Паспець выпіць кавы?

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

"Перазагрузка" віртуальных фондасховішчаў

Як засведчыў міжнародны навукова-практычны семінар “Музейным калекцыям — сучасныя лічбавыя тэхналогіі”, які быў арганізаваны Фондам "Культурная спадчына і сучаснасць" пры фінансавай падтрымцы UNESCO, айчынныя музейшчыкі ад жыцця не адстаюць і ў дадзенай тэматыцы разбіраюцца някепска. Тым больш, для іх гэта не толькі магчымасць аптымізаваць сваю працу, але таксама і новая прынада для наведвальнікаў. Невыпадкова, што пляцоўкай для семінара стаў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, які ці не найбольш актыўна выкарыстоўвае ў экспазіцыі сучасныя вынаходкі.

Але найбольш увагі на семінары было адведзена не размаітым спосабам выклікаць у наведвальніка “ваў-эфект”, а сур’ёзнаму і маштабнаму праекту, які распачаўся амаль дзесяць гадоў таму. 10 чэрвеня 2006 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь выдаў пастанову, якую можна лічыць пунктам адліку работы па стварэнні Дзяржаўнага музейнага каталога Рэспублікі Беларусь. Адпаведна, самы час падвесці пэўныя вынікі.

У каталогу ёсць, а ў рэальнасці…

Найгалоўны з іх — уласна, само з’яўленне такога каталога. На сённяшні дзень у яго ўключана больш за 156 тысяч музейных прадметаў — што, вядома ж, зусім нямала. І цяпер кожны зацікаўлены карыстальнік Інтэрнэта можа пры патрэбе даведацца, што ў Столінскім краязнаўчым музеі ёсць прыгожы гліняны куфаль, з якога пілі медавуху яшчэ ў XVII стагоддзі.

Як зазначыла галоўны каардынатар семінара — начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч, пэўная база ўжо створана, але зробленая праца патрабуе істотнага ўдасканальвання. Пра гэта засведчылі і нараканні спецыялістаў, датычныя выкарыстання змешчанай у каталогу інфармацыі.

— Інтэрфейс праграмы проста перароблены пад Дзяржкаталог, хаця насамрэч ён з такім самым поспехам можа лічыць, скажам, піражкі альбо плюшкі. Пошукавая сістэма вельмі недасканалая, — падзяліўся сваім досведам карыстальніка намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмой. — Ды і сам сайт ужо тэхналагічна састарэў: ён вельмі “цяжкі”, і таму пакуль сёе-тое грузіцца, можна паспець выпіць кавы.

Ёсць вельмі многа аспектаў, якія трэба было б прадумаць яшчэ на пачатку працы над каталогам.

Варта дадаць, што і раздзел навінаў на сайце каталога абнаўляецца не тое каб рэгулярна. Як ні парадаксальна, там не адшукаеш нават інфармацыю пра той самы міжнародны семінар.

Адна з важных задач гэтага праекта — спрашчэнне працы тых музейшчыкаў, якія рыхтуюць тэматычныя выставы. Усяго за некалькі хвілін яны могуць дазнацца, у фондах якіх беларускіх музеяў ёсць цікавыя для іх прадметы. Але, як выявілася, на практыцы гэта функцыянуе зусім не без хібаў.

— Працуючы над выставай “Беларусь у Першай сусветнай вайне”, знайшоў у каталогу адзін вельмі рэдкі экспанат і вырашыў змясціць яго ў экспазіцыю, — распавёў Аляксандр Храмой. — Патэлефанаваў дырэктару таго музея, а ён кажа: ды няма ў мяне такога прадмету і ніколі не было! У каталогу ёсць, а ў рэальнасці — адсутнічае. Як такое магло стацца і колькі яшчэ падобных выпадкаў?

“Фота на пашпарт”

Яшчэ адно пытанне, якое абмяркоўвалася падчас семінару — сам характар падачы інфармацыі. Прыкладам, ці здатны карыстальнік скласці хаця б больш-менш паўнавартаснае ўяўленне аб прадмеце, калі апісанне — самае агульнае, а дададзенае фота не дазваляе разгледзець яго ў дэталях?

— Мы перадалі ў каталог выявы сямі з паловай тысяч дырхерм, але, паводле дзейных нарматываў, яны настолькі маленькія, што па гэтых здымках, па сутнасці, нічога немагчыма вызначыць, — кажа загадчык навукова-інфармацыйнага аддзела Полацкага музея-запаведніка Віталь Гаўрылаў. — Зразумела ж, гэта абсалютна непрэзентацыйна. Самае галоўнае — мы і самі фота адразу робім маленькімі, каб было лягчэй перадаваць. 70 % фондаў алічбавана з такім пашырэннем.

У Славакіі, прадстаўнікі якой узялі ўдзел у семінары, большасць унесеных у каталог музейных прадметаў маюць не проста вялікія фота, але паўнавартасныя 3D-копіі. Болей за тое, у электронны дэпазітарый патрапілі таксама і тысячы відэафайлаў, якія адлюстроўваюць народныя танцы і рамёствы.

