Хэпі-энд пакідае надзею

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Ганна МАЛАНКІНА, заслужаная артыстка Беларусі, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага

/i/content/pi/cult/578/12746/1-1.jpgПра новыя цікавыя ролі артыст марыць заўсёды. А калі такі падарунак атрымлівае акурат да свайго юбілею, гэта прыемны сюрпрыз удвая. Для мяне ім стаў прэм’ерны спектакль “Лэдзі на дзень” у пастаноўцы Дзмітрыя Астрахана — вядомага расійскага рэжысёра, які апошнім часам плённа працуе ў Беларусі.

Роля галоўнай гераіні Ані сур’ёзная, складаная, праходзіць праз увесь спектакль — дзе асноўнай “мелодыяй”, а дзе і “кантрапунктам”, трымае драматычную і нават трагічную лінію сюжэта. Вакол мяне — яркія камічныя персанажы з кідкімі запамінальнымі фразамі, смешнымі рэпрызамі. Яны сыплюць усё новымі жартамі, выбрыкамі-выкрунтасамі, а я павінна супрацьпастаўляць сваю гераіню гэтаму ўсеагульнаму вяселлю і задору.

У першы свой прыезд рэжысёр быццам не звяртаў на мяне ўвагі, займаючыся масавымі сцэнамі. А ў мяне — два вялізныя маналогі. Як жа іх вырашаць? Але сцэну спробы майго самагубства ён паставіў настолькі экспрэсіўна, што я здзівілася яшчэ больш. І… ён паехаў, пакінуўшы мяне ў вялікім хваляванні. Тады я звярнулася да старэйшых калег — народнай артысткі Беларусі Вольгі Клебановіч і актрысы Купалаўскага тэатра Алы Ельяшэвіч: “Вы вучыліся ў майго бацькі — рэжысёра і педагога Уладзіміра Маланкіна. А цяпер дапамажыце мне: як бы вы працавалі над такой трагічнай роллю ў кантэксце камедыі?” Парады гэтых цудоўных актрыс шмат у чым дапамаглі мне намацаць шлях да маналогаў: адна прапанавала “гульню-размову” з яблыкамі, другая падказала тонкія эмацыйныя пераходы. Але Астрахан сказаў: “Не, не і не! Будзем рабіць усё інакш”. Ён меў рацыю, бо ўжо неаднойчы паспяхова ўвасабляў гэту п’есу — і ў некалькіх тэатрах, і ў кіно. Прафесіянал высокага ўзроўню, ён выказваў вельмі дакладныя патрабаванні, не марнаваў час на развагі-тлумачэнні, і я імкнулася рабіць тое, што яму было трэба. У пэўны момант, што называецца, увайшла ў малюнак рэжысёра на ўсе не проста сто — на 250 адсоткаў! А ён паглядзеў і кажа: “Трэба парэпетыраваць. Здаецца, я звёў вас не ў той бок”. І як я была рада, што ў выніку мы вярнуліся да ранейшай версіі! Бо ў ёй больш улічвалася мая індывідуальнасць, таму многія рэчы былі зроблены крыху мякчэй.

У кожным сваім героі артыст звычайна шукае і ўласныя рысы, уносіць у ролю тое, што называюць “спавядальнасцю”. У аснове “Лэдзі на дзень” — гісторыя маці, якая не бачыла сваю дачку 12 гадоў, бо тая жыла далёка за мяжой. Расстанне са сваім дзіцём, якога б узросту яно ні было, трывога за яго — гэтаму будзе суперажываць уся зала. Пад словамі Ані можа падпісацца любая жанчына: “Дачушка! Якія б словы ты зараз ні пачула, якая праўда табе ні адкрылася б, ведай адно — што я люблю цябе больш за жыццё і больш за ўсё на свеце. І хацела б, каб ты была шчаслівай!” Я таксама шчаслівая, што магу вымавіць гэтыя словы, звяртаючы іх і да сваёй дачкі, якая ўжо скончыла школу і паступіла ў нашу Акадэмію мастацтваў на тэлерэжысёра.

Любая актрыса марыць пра такую ролю-пераўвасабленне: жабрачка, што гандлюе яблыкамі, у другой дзеі паўстае свецкай дамай у шыкоўных убраннях. Вядома, тут усё больш узнёсла, чым насамрэч у жыцці, але гэта вельмі падабаецца гледачу. Дый абраны жанр меладрамы не патрабуе надта глыбокага корпання ў псіхалогіі — на карысць пранікнёнасці, нават некаторай “казкі для дарослых”. Мяне радуе, што спектакль прыйшоўся даспадобы людзям усіх узростаў: на ім можна павесяліцца-пацешыцца, паглядзець на прыгожыя строі ды цудоўных дзяўчат, а можна і задумацца пра жыццёвыя страты і набыткі: “Два тыдні шчасця на ўсё жыццё — многа ці мала?” Гэты выдатны спектакль — сапраўдны вясновы падарунак для мяне, для ўсёй нашай акцёрскай “каманды” і, галоўнае, для гледачоў: поўныя залы, шчаслівыя твары, людзі плачуць і смяюцца, крычаць “Брава!”, бо хэпі-энд пакідае надзею, што і ў рэальным жыцці любыя цяжкасці — часовыя.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"