Праекты, а не пражэкты!

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Нягледзячы на сваю доўгую гісторыю, Маладзечна застаецца горадам маладым, які жыве яркім, рознабаковым культурным жыццём. Наш горад адметны, яго па вартасці называюць сэрцам культурнага жыцця вобласці і за ім ужо даўно замацаваўся тытул культурнай сталіцы Міншчыны. Дзякуючы працы вядучых устаноў культуры, Маладзечна сёння з правінцыі пераўтворана ў сапраўдны сімвал музычнага мастацтва і культуры ўвогуле.

Галоўнымі сцэнічнымі пляцоўкамі для правядзення асноўных мерапрыемстваў рэспубліканскай акцыі “Маладзечна — культурная сталіца Беларусі-2016” сталі нашы Палац культуры і Амфітэатр.

/i/content/pi/cult/578/12738/1-5.jpg

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў (злева) перадае сімвал Культурнай сталіцы Беларусі-2016 старшыні Маладзечанскага райвыканкама Аляксандру Яхнаўцу.

 

Падчас прэзентацыі Рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі 2016 года”, што адбылася 5 лютага, апрача ўрачыстай цырымоніі і маштабнага канцэрта ў клубнай частцы і рэкрэацыях Палаца культуры адкрылася выстава-прэзентацыя ўстаноў культуры і адукацыі Маладзечанскага раёна, ладзіліся майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. А ў выставачнай зале Палаца адбылося адкрыццё выставы сяброў творчага аб’яднання прафесійных мастакоў “Маладзечна”. Былі прэзентаваны работы Мікалая Аўчыннікава, Рыгора Мяжуева, Аляксандра Пашкевіча, Уладзіміра Тамашэвіча…

Па Міншчыне вызначаны ўдзельнікі Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Прайшоў IV Маладзёжны праваслаўны баль “Стрэчанне-2016”. Адначасова запрацавалі выставы майстра-рамесніка Ірэны Ханеўскай і мастака Ядвігі Сянько. А потым пачала рэалізоўваць свой выставачны праект мастак Вера Гоціна... Словам, графік работы нашага Палаца культуры шчыльны, напружаны, разнастайны.

Цягам года будуць рэалізаваны звыш 300 цікавых маштабных культурна-значных праектаў рознага ўзроўню, у тым ліку міжнародныя пленэры, фестывалі, тэлеакцыі і форумы, а таксама гастрольна-канцэртныя дзеі. Кожны праект будзе мець свае стыль і тэматыку.

Узяць, да прыкладу, XVI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Гэта адзіны музычны форум, які мае статус “нацыянальны” і з’яўляецца адным з самых значных фестываляў, што вызначаюць культурную прастору сучаснай Беларусі. Ён адкрывае новыя імёны, дае магчымасць пазнаёміцца з творчасцю беларускіх кампазітараў і паэтаў. Сёлета фестываль асаблівы — прысвечаны 75-годдзю народнага артыста СССР, усімі любімага і шануемага Песняра — Уладзіміра Мулявіна. І мы спадзяёмся, што гэта надасць фестывалю непаўторную цеплыню.

/i/content/pi/cult/578/12738/1-3.jpg

Чарговы канцэрт на сцэне Палаца культуры "Маладзечна".

Праект “Майстры мастацтваў — культурнай сталіцы Маладзечна”, які стартаваў 5 сакавіка, уключае канцэрты нацыянальнай эстраднай песні з удзелам беларускіх кампазітараў, паэтаў, эстрадных выканаўцаў і вядучых прафесійных калектываў Беларусі; спектаклі, сустрэчы з дзеячамі культуры і мастацтваў, літаратурныя і музычныя вечары, выставы і іншыя культурныя мерапрыемствы, прысвечаныя знамянальным падзеям і вядомым асобам.

У праекце прымуць удзел вядомыя выканаўцы і прафесійныя калектывы блізкага і далёкага замежжа, якія прадставяць сваё эстрадна-песеннае мастацтва і нацыянальную культуру. У рамках гэтага праекта адбудзецца канцэрт-справаздача вядучых творчых калектываў і выканаўцаў Міншчыны. 10 сакавіка ладзіўся юбілейны вечар-канцэрт Валянціна Сухадольца — саліста Москанцэрта, выпускніка нашага музычнага каледжа. А 12 сакавіка прайшоў телефестываль бардаўскай песні “Подых струны”.

Культурную сталіцу наведаюць прафесійныя танцавальныя, музычныя, харэаграфічныя калектывы: Заслужаны калектыў “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”, Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, выхаванцы Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна...

А ў планах яшчэ — Дні культуры замежных краін; міжнародны турнір па спартыўных бальных танцах “Кубак Маладзечна-2016”; фестывалі “Золотой шансон”; “ART-HAUS” — сучаснага маладзёжнага мастацтва; XXVI абласны — духавой музыкі “Майскі вальс”; “Музыка душы маёй” — харавых і вакальных калектываў духоўнай музыкі; рэспубліканскі конкурс “Свет прыгажосці-2016”; Арт-майстэрня “Содружество”, у якой прымуць удзел дэлегацыі і творчыя калектывы гарадоў-пабрацімаў Маладзечна і Маладзечанскага раёна; “Рэспект года-2016” — урачыстае ўручэнне маладзёжнай прэміі; “Талент-2016” — свята, прысвечанае Дню работнікаў культуры, Году культуры.

