Падчас Дзён культуры мяркуецца правесці сустрэчу афіцыйнай беларускай дэлегацыі, якую ўзначаліць міністр культуры Уладзімір Матвейчук, з афіцыйнымі асобамі Сірыі.
З 14 па 17 красавіка беларусы прадставяць лепшыя здабыткі нацыянальнага мастацтва ў сірыйскай сталіцы Дамаску. Плануецца правядзенне выстаўкі твораў сучасных беларускіх мастакоў Віктара Альшэўскага, Уладзіміра Зінкевіча, Уладзіміра Савіча, Уладзіміра Тоўсціка і Валерыя Шкарубы. Пабачаць сірыйцы і найновыя здабыткі беларускага кінематографа — стужкі “Я памятаю” рэжысёра Сяргея Сычова і “Шчыт Айчыны” Дзяніса Скварцова. А дамінантай Дзён культуры стане паказ “Лебядзінага возера” трупай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь.
Наступным этапам стане наведванне беларускай дэлегацыяй Егіпта, дзе ўжо зацікаўлена чакаюць нашых майстроў мастацтваў: летась Тэатр балета здзівіў егіпецкага гледача “Шчаўкунком”. Таму сёлетнія Дні культуры — новая старонка ў двухбаковых стасунках.