Хто пойдзе да дошкі?

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Мікалай КІРЫЧЭНКА, народны артыст Беларусі, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, дацэнт кафедры акцёрскага майстэрства Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў

/i/content/pi/cult/578/12745/1-2.jpgНарэшце, здзейснілася! Пасля доўгіх шасці гадоў рамонту, якія падаліся нам вечнасцю, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў пачынае патроху перабірацца ў абноўлены будынак. Але да шчаслівых імгненняў дадаюцца і менш радасныя: ці прыстасаваны адрамантаваныя памяшканні да заняткаў менавіта акцёрскай прафесіяй?

Першае ўражанне, як уваходзіш ва аўдыторыі, — усё вельмі добра і прыгожа. Відавочна, што будаўнікі стараліся зрабіць як мага лепш, укладалі ў сваю працу не толькі рамяство, але і душу. Дый грошай было выдаткавана нямала! Але ж ці падыходзіць нам усё гэта?

Аўдыторыі, якія мы атрымалі пад майстэрні, зроблены як звычайныя вучэбныя класы для групавых заняткаў. У адным з памяшканняў нават дошка вісіць — як у школе ці ўніверсітэце. А нам трэба штосьці зусім іншае. Замест светлага пакою з вялікімі вокнамі, каб пісаць было зручней, нам патрэбна тэатральная міні-зала. А гэта значыць — зачыненыя вокны, чорная драпіроўка, якая стварае так званы “чорны кабінет”, спецыяльнае тэатральнае святло, гукаапаратура, пульт, дынамікі і яшчэ многа-многа незаўважных “дробязяў”, якія і павінны надаць звычайнаму пакою падабенства сцэны.

Ведаеце, калісьці праводзілі такі эксперымент: замест згаданага “чорнага кабінета”, што ўтварае адчуванне замкнёнай прасторы, паспрабавалі зрабіць для рэпетыцыйных памяшканняў штосьці “павесялей”. Пафарбавалі сцены ў светлыя тоны прыемных адценняў: маўляў, гэткая “колератэрапія” будзе спрыяць пазітыўным настроям, адпаведна, павялічыцца працаздольнасць, узрасце энергія. Пэўна, так яно і ёсць — у іншых прафесіях. А ў акцёрскай — нічога з той спробы не атрымалася, бо знікла канцэнтрацыя ўвагі. Артысты адгукаліся на знешнія раздражняльнікі (дзесьці птушка праляцела, машына загудзела, дождж пайшоў і да т.п.) — замест таго, каб засяродзіцца на сваіх унутраных пачуццях і эмоцыях, якія трэба потым перадаць гледачам. Асабліва важна гэта для пачаткоўцаў, якія яшчэ толькі вучацца прафесіі.

Хтосьці, мабыць, скажа, што не трэба было ўзнімаць гэтую праблему: усё ж і без таго будзе даведзена да ладу. Безумоўна, усё будзе папраўлена. Ні ў каго ў тым няма ніякіх сумневаў! Але шкада, што давядзецца штосьці перарабляць. Зразумела, у адрозненне ад тыпавых вучэбных класаў тэатральныя майстэрні аднаўляюць у нас не штодня. Ды ўсё ж такая непрадуманасць выклікае здзіўленне. Няўжо нельга было прадугледзець усе гэтыя дэталі ад самага пачатку? Бо шкада і часу, і выдаткаваных сродкаў, і чалавечых намаганняў. Пэўна, ужо на этапе складання дакументацыі і вырабу праектаў трэба было прыцягнуць спецыялістаў тэатральнай сферы, а не адно праекціроўшчыкаў і будаўнікоў. Не ўзводзім жа мы, да прыкладу, басейн па прынцыпе канцэртнай залы!

А што самае крыўднае — ці ж упершыню такія пытанні ўзнімаюцца? Не заўсёды яны выказваюцца адкрыта, тым больш на газетных старонках. Але тыя ці іншыя “пераробкі-даробкі” ўзнікалі і працягваюць узнікаць пры аднаўленні ледзь не кожнага “спецыфічнага” будынка сферы культуры, толькі дапрацоўваецца ўсё ціха: маўляў, дзякуй, што адрамантавалі, астатняе ж — не ў разлік. Значыць, трэба тэрмінова перапыняць “сумную традыцыю”. Не ў тым сэнсе, што біць ва ўсе званы пры выяўленні недахопаў: нікому гэта не на карысць! Наадварот, трэба ствараць такія ўмовы, пры якіх усялякія нязручнасці для будучых “жыхароў” аб’екта культуры (а ні для каго не сакрэт, што артысты папраўдзе “днююць ды начуюць” у рэпетыцыйных класах) будуць ліквідавацца на ўзроўні праектаў, а не гатовых будынкаў.

“К” віншуе Мікалая Міхайлавіча з 70-годдзем і зычыць яму здароўя, натхнення, поспеху ў далейшых творчых здзяйсненнях (акрамя бягучага рэпертуару, артыст заняты ў рэпетыцыях двух новых спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы), адораных студэнтаў і такой жа прынцыповасці ў прафесійных пытаннях, якую ён выказвае сёння.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"