Цэнтр дыгіталізацыі быў створаны чатыры гады таму пры адным з найбуйнейшых (і найбольш “тэхналагізаваных”) музеяў краіны — Славацкага нацыянальнага паўстання. Праца вядзецца надзвычай хутка: на сёння зроблена ўжо болей за 170 тысяч электронных копій.

— Мы прайшлі гэты шлях першымі і можам падзяліцца сякім-такім досведам, — адзначыў падчас семінара Генеральны дырэктар музея Станіслаў Мічаў. — На маю думку, самае важнае на дадзеным этапе — распрацаваць і ўкараніць аднолькавыя для ўсіх стандарты, якія адпавядалі б міжнародным патрабаванням. У нас ужо была сітуацыя, калі кожны музей карыстаўся нейкімі ўласнымі праграмамі, і гэта, зразумела ж, істотна ўскладняла ўсім жыццё. Таму мы зрабілі канверсію і ўключылі ўсе даныя ў інтэграваную базу.

…Скрыстаўшыся нагодай, спытаў у спадара Мічава, ці не змянілася пасля глабальнай змены эпох стаўленне да Славацкага паўстання, якое адбылося ў 1944 годзе і было скіравана супраць пранацысцкай дзяржаўнай улады. Балазе, для гістарычнай рэвізіі былі сякія-такія перадумовы: вялікая роля ў тых падзеях камуністаў, падтрымка Сталіна, урэшце, паражэнне паўстанцаў… Але дырэктар музея запэўніў, што абсалютная большасць славакаў сёння па-ранейшаму лічыць паўстанне нацыянальным подзвігам. Таму падыход да тэмы прынцыпова не змяняецца — з’яўляюцца хіба новыя сродкі для яе раскрыцця.

Сем разоў адмерай

Той “софт”, які выкрыстоўваецца для стварэння беларускага Дзяржкаталога, таксама выклікае ў музейшчыкаў масу нараканняў — на думку многіх з іх, ён і задарагі, і недасканалы. Але, па словах Алы Сташкевіч, перад тым, як шукаць новага падрадчыка, музейная супольнасць павінна дакладна вызначыцца “з тэхнічным заданнем”. Ці, іншымі словамі — якім павінен быць каталог пасля сваёй “перазагрузкі”.

У тым, што каталог патрабуе пэўнай “перазагрузкі” — і ў прамым і ў пераносным сэнсе слова, — удзельнікі семінару пагадзіліся бадай аднадушна. Выказвалася меркаванне, што праробленая за гады праца ў значнай ступені аказалася дарэмнай: рана ці позна музейшчыкам давядзецца зноў дыгіталізаваць свае фонды, бо сучасныя электронныя дэпазітарыі патрабуюць вельмі добрага ўзроўню копій. Балазе, і сучасныя тэхналогіі, і хуткасць перадачы інтэрнэт-трафіку даўно ўжо гэта дазваляюць.

Натуральна, тут немінуча паўстае ці не самае надзённае сёння пытанне — фінансавае. У Славакіі музейная дыгіталізацыя прайшла так хутка і эфектыўна дзякуючы грантавай падтрымцы Еўрасаюза. Па словах Алы Сташкевіч, сякія-такія магчымасці для атрымання “вонкавай” дапамогі маюць і беларускія музейныя праекты. Але… на сёння казаць пра гэта яшчэ проста зарана, бо ў дадзеным выпадку неабходна дзейнічаць паводле прынцыпу “сем разоў адмер”.

— Калі б нам сёння нехта даў мільён долараў, мы б усё адно мала чаго б дасягнулі, — пераканана яна. — Перад тым, як шукаць фінансаванне, трэба спярша патраціць дастаткова часу на выпрацоўку метадалогіі і стратэгіі дыгіталізацыі музейных фондаў. А гэта вымагае зладжанай працы цэлага кола спецыялістаў — як у музейнай галіне, так і па IT-тэхналогіях. Трэба разумець, што гэта комплексная інтэгратыўная задача, якая закранае не толькі захаванне фондаў, але таксама і экспазіцыйную дзейнасць, адукацыю…

У сваю чаргу, Станіслаў Мічаў парэкамендаваў беларускім калегам дзейнічаць адначасова ў двух кірунках:

— Першы шлях — метадалагічны, другі — праектны, і ідуць яны паралельна. Адпаведна, адачасова трэба ствараць і дзве групы экспертаў. Першая будзе распрацоўваць агульныя прынцыпы і стандарты, а другая — шукаць фінансаванне і абіраць фірмы, якім можна даверыць выкананне задачы.

На думку спецыялістаў, некалькіх месяцаў на гэтыя захады наўрад ці будзе дастаткова — спатрэбіцца як найменш пару гадоў. Але, з іншага боку, спяшацца ў такой справе дакладна не выпадае — інакш непазбежна давядзецца выконваць работу над памылкамі.

— І канчатковы вынік тут ніколі немагчыма дасягнуць, — лічыць Станіслаў Мічаў. — Гэта не дазваляе сама спецыфіка музейнай дзейнасці. Звесткі пра той ці іншы прадмет могуць абнаўляцца, класіфікацыя таксама здатная змяняцца. Таму мы мусім разумець, што праца музейшчыка — заўсёды творчая.