І Беларускія тэатральныя сезоны ў Францыі

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

11 сакавіка 2016 года у рамках Дзён беларускай культуры ў Францыі адбылося адкрыццё “І Беларускіх тэатральных сезонаў у Францыі”.

/i/content/pi/cult/578/12748/8-1.jpgІніцыятарам і арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца Пасольства Беларусі ў Францыі пры падтрымцы Франка-беларускай асацыяцыі “Жыццё ў музыцы”, Культурнага цэнтра Беларусі ў Францыі і міжнароднага грамадскага аб’яднання “Тэатро”. Фінансавую дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства аказалі ЗААТ “Данон Беларусь” і авіякампанія “Белавія”.

Урачыстае мерапрыемства адбылося ў адным са старэйшых тэатраў Парыжа — “Ад’яр”. Падчас мерапрыемства гледачам была прапанавана лірычная камедыя ”Лёгкага жыцця ніхто не абяцаў“ па п’есе знакамітага французскага драматурга Жана-Клода Іслера ў выкананні Заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь “Тэатр-студыя кінаакцёра” Нацыянальнай кінастудыі ”Беларусьфільм“.

Высокі ўзровень пастаноўкі камедыі (мастацкі кіраўнік “Тэатра-студыі кінаакцёра” Аляксандр Яфрэмаў), а таксама майстэрства акцёраў Аляксандра Цімошкіна, Веры Паляковай, Алены Гіронак, Валерыя Ефіменкі, Аляксандра Бранкевіча і Антона Жукава былі адзначаны не толькі гледачамі, але і самім аўтарам п’есы Жанам-Клодам Іслерам, які прысутнічаў на спектаклі.

Мерапрыемства сабрала 350 гледачоў, сярод якіх кіраўнікі дыпмісій, акрэдытаваных у Францыі і пры UNESCO, дыпламаты Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Малдовы, Расіі, Узбекістана, Таджыкістана, прадстаўнікі беларускай дыяспары, французскіх дзяржаўных устаноў і грамадскасці.

У рамках адкрыцця ”І Беларускіх тэатральных сезонаў у Францыі“ гасцям была прапанавана таксама выстава беларускага тэатральнага плаката ”Тэатр у плакаце“. На ёй былі прадстаўлены творы сучасных беларускіх мастакоў Кацярыны Калацкай, Дар’і Лебедзевай, Юліі Галавіной, Нікіты Расолька, Наталлі Гаеўскай, Сяргея Скрыпнічэнка, Елізаветы Емельянавай, Ганны Русецкай, Рамана Стрыгі, Юрыя Таубкіна і Настассі Кулажанка. Куратарам выставы з’яўляецца дызайнер Алена Карпілава.

Падчас адкрыцця ”І Беларускіх тэатральных сезонаў у Францыі“ перад гасцямі выступіў Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, які адзначыў важнасць збліжэння беларускага і французскага народаў праз правядзенне знакавых культурных мерапрыемстваў. П.Латушка падкрэсліў, што 2016 год абвешчаны Годам культуры ў Беларусі, а гэта дае дадатковую магчымасць пазнаёміць з беларускім мастацтвам і замежнага гледача.

Пасол Беларусі праінфармаваў, што ”І Беларускія тэатральныя сезоны ў Францыі“ плануецца працягнуць пастаноўкай камедыі ”Арт“ па п’есе Ясміны Рэза ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, монаоперай ”Адзінокі птах“ аб жыцці Адама Міцкевіча ў выкананні Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра, а таксама шэрагам іншых тэатральных мерапрыемстваў.

Паводле паведамлення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі