Працяг збіральніцкіх традыцый

№ 13 (1243) 26.03.2016 - 01.04.2016 г

Што нашчадкі Радзівілаў падаравалі музею ў Нясвіжы
Нясвіжскі палац за стагоддзі свайго існавання зведаў розныя часы і набываў розныя абліччы. Але амаль заўсёды ў Нясвіжы знаходзіліся ўнікальныя калекцыі — зброі, даспехаў, карцін, манет, медалёў, паляўнічых трафеяў. Іх стваральнікамі былі прадстаўнікі роду Радзівілаў. Так ужо сталася, што ў ХХ стагоддзі скарбы пакінулі сцены палаца і толькі са стварэннем музея-запаведніка “Нясвіж” артэфакты зноў пакрысе пачалі вяртацца. Працэс гэты ідзе не хутка, але, як і некалькі стагоддзяў таму, да фарміравання нясвіжскіх калекцый далучыліся… князі Радзівілы.

/i/content/pi/cult/579/12753/14-1.jpgНашчадкі славутай фаміліі дапамагаюць музею-запаведніку “Нясвіж” у папаўненні фондаў. Мацей Радзівіл неаднаразова перадаваў у падарунак каштоўныя экспанаты. Варта згадаць копію сямейнай рэліквіі — абраз Маці Божай Ларэтанскай; калекцыю медалёў з выявамі прадстаўнікоў роду і адмыслова зроблены медаль у гонар 600-годдзя радзівілаўскага герба і 500-годдзя рода ў Нясвіжы, гравюры XVII стагоддзя. Нядаўна Мацей і Мікалай Радзівілы зноў наведалі колішнюю рэзідэнцыю продкаў. Нагодай для візіту сталі мерапрыемствы ў памяць Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі — палітыка, мецэната, вандроўніка, чалавека, які ператварыў драўляны пасёлак Нясвіж у мураваны горад з замкам, касцёлам, ратушай. 28 лютага споўнілася 400 гадоў з дня ягонай смерці.

Пра мерапрыемствы з гэтай нагоды ўжо было сказана дастаткова. У касцёле Божага Цела прайшла жалобная імша, якую правёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У Гетманскай зале адбылася прэзентацыя выданняў, прысвечаных Радзівілам — зборніка навуковых артыкулаў “Мікалай Радзівіл Чорны: палітык, дыпламат, мецэнат” і беларускага перакладу манаграфіі польскага гісторыка Томаша Кемпы “Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, віленскі ваявода”. Таксама госці маглі ўбачыць унікальны паўдаспех XVI стагоддзя з колішняй княжацкай калекцыі.

Сярод іншага музей-запаведнік “Нясвіж” атрымаў у гэты дзень некаторыя падарункі, пра якія варта распавесці падрабязней. Найперш гэта сучасная версія генеалагічнага дрэва, складзеная Мацеем і Мікалаем Радзівіламі. Радавод пачынаецца ад Сярпуція, які згадваецца ў 1380 годзе, і завяршаецца асобамі, якія з’явіліся на свет у 2015 годзе. А ўсяго ў ім пералічаны 448 прадстаўнікоў сям’і з нясвіжскай, клецкай, біржанскай, алыцкай і іншых ліній роду! Не адзначаны толькі Станіслаў Радзівіл, які нарадзіўся… за тыдзень да перадачы радаводу ў музей.

Выклікае цікавасць і партрэт аднаго з уладароў старога Нясвіжа Міхала Казіміра Радзівіла (1635 — 1680). Пра гэтага чалавека вядома значна менш, чым пра Сіротку, або пра Чорнага, хаця ён шмат зрабіў і для Нясвіжа, і для краіны ў цэлым. Менавіта на яго часы прыпала вайна Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. Падчас баявых дзеянняў нясвіжскі замак двойчы вытрымаў аблогі расійскіх войск, але сам горад быў спалены і разрабаваны. Жадаючы аднавіць цэнтр спадчынных уладанняў, М.-К. Радзівіл дамогся ад караля прывілея, якім нясвіжане вызваляліся ад выплаты мытных збораў і падаткаў. Ён жа рознымі ільготамі заахвочваў перасяляцца ў горад рамеснікаў, сялян, купцоў. Дзякуючы гэтым захадам неўзабаве Нясвіж зноў выглядаў як прыгожы горад, абнесены мурамі, з вялікай рыначнай плошчай і замкам.

Дарэчы, Міхал Казімір адзначыўся і ў бітвах. Ён амаль 12 гадоў быў польным гетманам (галоўнакамандуючым) Вялікага Княства Літоўскага. Удзельнічаў у змаганні з маскавітамі, шведамі, туркамі. Сярод іншага князь прывёў уласную харугву пад Хацінскі замак, дзе ў лістападзе 1673 года было разбіта войска Асманскай імперыі. Міхал Радзівіл біўся на чале аддзела, быў паранены ў галаву, але не пакінуў поле боя.

