Свіслач, Глыбоччына, Брэст, Пухавічы, Светлагорск, Ашмяны...

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г


/i/content/pi/cult/579/12761/11-1.jpgСвіслач / Падарожжа ў Кнігаград

Свіслацкая дзіцячая бібліятэка — гучнагалосае месца, дзе дзеці не толькі чытаюць, але і абмяркоўваюць прачытанае, удзельнічаюць у тэатралізаваных пастаноўках паводле вядомых твораў. І каб юным чытачам хацелася зноў прыходзіць сюды, каб ім было тут утульна, цікава, камфортна, бібліятэкары заўсёды знаходзяцца ў пошуку.

Не першы год пры бібліятэцы працуе лялечны тэатр кнігі “Кніжынка”, гаспадыняй якога з’яўляецца саламяная беларуская лялька з такім самым імем. Змястоўныя і павучальныя тэатралізаваныя пастаноўкі знаёмяць з сюжэтам і літаратурнымі героямі, “ажыўляюць кнігу”. Інсцыніраваныя дзеі па творчасці беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Караткевіча, Васіля Віткі, Уладзіміра Мазго, Міхася Пазнякова, тэматычныя прадстаўленні “Мне з сябрамі добра жыць”, “За здароўем у Трыдзявятае царства” з’явіліся яскравым дадаткам да раённых і гарадскіх святаў.

Традыцыйна супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі арганізоўваюць экскурсію-прысвячэнне ў чытачы. Каб першая сустрэча дзятвы стала незабыўнай, падарожжа ў Кнігаград праходзіць з удзелам літаратурных персанажаў лялечнага тэатра. Першакласнікаў сёлета сустрэлі дапытлівы Фунцік і цікаўная Дзюдзюка, якія разам з дзецьмі захацелі стаць чытачамі, ды не ведалі, як ім гэта зрабіць. Спектакль “Экскурсія ў Кніжны горад” дапамог юным чытачам разам з лялечнымі героямі здзейсніць займальную вандроўку і паўдзельнічаць у конкурсе “Казка Дзюдзюкі”. Ну а Кніжынка пазнаёміла дзяцей з цікавымі фактамі са старажытнай гісторыі бібліятэкі.

Па завяршэнні экскурсіі 101 школьнік горада атрымаў “Памятку юнага чытача”. Супрацоўнікі бібліятэкі выказалі надзею, што пасля гэтай сустрэчы ў кніжак стане значна больш маленькіх сяброў.

Алена РАБЧАНКА, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі


Глыбоччына / Фарбы талентаў

“Палітра талентаў” — пад такой назвай у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці працуе выстава народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Крыніца” Глыбоцкага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці.

Гісторыя клуба пачынаецца з 1986 года. І ўвесь гэты час насычаны падзеямі: выставамі і святамі. Майстры неаднаразова станавіліся дыпламантамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. А ў 2014 годзе традыцыйнае мастацтва маляваных дываноў Віцебскага Паазер’я — тая самая глыбоцкая маляванка — атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны. Дарэчы, на адкрыцці выставы майстар Святлана Скавырка для ўсіх прысутных правяла майстар-клас па маляванцы.

Гледачам прадстаўлены керамічныя цацкі і сувеніры, выцінанка, вырабы з лазы і саломкі, лялькі-тыльды, пано з воўны, роспіс па дрэве, ручнікі і вышыўка. Нездарма дэвіз клуба — “Прыгожае нараджае добрае”.

Надзея УЛІНОВІЧ, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ


Брэст /Канцэрт у цытадэлі

Сваё майстэрства выканання сімфанічных твораў прадэманстраваў на канцэртнай пляцоўцы музея Брэсцкай крэпасці лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Яўген Лук’янчык.

31-гадовы ураджэнец Бярозы паспеў пабываць з канцэртамі ў многіх еўрапейскіх краінах, выхаваць таленавітых маленькіх артыстаў.

Канцэрт прыцягнуў брэстчан яшчэ і тым, што мерапрыемства адбылося ў зале музея, дзе ў гэтыя дні экспанавалася выстава “Горад нашай памяці” з твораў вядомых мастакоў абласнога цэнтра, што захоўваюць фонды Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Мікола ПАНАСЮК

Фота Святланы САСОННАЙ

 

Пухавічы / “Пакуль жыве бібліятэка…”

Творчы калектыў Пухавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі арганізаваў змястоўную кніжную экспазіцыю “Культурная спадчына Беларусі. 2016 год — Год культуры ў Рэспубліцы Беларусь”. Яна дзейнічае ў чытальнай зале ўстановы.

Увазе карыстальнікаў прадстаўлены самыя лепшыя выданні з фондаў бібліятэкі, прысвечаныя беларускай літаратуры, выяўленчаму мастацтву, архітэктуры, музыцы, тэатру, кінематографу.

