Наколькі прыбытковая дыскатэка

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Падлічыць “на вока” суму, на якую “пацягнуць” танцы ў клубе, скажам, Ельскага раёна Гомельшчыны ці Ваўкавыскага раёна Гродзеншчыны, даволі цяжка. Многае залежыць ад таго, наколькі папулярная дыскатэка ў вёсцы, ці ведаюць пра яе ў іншых раёнах, якая тэхнічная база сельскага Дома культуры, ці ёсць там “завадныя” дзі-джэі, і, урэшце, колькі каштуе ўваход на мерапрыемства… Праўда, часам паспяховасці дыскатэкі могуць перашкаджаць не толькі эканамічныя фактары.

/i/content/pi/cult/578/12741/4-22.jpgНапрыклад, у Мастоўскім раёне Гродзенскай вобласці напярэдадні свята 8 сакавіка на сельскай дыскатэцы адбылося прыкрае здарэнне. Адзін з наведвальнікаў пачаў танчыць з незнаёмай дзяўчынай, не падазраючы, што тая мае вельмі раўнівага хлопца. Як распавялі ва ўпраўленні ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама, не чакаючы заканчэння музычнага трэка, “гарачы” кавалер адвёў дзяўчыну ў бок, пасля чаго вярнуўся і некалькі разоў ударыў ні ў чым не вінаватага суперніка ў твар. А пасля дыскатэкі яго зноў збілі. Натуральна, гэтыя дзеянні не засталіся па-за ўвагай праваахоўных органаў: у мясцовым РАУС сёння ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “хуліганства”.

Зразумела, падобныя здарэнні папулярнасці сельскай дыскатэцы не надаюць. А калі сюды не ідзе наведвальнік — падае і выручка ўстановы культуры. Адсюль “снежным камяком” нарастаюць і іншыя праблемы: невыкананне плана платных паслуг, неатрыманне прэмій супрацоўнікамі клуба і многае іншае…

З падобнай сітуацыяй сутыкнуліся і ў вёсцы Плябанаўцы Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Папулярная там дыскатэка ўвесь час ладзілася з вечара да 2 гадзін ночы, а мінулымі вясной і летам — у самы, так бы мовіць, пік танцавальнага сезону, — паводле загаду раённага кіраўніцтва пачала праводзіцца толькі да 12 гадзін ночы. Прычым такі час для завяршэння дыскатэк быў усталяваны па ўсім Ваўкавыскім раёне.

Усё гэта адразу паўплывала на наведвальнасць дыскатэчных мерапрыемстваў у Плябанаўцах. Колькасць ахвотных завітаць на танцы ў сельскі клуб скарацілася ўдвая: раней было 120 — 200, а пасля рашэння мясцовых улад — ужо 50 — 60 чалавек. Кіраўнік установы культуры звярнуўся па дапамогу ў “К”, і газета напісала пра праблемную сітуацыю — гл. артыкул “За што “курка” пацярпела?” (№21 “К” за 23.05.2015). Газетная публікацыя адразу ж паўплывала на вырашэнне названага пытання: некаторым СДК раёна была зноў дадзена магчымасць ладзіць дыскатэкі да 1 ці 2 гадзін ночы, у тым ліку — і ўстанове культуры ў Плябанаўцах…

Але ж гэтае рашэнне не было імгненным: над праблемай у раёне думалі доўга, збіраючы не адзін раз розныя пасяджэнні і камісіі, а канчаткова пытанне вырашалася толькі пасля калектыўнага звароту мясцовай моладзі ў Гродзенскі аблвыканкам… Увесь гэты час, зразумела, дыскатэка ў вёсцы не карысталася попытам. Як кажа дырэктар Плябанаўскага ДК (згодна з абноўленай афіцыйнай назвай клуб называецца “аддзел культуры і дасуга “Плябанаўскі ДК”) Аляксандр Бабін, за 2015 год ён зарабіў на правядзенні танцавальных вечароў 75 мільёнаў рублёў. І калі б не вяснова-летняя забарона, гэтая лічба магла быць большай прыкладна ўдвая.

— І гэта не проста словы, — кажа Аляксандр Бабін. — Так, яшчэ за 2014 год установа культуры зарабіла дзякуючы правядзенню танцавальных вечароў прыкладна 100 мільёнаў рублёў. Як бачыце, леташнія страты ад забароны — навідавоку. Скажам, на сёння, 10 сакавіка, я ўжо зарабіў 33 мільёны з пачатку года.

Што да сітуацыі ў Мастоўскім раёне, дык, як кажа Аляксандр Бабін, падобных выпадкаў у яго практыцы ніколі не было:

— Я пастаянна адсочваю сітуацыю падчас дыскатэкі, часам нават “разрульваю” праблемныя моманты яшчэ напачатку, — кажа дырэктар установы культуры. — Тут, як мне падаецца, трэба выкарыстоўваць псіхалагічны падыход, а таксама мець пэўны аўтарытэт сярод моладзі, каб цябе паслухаліся. Але на дыскатэку прыходзіць шмат людзей, у тым ліку і незнаёмых, якія прыязджаюць з іншых раёнаў Гродзеншчыны, так што ад падобных здарэнняў сёння не застрахаваны ніхто.

Цалкам слушная думка: быць і дырэктарам установы культуры, і ахоўнікам, і псіхолагам, і аўтарытэтным лідарам, да слоў якога абавязкова прыслухаюцца. Праўда, не ўсе нашы дырэктары СДК могуць быць здольнымі на такое. Бо, на мой погляд, не так ужо і важна, усталявана ў тым або іншым СДК найноўшая гукаўзмацняльная ці светлавая апаратура, якія там круцяць мелодыі і колькі раздаюць прызоў за ўдзел у конкурсах. Кожнаму важна адчуваць на дыскатэцы свабоду, радасць і ўпэўненасць у тым, што твой адпачынак не будзе раптоўна ці гвалтоўна перапынены. І гэта, бадай, галоўнае.

Так што пытанне пра тое, наколькі прыбытковая сёння дыскатэка, застаецца адкрытым. Бо калі ў некаторых раёнах Беларусі танцавальныя вечары страчваюць сваю папулярнасць, дык у іншых, як бачна, усё так жа карыстаюцца попытам у моладзі. А як знайсці да яе падыход — папытайце ў Плябанаўцы у любога сустрэчнага маладога чалавека...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"