“Марк Шагал. Пачатак”

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Магчымасць стаць эксклюзіўным гледачом яшчэ “гарачай” мультыплікацыйнай карціны ў атачэнні сапраўдных эскізаў да гэтай стужкі ёсць у кожнага мінчаніна да 10 красавіка.

/i/content/pi/cult/578/12750/8-3.jpgМузей гісторыі беларускага кіно па ініцыятыве беларускага мастака-пастаноўшчыка Алы Мацюшэўскай і яе калег Інгі Карашкевіч і Таццяны Удавічэнка арганізаваў выставу “…А ўсмешка засталася”, прысвечаную перыяду станаўлення Марка Шагала, што праходзіў у Віцебску, у першыя гады яго доўгага жыцця. Распрацаваныя Алай Мацюшэўскай візуальныя вобразы (а дапамагалі ёй згаданыя Карашкевіч і Удавічэнка), прадстаўленыя зараз у музеі, выкарыстала ў сваёй трынаццаціхвіліннай мультыплікацыі Алена Пяткевіч, знакаміты беларускі рэжысёр-аніматар. Абедзве стваральніцы з’яўляюцца вялікімі прыхільнікамі творчасці Марка Шагала, таму працаваць пачыналі з асцярожнасцю і трапятаннем, але вынік атрымаўся ўпэўненым. “Марк Шагал. Пачатак” паўстаў кранальнай карцінай, метафарычнай і адначасова прыемна простай, без кроплі пафасу і кічу.

Нешматслоўны, прытым дакументальна праўдзівы анімацыйны фільм заснаваны на ўспамінах мастака, якія ён пакінуў у кнізе “Мая біяграфія”. Асноўныя матывы — вылучэнне і пошук сябе, рэфлексіі, інтуітыўная бацькоўская падтрымка, любоў і каханне, апеты Віцебск, мары, палёт — падпарадкаваны сюжэту пры ўсёй сваёй абстрактнасці. Мастацкае ўвасабленне — гэта чыстыя колеры, знаёмыя па творах майстра шагалаўскія жывапісныя элементы і дэталі і, канешне ж, уласны аўтарскі стыль нашых таленавітых сучасніц. Цеплыні мультфільму дадаў мяккі харызматычны голас кінарэжысёра Дзмітрыя Астрахана, які агучыў усе “партыі” ў карціне.

Па прызнанні дырэктара Музея гісторыі беларускага кіно Ігара Аўдзеева, для яго ўстановы вялікі гонар дэманстраваць гэту мультыплікацыйную карціну студыі “Беларусьфільм” першай. Калі яна будзе ў шырокім пракаце і ці будзе ўвогуле — пакуль невядома, тым больш што спярша стужцы “Марк Шагал. Пачатак” было б добра “пафестываліць”. А пакуль музей прапаноўвае наступны рытуал: у якасці “аперытыву” — азнаямленне з мастацкай выставай трох аўтараў “…А ўсмешка засталася”, прасяканне ў атмасферу эпохі старога Віцебска і настройванне на патрэбны лад, а затым ужо прагляд той самай анімацыі, што, магчыма, зусім хутка з гонарам заявіць пра сябе на міжнародным узроўні.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст