшлі марадзёры. На шчасце, скарбы народных майстроў не ўяўляліся раскрадальнікам каштоўнымі.

Тое, што пачыналася з прыватнай ініцыятывы, паступова набыло статус Дзяржаўнай гісторыка-культурнай экспедыцыі па выратаванні помнікаў гісторыі і культуры Беларусіі ў раёнах, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. З 1991 па 1999 год адбылося 23 выезды па адселеных вёсках Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Пад час іх навукоўцы знаходзілі сапраўдныя скарбы. Скажам, прывезлі і рэстаўравалі рушнік, арнамент якога да той пары быў невядомы айчынным этнографам.

— Даследаванні далі падставу для стварэння асобнага аддзелу “Помнікі этнаграфіі і народнага мастацтва чарнобыльскай зоны”, — распавёў суразмоўца. — Уласных пакояў для экспазіцыі ў нас не было. Дапамог Віктар Шматаў: ён дабіўся таго, каб нам выдаткавалі частку памяшкання на галерэі. Частку аддзела мы перавялі пад фондасховішча, бо ўсе здабыткі выставіць немагчыма.

Першыя ж прывезеныя экспанаты з адселенай зоны выклікалі ў супрацоўнікаў сапраўдную паніку. Давялося запрасіць санстанцыю, каб прыехалі і зрабілі замеры. Сам Мікалай Пятровіч не сумняваўся, што пытанняў з радыяцыйным выпраменьваннем не павінна ўзнікнуць. “Усе гэтыя рэчы зроблены да аварыі, зразумела, дрэва першапачаткова было чыстае. Яны знаходзіліся пад дахам у хатах, хлявах. На іх мог патрапіць максімум радыеактыўны пыл, таму мы яшчэ на месцы апрацоўвалі будучыя экспанаты шчоткамі, мыйнымі сродкамі і дадаткова праходзіліся па іх па прыездзе ў сталіцу”, — тлумачыць Мельнікаў. Да слова, экспазіцыя мае афіцыйна зацверджаны сертыфікат, што прадметы не ўяўляюць небяспекі.

Адзін з найбольш цікавых экспанатаў Мікалай Пятровіч знайшоў у вёсцы Ламачы Хойніцкага раёну ў кастрычніку 1994 года. Гэта была калода для пчол, вышэйшая за чалавечы рост. Заслону выдралі марадзёры, але ў цэлым яна засталася непашкоджанай. У той раз навукоўцаў прывёз аўтобус, у дзверы якога унікальная калода, як ні круці, не праходзіла. Давялося яе толькі сфатаграфаваць ды пакінуць на месцы.

— Наступным жа месяцам па сваіх справах у камандзіроўку на Хойніччыну зазбіраліся супрацоўнікі Інстытута радыёбіялогіі. Яны ехалі на “ўазіку”, а ў гэтай машыны ззаду дзверы наўпрост раскрываюцца — наша калода дакладна магла памясціцца. Паколькі радыёбіёлагаў ехала толькі двое, мы з Віктарам Шматавым напрасіліся “на хвост”, — працягвае расповед візаві. — Калегі заняліся сваімі справамі, а мы з вадзіцелем накіраваліся ў Ламачы і загрузілі калоду. А паколькі мелі час, дык вырашылі заехаць у суседнюю пакінутую вёску. Віктар Фёдаравіч пачаў рабіць замалёўкі для сваіх карцін, а я пайшоў па хатах. І ў адной з іх знайшоў здаравенную бочку-ляжак з цэльнага дрэва даўжынёй больш за два метры! У ёй зберагалі зерне, але з-за надзвычайнай вышыні звычайным спосабам яе нельга было выкарыстоўваць, таму яна ляжала на баку, зверху была дзюрка, праз якую гаспадыня і даставала запасы. Такому цікаваму экспанату месца ў сталічным музеі, але як яго вывезці? Шматаў разам з кіроўцам абмылі калоду-ляжак у бліжэйшай лужыне і ушчыльную ў машыну загрузілі. Так атрымалася, што наш “уазік” ужо быў забіты па плешку, таму, скурчыўшыся на каністры для паліва, падпіраючы галавой столь, праехаў да Мінска.

У новай экспазіцыі абодва рарытэты зоймуць пачэснае месца. А хутка іх выявы і здымкі іншых твораў народных майстроў можна будзе пабачыць у фотаальбоме “Захаваная памяць страчанай зямлі”. Гэтым выданнем Музей старажытнабеларускай культуры хоча падагульніць тыя навуковыя вышукі, з дапамогай якіх атрымалася захаваць культурныя здабыткі регіёна.

Настасся ПАНКРАТАВА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"