Маладзечна: маладзёжная “Травіята”

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Жартачкі скончыліся: калі летась хтосьці яшчэ мог сумнявацца ў жыццяздольнасці Маладзечанскага маладзёжнага музычнага тэатра, адкрытага “Іялантай” П.Чайкоўскага на сцэне Палаца культуры, дык цяпер, пасля прэм’еры яшчэ больш складанай і працяглай — “Травіяты” Дж.Вердзі, усе ваганні і скептыцызм зніклі самі па сабе.

Гэта зусім не “цацачны”, не “местачкова-хатні”, а сапраўдны оперны тэатр, які спалучае такія рысы (у некаторых калектывах часам, на жаль, супрацьлеглыя), як прафесіяналізм і апантанасць. У ім працуюць і прызнаныя народныя артысты Беларусі, і навучэнцы Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага. І яшчэ невядома, як кажуць, “хто каго”. Затое дакладна вядома, што двое з тых “пачаткоўцаў”, з’ездзіўшы напярэдадні прэм’еры ў Эстонію на ІV Міжнародны конкурс акадэмічных спеваў (далучыце сюды навучальны працэс на выпускным 4-ым курсе і ацаніце “нагрузачку”), вярнуліся пераможцамі: бас Анатоль Сіўко атрымаў Гран-пры, тэнар Уладзімір Дзмітрук — Першую прэмію. Іх выкладчыкі Георгій Юрэвіч і Маргарыта Васілевіч запрошаны ў Талін — правесці там майстар-класы. Таму не здзіўляйцеся, калі і маладзечанскую “Травіяту” на гастролі ў замежжа запросяць — як запрашаюць штогод сімфанічны аркестр Маладзечанскага вучылішча на чале з заслужаным дзеячам культуры Рыгорам Сарокам.

 /i/content/pi/cult/157/1275/Travijata.jpg

У “Травіяце” аркестранты здолелі максімальна сысці ў цень. Прычым не толькі струннікі, але і духавікі, якім бывае надзвычай цяжка дасягнуць ціхай і адначасова яркай выразнасці. Выкладчыца Таццяна Каханоўская з яе крыху камерным, але вельмі мяккім, пяшчотным голасам як нельга лепей адпавядала трапяткой, чуллівай Віялеце, пакуты і заўчасная смерць якой выклікалі шчырае спачуванне залы. Яе партнёру У.Дзмітруку (Альфрэд), пры ўсіх плюсах вакалу, усё ж часам не хапала такога ўмення сыграць пачуцці, каб у іх немагчыма было не паверыць. Затое як нельга лепей юнак адлюстраваў эмацыйныя выбрыкі свайго героя, здольнага на неабдуманыя халерычныя ўчынкі. Псіхалагічных тонкасцей відавочна бракавала Андрэю Саўчанку (Жорж Жэрмон): спяваў ён добра, але — ці разумеў, пра што? Не так проста, канешне, у 20-гадовым узросце адчуць сябе бацькам дарослага Альфрэда і перадаць усю пакутлівасць бацькоўскага выбару — паміж роднай дачкой і чужой жанчынай, якая псуе жыццё ўсёй сям’і, але... выклікае спачуванне сваім шчырым каханнем.
Зразумела, пры падрыхтоўцы спектакля асноўная ўвага справядліва была аддадзена музычнаму боку — і ён атрымаўся “на ўсе 100”, калі не на 200. Хор, балет — усё на месцы. Але рэжысура патрабуе далейшага ўдасканалення. Нават на элементарным узроўні: каму з якой кулісы выходзіць, каб не было лагічных недарэчнасцей, калі героі, ледзь не сутыкнуўшыся на лесвіцы, сумняваюцца... у магчымасці сустрэчы. Няблага было б і ўдасканаліць адпаведнасць этыкету: наўрад ці ў такой традыцыйнай, без прынцыпова “авангардных” пераасэнсаванняў, пастаноўцы правамерна прымушаць кавалераў сядзець у прысутнасці дам, замест прыкладванняў да ручкі абцалоўваць іх у шчочкі і г. д. Усё гэта зусім не дробязі, асабліва на фоне прафесійна зробленай сцэнаграфіі (мастак — Дзмітрый Мохаў) з некаторымі ўстойлівымі прыёмамі кшталту ўзлятаючых і падаючых люстраў з арсеналу Барыса Герлавана. Вядома, з ходу некаторыя пралікі спектакля не выправіць, але надалей хацелася б больш уважліва ставіцца да сцэнічных і псіхалагічных тонкасцей, асабліва з боку такога вопытнага артыста, як Уладзімір Экнадзіёсаў, які ў “Травіяце” выступіў пастаноўшчыкам.
Але ўсё гэта не можа перашкодзіць запрашэнню на наступны паказ “Травіяты” 16 красавіка. Дык наведайце Маладзечна!

Надзея БУНЦЭВІЧ