З плытагонаў у песняры

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Народнай капэле з Навагрудчыны магло б споўніцца 90 гадоў, але…
З даўніх часоў жыхары вёскі Дзяляцічы славіліся сваімі песнярамі. Старыя людзі распавядаюць, што сярод многіх караванаў, якія сплаўлялі па Нёмане лес, заўсёды можна было вызначыць дзяляціцкіх плытагонаў. Іхні шлях праходзіў ад вярхоўяў Нёмана аж да мяжы з Літвой, і паўсюль іх пазнавалі па прыгожых песнях. Яшчэ ў 1926 годзе ў Дзяляцічах быў арганізаваны гурток моладзі, які займаўся прапагандай пачутых па радыё спеваў. У чэрвені гэтага ж года ў вясковым свіране адбыўся першы канцэрт невялікага хору, на які сабраліся амаль усе жыхары вёскі і навакольных хутароў. Затым выступленні прайшлі ў вёсках Любча, Вераскава, Нягневічы. Так пачалася гісторыя славутай Дзяляціцкай капэлы. У той час у ёй налічвалася 19 чалавек.

/i/content/pi/cult/579/12755/15-2.jpgУдзельнікі хору не толькі прыгожа спявалі, але аказаліся і таленавітымі акцёрамі. У іх выкананні былі пастаўлены спектаклі “Паўлінка”, “Першыя ластаўкі”, “Раскіданае гняздо”. Гэтыя п’есы былі забаронены польскімі уладамі, аднак усё ж іх патаемна рыхтавалі і паказвалі ў Дзяляцічах і іншых вёсках.

Пасля прыходу ў 1939 годзе савецкай улады хор пачаў адкрыта выступаць перад мясцовым насельніцтвам. А ў 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна. Многія ўдзельнікі хору былі вывезены ў Германію, шмат вяскоўцаў пайшло ў партызаны. І нават падчас вайны яны не забываліся на песні. Іван Бушма, адзін з кіраўнікоў партызанскага хору, пасля згадваў: “Бывала, у партызанскай зямлянцы або каля вогнішча як завядзеш нашу дзяляціцкую песню, дык аж сэрца зойдзецца і такая сіла ў грудзях абуджаецца, што хочацца помсціць ворагам за скалечанае жыццё, за параненую родную зямлю!..”

Многія ўдзельнікі хору загінулі на той вайне, але хор у Дзяляцічах усё ж адрадзіўся. Так, у 1948 годзе ён стаў удзельнікам агляду мастацкай самадзейнасці, які праводзіўся ў Баранавічах. Адна з харыстак, Ніна Мамчыц, згадвала пра той час: “Выйшлі мы на сцэну і разгубіліся. У зале такое прадстаўнічае журы, такая вялікая публіка. А нас усяго жменька, і адзеты мы небагата: белыя блузачкі і чорныя спаднічкі, якія сабралі з усёй вёскі. А трэба сказаць, што да нас выступалі вялікія хары, апрануты яны былі прыгожа. Тут здарылася зусім нечаканае: пагасла святло. Гэта надало нам смеласці, і мы заспявалі. А калі электрычныя лямпачкі загарэліся зноў, мы адразу ўбачылі, з якой увагай слухаюць нас і журы, і публіка. Замест трох песень мы спявалі тады ажно восем. А потым да нас на сцэну прыбег Генадзь Цітовіч і з хваляваннем у голасе вымавіў: “ А мае ж вы людцы, адкуль жа вы такія? Пазычце мне свае басочкі!” Так мы і пазнаёміліся з гэтым цікавым і таленавітым чалавекам, які потым стаў часта бываць у нас, і які, па сутнасці, зрабіўся кіраўніком нашага хору. Генадзь Іванавіч дапамог нам падрыхтаваць шмат складаных шматгалосых песень: “Ой, шумі і радуйся, беларускі бор”, “Гудзіць трактар каля става”, рускую народную песню “Позарастали стежки-дорожки” і іншыя”.

Дзякуючы працы пад кіраўніцтвам Генадзя Цітовіча ў 1951 годзе на Рэспубліканскім аглядзе мастацкай самадзейнасці хор заваяваў першае месца. Аднак хутка Генадзю Іванавічу даручылі арганізоўваць Беларускі народны хор у Мінску і ён ужо не меў магчымасці наведваць Дзяляцічы.

