Спальваў у попел свае сэрца і душу…

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Вось ужо дваццаць два з паловай года яго няма з намі. 17 сакавіка 2016 -га ён мог бы адзначыць сваё 80-годдзе. Але, што тут казаць? Жыццё немагчыма спыніць, як і смерць. Такі лёс чалавечы…

/i/content/pi/cult/578/12749/8-2.jpgЛеанід Лапчынскі… Таленавіты жывапісец, рысавальшчык і выдатны педагог. Вучань славутых Віталя Цвіркі і Аляксандра Мазалёва, ён на працягу 32 гадоў выхоўваў будучых мастакоў у Мінскім мастацкім вучылішчы, дзе выкладаў жывапіс, малюнак і кампазіцыю. Тут ён стварыў такую атмасферу, каб кожны яго вучань змог адчуць не толькі свой творчы патэнцыял, але і навучыўся самастойна мысліць і разважаць наконт бачанага ў навакольным свеце. А хто не ведаў яго знакамітую на ўвесь Мінск бібліятэку па мастацтве ў доме на Вішнёвым завулку, якой карысталіся і мастакі, і настаўнікі вучылішча, і студэнты?

Як успамінаў яго паплечнік па выкладанні Леанід Шчамялёў, “жыватворны ўплыў Лапчынскага на педагагічны калектыў і на мяне асабіста быў вельмі значны, нягледзячы на тое, што ён быў маладзейшы за мяне, бо ён па-сапраўднаму спальваў у попел свае сэрца і душу. Гэты быў інтэлігентны, адукаваны, працаздольны чалавек. У яго існавала асабістая, вельмі прывабная методыка выкладання спецпрадметаў”. А другі калега — Алег Луцэвіч назваў Лапчынскага “адным з найцікавейшых педагогаў за ўсю гісторыю Мінскага мастацкага вучылішча”. І паставаіў яго побач з такім агульнапрызнаным аўтарытэтам, як Альгерд Малішэўскі.

А я ўзгадваю жывапісныя творы гэтага мастака, прысвечаныя роднай Беларусі: цыкл работ “Па Беларусі”, вобразы Навагрудчыны, Мазыршчыны, старажытнага Гродна з Каложай, утульныя вуліцы Мінска, аколіцы вёсак Пільніца, Раўбічы, Жыровічы, Сёмкава, пластычныя мелодыі Прыпяці, старажытныя помнікі архітэктуры, вобразы рабочых і сялян. А цудоўнае “Старое дрэва” ці “Квітнеючы сад”? А “Мазырскі краявід з Кафедральным саборам” ці “Мірскі замак на заходзе сонца”? А вахрыста-серабрыстая кампазіцыя “Брыгада”? І самыя апошнія творы “Дрэва ў начы”, “Прывакзальная плошча”, “Стары горад”… Рэчы пранізліва сардэчныя, душэўныя, зробленыя па вялікіх законах высокага мастацтва. Знешне сціплыя, някідкія, але колькі ж унутранай экспрэсіі, дынамізму, колькі глыбокага інтэлекту ў іх!

Не магу не сказаць і пра іншае. У сярэдзіне 1970-х мастак перастаў удзельнічаць у выставах. Яго чалавечыя і мастакоўскія якасці ніяк не ўпісваліся ў афіцыйную кан’юнктуру і, як вынік, выпадалі са звыклага тагачаснага мастацкага асяродку. Ён як бы лічыўся белай пеўчай птахай, але… з чорнай меткай чалавека, які не хоча ісці ў адным шэрагу з “правільнымі” калегамі па пэндзлю. Ён быў занадта сціплы, ненахабны, не жадаў распіхваць іншых локцямі, імкнучыся “наверх”, не быў здатны ўздымацца на чужых спінах. Таму яго, “чужога сярод сваіх”, так і не прынялі ў Саюз мастакоў БССР. Таму Леанід Васільевіч ніколі не атрымліваў ніякай матэрыяльнай і маральнай падтрымкі з боку творчай арганізацыі, а выстаўкамы часта ставіліся да яго твораў негатыўна, хаця многія іншыя мастакі, праўда, у кулуарах і ў прыватных размовах, захапляліся яго жывапісам.

Я не часта сустракаўся з ім, асабліва апошнім часам яго жыцця, але пры сустрэчах ён ніколі не скардзіўся на свой лёс, на ўсякія болькі, якіх у яго было шмат, і ўсе “слізкія” гаворкі пераводзіў на творчасць тых калег, якіх па-сапраўднаму цаніў. Апошні раз (гэта было, здаецца, у 1990-м) ён мне распавёў, што вось толькі што закончыў цыкл карцін пад назвай “Дарога праз Баяры” і запрасіў мяне іх паглядзець у яго майстэрні…

Калісьці, у 1995 годзе, мастак Рыгор Сітніца напісаў у Кнізе водгукаў на пасмяротнай выставе Леаніда Лапчынскага прарочыя словы, якія і сёння мне здаюцца сучаснымі: “Як балюча, што гэтага дужа цікавага творцу мы адкрываем для сябе ўжо пасля ягонай смерці. Яшчэ раз усведамляеш, да якой ступені была прыніжана Беларусь, калі такія таленты не мелі мажлівасці натуральна развівацца…”

На жаль, вялікае часам бачыцца толькі на адлегласці. Праўда, пасля смерці мастака справядлівасць пачала аднаўляцца. Першым “выбухам” стала яго памятная рэтравыстава 1995 года. Потым пра яго творчасць пачалі пісаць мастацтвазнаўцы: Міхась Раманюк, Леанід Дробаў, Яўген Шунейка, Кірыл Зеляной, Генадзь Сокалаў-Кубай, Пётра Васілеўскі і іншыя. Сваё слова ў прэсе, на радыё і тэлебачанні сказалі і тыя мастакі, якія добра ведалі жывапісца і настаўніка. Пра Л.Лапчынскага былі створаны шэраг радыёпраграм, дакументальны фільм Беларускага тэлебачання і цікавы ілюстраваны альбом на трох мовах, падрыхтаваны ўдавой мастака Лідзіяй Лапчынскай.

І вельмі хочацца спадзявацца, што памяць пра гэтага цудоўнага чалавека і творцы будзе заўсёды жывой…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"