Напрыканцы жыцця Міхал Казімір па даручэнні караля Яна ІІІ Сабескага выправіўся ў дыпламатычную паездку па краінах Заходняй Еўропы. Яго мэтай было стварэнне шырокай антытурэцкай кааліцыі. Каб паказаць багацце і магутнасць Рэчы Паспалітай, Радзівіл не шкадаваў сродкаў на прадстаўнічыя мэты, асабліва на шыкоўныя ўезды ў Вену і Рым. Апошні нават быў адлюстраваны на карціне галандскага мастака Пітэра ван Блумэна, якая сёння захоўваецца ў адным з польскіх музеяў. Падчас гэтага падарожжа князь цяжка захварэў і памёр у італьянскай Балонні. Пазней яго цела было перавезена ў Нясвіж і пахавана ў крыпце езуіцкага касцёла.

На сённяшні дзень вядома няшмат выяў М.-К. Радзівіла. Прычым на ўсіх партрэтах, якія падобныя адзін на аднаго, ён паказаны яшчэ маладым чалавекам 20 — 25 гадоў, апранутым па заходнееўрапейскай модзе. З падоранай карціны на нас пазірае сталы мужчына ў рыцарскіх латах, які трымае ў руцэ жэзл военачальніка. Арыгінал гэтага партрэта, па словах Мацея, знаходзіцца ў Ліверпулі. Якім чынам выява літвінскага магната трапіла на туманны Альбіён? Сам ён у Англіі не быў, а вось яго сыны Ежы Юзаф і Караль Станіслаў наведалі гэту краіну з дыпламатычнай місіяй — перадалі Якаву ІІ Сцюарту віншаванні Яна Сабескага з нагоды ўступлення на трон. Магчыма, з’яўленне партрэта нейкім чынам звязана з гэтым візітам?

Таксама Мацей Радзівіл падараваў музею дзве карты, якія ілюструюць дзве розныя эпохі. Першая — арыгінальная лацінамоўная карта “Вялікае Княства Літоўскае і прылеглыя рэгіёны з іх дакладным апісаннем”. Па сутнасці гэта паменшаны варыянт славутай карты ВКЛ, якая ўбачыла свет у 1613 годзе па ініцытыве Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, з некаторымі адрозненнямі. Адметна, што карта арыентавана не на поўнач, як мы прывыклі, і не на ўсход, як гэта было прынята ў сярэднявеччы, а на… захад. Хучэй за ўсё гэта было зроблена, каб работа адрознівалася ад аналагічнай прадукцыі канкурэнтаў. Сучаснаму гледачу першапачаткова цяжка ў ёй з’арыентавацца, але ўрэшце рэшт вока знаходзіць Нясвіж, Гродна, Вільню, Слуцк, Мінск, Полацк і іншыя гарады старажытнабеларускай дзяржавы. Цікава, што карта была расфарбавана ўручную, што дадае экспанату мастацкай вартасці.

Другая — “Карта ўладанняў Нясвіжскай ардынацыі князя Альбрыхта Радзівіла”, складзеная ў 1925 годзе. Паводле савецка-польскага мірнага пагаднення 1921 года значная частка ўладанняў Альбрыхта Радзівіла апынулася на савецкім баку мяжы, а, значыць, была для яго страчана, і тым не менш князь заставаўся адным з буйнейшых землеўладальнікаў. Яму належалі землі на абшарах сённяшняга Нясвіжскага, Клецкага, Ганцавіцкага, Стаўбцоўскага і Баранавіцкага раёнаў. На буйнамаштабнай (1:126 000) карце пазначаны ворныя землі, пашы, лясныя масівы, якімі валодаў перадапошні нясвіжскі Радзівіл. Дакладна нанесены і падпісаны населеныя пункты, многія з якіх ужо не існуюць. Так што значэнне карты для гістарычных і краязнаўчых даследаванняў цяжка пераацаніць. Як распавёў Мацей Радзівіл, гэту карту яму перадала ў Клецку некалькі гадоў таму сталага веку кабета. Карта, выкананая ўручную, на аркушы паперы вялікага фармату, знаходзілася ў вельмі кепскім стане. Нашчадак роду адрэстаўраваў яе і вырашыў, што найлепшым месцам для далейшага захоўвання рарытэту будзе Нясвіж.

Перадаючы экспанаты музею-запаведніку “Нясвіж”, Мацей Радзівіл адзначыў:

— Мае продкі заўсёды клапаціліся пра захаванне культурных традыцый. Прыемна, што ў Беларусі ёсць тыя, хто захоўвае створанае Радзівіламі. І хочацца верыць, што так будзе заўсёды, бо толькі той народ мае будучыню, які захоўвае ўласную памяць.

Андрэй БЛІНЕЦ, загадчык сектара навукова-экспазіцыйнай дзейнасці Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”