Паступова выступленні хору прыпыніліся, але ў 1954 годзе яго кіраўніком быў прызначаны выкладчык Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча Панцеляймон Радаліцкі. Чулы і добразычлівы чалавек, ён стаў душой калектыву, пачаў аднаўляць рэпертуар, запісваць песні, якія спявалі ў Дзяляцічах, аранжыроўваць іх у чатырох-, шасці- і нават у васьмігалосым выкананні. Таленавіты музыкант і педагог, ён змог арганізаваць з’яднаны калектыў, развіўшы ў многіх музычныя здольнасці.

Згадвае Марыя Дароніна: “Я у той час была школьніцай. Панцеляймон Радаліцкі прыйшоў у школу, каб паслухаць, як спяваюць дзеці. Пачуўшы стройны спеў, звонкія дзіцячыя галасы, ён адабраў дзесяць дзяўчынак для ўдзелу ў хоры. Так я, будучы кіраўнік, аказалася ўдзельніцай Дзяляціцкага хору, ці, як яго яшчэ называюць, “Хору трох пакаленняў”, таму што ў ім спявалі дзеці, бацькі і дзяды. Пачаліся рэпетыцыі, канцэрты, гастролі не толькі па Беларусі, але і па Літве і Польшчы.”

У 1956 годзе хор адзначаў сваё трыццацігоддзе. На святкаванні прыехалі Рыгор Шырма і Генадзь Цітовіч. За выдатнае выканальніцкае майстэрства хору было прысвоена званне народнай Дзяляціцкай харавой капэлы.

Пасля таго, як Радаліцкі пакінуў калектыў па хваробе, ніхто з наступных кіраўнікоў доўга не мог прыжыцца ў калектыве і яны часта мяняліся. У 1966 годзе кіраўніком капэлы была прызначана Марыя Дароніна. Пачалася доўгая і складаная работа па падрыхтоўцы рэпертуару. Цяжкасцей было вельмі шмат. На кожную рэпетыцыю Марыя Іванаўна ездзіла з Навагрудка два разы на тыдзень. А гэта 30 кіламетраў туды і назад.

Рэпетыцыі калектыву прызначаліся на восем гадзін вечара, таму што людзям патрэбна было пасля асноўнай работы яшчэ справіцца па ўласнай гаспадарцы. Вяртацца дадому даводзілася позна, і кіраўніка хору адвозілі дадому на дзяжурнай калгаснай машыне пад гадзіну ночы, а то і пазней. Таксама новай кіраўніцы хору было складана падабраць рэпертуар. У асноўным у праграму Марыя Дароніна брала народныя песні ў апрацоўцы беларускіх кампазітараў, нашу класіку. Рускія песні калектыў таксама выконваў, але вельмі рэдка. Спявалі таксама украінскія, літоўскія, польскія рэчы...

Вялікім стымулам у рабоце былі паездкі з канцэртамі не толькі па раёне, але і ў Гродна, Мінск, а таксама ў Расію, Літву, Польшчу. Людзі адчувалі вялікую адказнасць, старанна падыходзілі да падрыхтоўкі канцэртаў. На выступленні ў суседнія вёскі хадзілі нават пехатой.

За сваю працу ўдзельнікі хору грошай не атрымлівалі, але для іх было прадугледжана матэрыяльнае стымуляванне. За кошт калгаса яны забяспечваліся палівам, а таксама ім аплачваўся газ і электрычнасць. На падвядзенні вынікаў працы калгаснікаў за год удзельнікі хору атрымлівалі грашовыя прэміі і ўзнагароды, каштоўныя падарункі.

У 1976 годзе капэла адзначыла сваё 50-годдзе, а ў 1986 годзе — 60-гадовы юбілей. Было многа падарункаў і цёплых слоў ад Міністэрства культуры краіны, абласнога ўпраўлення культуры, ад арганізацый і калектываў вобласці. І амаль адразу пасля правядзення святочных мерапрыемстваў капэла перастала існаваць.

З той пары прайшло шмат гадоў. І ўжо сёння, на адлегласці часу, добра відаць, што тая народная харавая капэла з Дзяляціч — унікальная з’ява ў культурным жыцці не толькі Навагрудчыны, але, мабыць, і ўсёй Беларусі.

Галіна КАВАЛЬЧУК, старшы навуковы  супрацоўнік Навагрудскага  гісторыка-краязнаўчага музея