“... Калейдаскоп” у гонар Мулявіна

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна зладзіў на сцэне Маладзёжнага тэатра эстрады свой сольны канцэрт — “Музычны калейдаскоп”.

/i/content/pi/cult/578/12752/9-2.jpgНазва была добра абыграна і ў час канцэрта неаднаразова тлумачылася не толькі ў звыклым пераносным сэнсе, але і ў самым прамым: маўляў, дзеці знайшлі сапраўдны калейдаскоп — гэткі антыкварыят, які аказаўся чароўным. Асобныя нумары былі злучаны ў некалькі тэматычных блокаў, а ўся праграма набыла відавочную тэатралізацыю, што выяўлялася і праз трапныя дыялагічныя “падводкі”, і праз некаторую сюжэтную канву. Кожная песня суправаджалася мульці-медыявыявамі, многія нумары мелі падтанцоўку, былі і ўласна харэаграфічныя кампазіцыі.

Увогуле, вечарына вылучалася добрай папярэдняй падрыхтоўкай, адрэпетаванасцю, удала “скроеным” падборам рэпертуару, дзе пераважалі беларускамоўныя песні нашых аўтараў, у тым ліку і славутага мастацкага кіраўніка Цэнтра, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Святланы Стацэнка, але больш за ўсё — Яўгена Алейніка на словы Юліі Быкавай. Адзначу, што праграма не ператварылася ў адну “бясконцую песню”, як гэта здараецца на некаторых канцэртах з аднастайнымі “тыповымі” кампазіцыямі, адпаведнымі праславутаму “фармату”. Тут быў увесь стылёвы зрэз — ад неафолька да рэпа, прычым асобныя яго элементы ў кожным з нумароў знаходзіліся ў розных суадносінах, падпарадкоўваючыся, зноў-такі, закону калейдаскопа: увесь час — усё новыя ды новыя “карцінкі”.

Было зразумела, што многія песні ствараюцца непасрэдна на ўдзельнікаў калектыву, на пэўных юных салістаў, падкрэсліваючы найбольш яркія рысы іх уласных асоб. Невыпадкова тая ж Мілана Бародка паўстала адразу ў некалькіх іпастасях: не толькі як выканаўца, але і як вядучая, а таксама аўтар слоў і музыкі песні “Сэлфі”. А Маша Гулевіч у песне “Ты, зязюля, не кувай…” і танцавала, і на дудачцы грала, і колішнюю Ксюшу Сітнік дзесьці нагадвала — усё вельмі артыстычна, з юным задорам, быццам і не было напярэдадні аніякіх вучэбных будняў. Ды што казаць — свае “разыначкі” былі ў кожнага! Прага ўдзельнікаў Цэнтра да сцэны, адказнасць да выступлення, немагчымасць “падвесці” выявілася і ў тым, што адна з дзяўчынак, як было заўважна, спявала з хворым горлам.

Дзеці “запальвалі” і сваёй энергетыкай, і ўласна прафесійнымі якасцямі. Асабліва вылучалася Ліза Мураўёва, за плячыма якой, нягледзячы на падлеткавы ўзрост, багатая творчая кар’ера. У яе спевах больш за ўсё краналі нават не добра ўзятыя ніжныя ноты ды вярхі, а сапраўдная музычнасць, свабода выканання, “пражыванне” песенных гісторый як уласных, што надавала ім асаблівую выразнасць.

“Музычны калейдаскоп” аказаўся цалкам гатовым творчым праектам, які можна паказваць на любую аўдыторыю — дзіцячую, падлеткавую, дарослую, сямейную. Дый асобныя нумары здольныя ўпрыгожыць любы гала-канцэрт, і не толькі ў Маладзёжным тэатры эстрады. Так, дарэчы, і бывае: адораныя дзеці, сабраныя ў Цэнтры імя Мулявіна, выступаюць у самых розных праграмах, уключаючы фестывальныя, удзельнічаюць у канцэртах, звязаных з дзяржаўнымі святамі і іншымі значнымі падзеямі, становяцца пераможцамі многіх прэстыжных конкурсаў у нашай краіне і за яе межамі. Адным словам, трымаюць мулявінскую марку.

 

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"