Да кожнага раздзела падабраны адпаведныя цытаты вядомых людзей. Звяртаюць на сябе ўвагу творы, прысвечаныя нашаму земляку, кампазітару, старшыні Беларускага саюза кампазітараў, народнаму артысту Беларусі, народнаму артысту СССР Ігару Лучанку: кніга Уладзіміра Ліпскага “Ігар Лучанок. Мелодыя душы” з аўтографам і электроннае выданне, аднайменны дакументальны фільм. Вылучаецца серыя кніг “ЖЗЛБ”, прысвечаных Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Івану Шамякіну, Уладзіміру Караткевічу…

Цэнтральнае месца займае раздзел, назвай да якога сталі словы акадэміка Дзмітрыя Ліхачова: “Пакуль жыве бібліятэка — жыве народ, памрэ яна — памрэ наша мінулае і будучыня”. Тут карыстальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з выданнямі, прысвечанымі гісторыі бібліятэк Беларусі, а таксама — матэрыяламі аб гэтых установах на Пухавіччыне.

У дадатак да кожнага раздзела выставы распрацавана серыя буклетаў. Выставу ўдала дапаўняюць дэкаратыўныя вырабы, а таксама электронныя выданні з фондаў бібліятэкі.

Ала АНДРОСАВА, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

Светлагорск / Дарога да Храма

У сценах дзіцячай бібліятэкі Кастрычніцкага мікрараёна Светлагорска намаганнямі настаяцеля Храма Успенне Прасвятой Багародзіцы і супрацоўнікаў установы праведзены Дзень праваслаўнай кнігі.

У бібліятэцы былі аформлены вялікія кніжныя выставы-прагляды: “На пачатку было Слова”, “Чытаю кнігу — расту духоўна”, “Праваслаўная кніга — дарога да Храма”, “Духоўнай кнігі благадаць”, “Святло пад кніжнай вокладкай”, прэзентаваны “Духоўная медыятэка” і рэклама праваслаўнай перыёдыкі.

Бібліятэкары распрацавалі змястоўную праграму мерапрыемстваў, разлічаных на розныя ўзроставыя групы наведвальнікаў: так, напрыклад, вучні 9-х класаў знаёміліся з Бібліяй. Слухачы духоўнага лекторыя “Дабравест”, вучні 6 — 7 класаў СШ №4, сабраліся на пасяджэнне, прысвечанае жыццю і духоўнай творчасці Міхаіла Ламаносава.

Чытачы дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту былі запрошаны ў медыяпадарожжа і на медыяўрок “Добрае слова”. Вучні трэціх класаў прыйшлі на прэзентацыю кніг Барыса Ганагі і паглядзелі буктрейлер. Скончыўся Дзень праваслаўнай кнігі гадзінай духоўнай культуры “Кніга і музыка — выхаванне душы”, дзе слухачы нядзельнай школы Храма Святога Кірылы Тураўскага паказалі гледачам, вучням малодшых класаў школ № 4 і 6, прадстаўленне пра Васіля Блажэннага, а навучэнцы школы мастацтваў выканалі некалькі духоўных інструментальных твораў.

Мерапрыемствы Дня праваслаўнай кнігі наведалі каля 250 дашкалят і навучэнцаў 1 — 9 класаў.

Вольга КЛІМЯНОК, загадчык дзіцячай бібліятэкі-філіяла №6 Светлагорскай РЦБС

 

Ашмяны / Пра дабро і міласэрнасць

Духоўнае выхаванне дзяцей і падлеткаў у раённай дзіцячай бібліятэцы вядзецца ў рамках раённай бібліятэчнай праграмы “Праз бібліятэку ў свет міласэрнасці, духоўнасці і веры”. Рабоце ў гэтым кірунку спрыяе сувязь бібліятэкі з духоўна-асветніцкім цэнтрам храма Уваскрэсення Хрыстова.

Разам ладзяцца сустрэчы, урокі духоўнасці, “круглыя сталы”, канферэнцыі. Да прыкладу, прайшло мерапрыемства “Духоўная кніга — дзецям”. Вядучыя распавялі пра ўзнікненне праваслаўнай кнігі і падрыхтавалі відэапрэзентацыю.

У час мерапрыемства адбылася сустрэча чытачоў з настаяцелем згаданага храма Пятром Пятлёхай і служыцельніцай духоўна-асветніцкага цэнтра Наталляй Сямёнавай. Айцец Пётр звярнуў увагу дзяцей на неабходнасць чытання духоўных кніг, бо яны вучаць дабру і міласэрнасці. Наталля Сямёнава пазнаёміла дзяцей з сучаснымі праваслаўнымі выданнямі. Святар, як и заўсёды, перадаў у дар бібліятэцы літаратуру і ўзнагародзіў актыўных чытачоў кнігамі.

Гелена ГАРДЗЕЙ, загадчык Раённай дзіцячай бібліятэкі г.Ашмяны