Адбудуцца сумесныя тэлевізійныя праекты Палаца культуры і Белтэлерадыёкампаніі: “Маладзечна запрашае”, “100 песень для Беларусі”, “Беларускія матывы”, “Маладыя таленты Беларусі” з удзелам пераможцаў рэспубліканскага творчага радыёконкурсу, вечар-канцэрт, прысвечаны 10-годдзю Маладзечанскага маладзёжнага народнага музычнага тэатра.

Прыхільнікаў класічнага мастацтва парадуюць праекты “Канцэрты опернай і класічнай музыкі”, “Вечера волшебной оперетты” з удзелам сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі і салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, салістаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

У Міжнародным творчым праекце “Маладзечанцы — роднаму гораду” возьмуць удзел выпускнікі навучальных устаноў культуры горада, якія сёння сталі вядучымі салістамі оперных тэатраў свету. Адбудуцца творчыя вечары вядомых землякоў: заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, ганаровага грамадзяніна Маладзечанскага раёна, кампазітара Алега Елісеенкава, ганаровага грамадзяніна Маладзечанскага раёна, паэта Леаніда Путырскага, паэта Кастуся Цыбульскага і іншых.

У рамках праекта “Грамадска-культурныя, патрыятычныя акцыі” адбудуцца акцыя “Спяваем Гімн разам!”, мітынг “Мы славім цябе, Беларусь!”, святочныя мерапрыемствы “Краіну слаўлю я сваю!”, “Горад, у якім хочацца жыць!”. А праект “Духоўная спадчына Маладзечна. Народная традыцыйная культура. Выставачная дзейнасць” прапануе імпрэзы, прэзентацыі, выставы, пленэры. Важнейшымі мерапрыемствамі стануць міжнародны пленэр мастакоў “Маладзечна ART-2016”, пленэр скульптараў “Вернісаж камянёў”, цыкл выстаў фотамайстроў горада “Фотосессия: Молодечно и времена года”, IV маладзёжны праваслаўны баль “Сретение-2016”, удзел у якім прымуць прадстаўнікі Маладзечанскага благачыння, дабрачыннага фонда “Спадчына М.-К. Агінскага”, моладзь, навучэнцы кадэцкіх ліцэяў, удзельнікі творчых калектываў Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў.

Шмат мерапрыемстваў праводзіцца для моладзі. Гэта святы і конкурсы: “Маладзечна — твая прастора творчасці”, Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, баль “Выпуснік-2016”, конкурс “Міс Маладзечна — 2016”, “Арт-Старт”, фестываль этнічнай музыкі “Маладзечна-этна”, ІІІ адкрыты фестываль-конкурс “Свята саксафона”, творчая акцыя “Маладзечна — горад маладосці” да Дня моладзі з удзелам маладзёжных музычных беларускіх гуртоў і ўдзельнікаў аматарскіх калектываў альтэрнатыўнай музычнай культуры. Асобнай падзеяй стане маладзёжны форум “Час жыць!”, праграма якога дазваляе не толькі выявіць таленты, але і прыцягнуць сацыяльна-небяспечную моладзь да актыўнага творчага жыцця і валанцёрскай дзейнасці.

Аматараў джазавай, сучаснай і рок-музыкі чакаюць незабыўныя вечары і сустрэчы ў канцэртных праектах “Маладзечна.Рок” з удзелам гуртоў “Нейра Дзюбель”, “Akute”, “J: Морс”, “NRM”, “Крама” і аматарскіх калектываў альтэрнатыўнай музычнай культуры, расійскіх аўтараў і выканаўцаў Глеба Матвейчука, Аляксандра Ламінскага, Наргіз Закіравай, Дзмітрыя Калдуна, груп “Чысты голас”, “Дразды”, “IOWA” і іншых.

Аматары мастацкага слова, тэатральнага мастацтва змогуць наведаць “Паэтычную гасцёўню”, сустрэцца з народнай артысткай Расіі Кларай Новікавай, а таксама паглядзець спектакль "Пясняр" у у пастаноўцы Нацыяльнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.

Пры планаванні культурных мерапрыемстваў улічваліся ўзроставыя асаблівасці насельніцтва, прадугледжваліся іх інтарэсы і пажаданні. Так, для людзей сталага ўзросту будуць праведзены фестываль ветэранскіх калектываў “Звени, наша песня, Победным салютом”, свята “Восеньскі настрой”. Вялікая колькасць мерапрыемстваў будзе праводзіцца з актыўным удзелам гараджан. Пройдуць святы мікрараёнаў горада “Мой улюбёны мікрараён”, конкурс архітэктурна-дызайнерскіх праектаў “Добраўпарадкаванне тэрыторыі”, акцыі “Горад-сад”, “Чысты горад”, “Зберажом спадчыну”.

Святлана САРОКА, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктар Палаца культуры горада Маладзечна

Мэта — крэатыў

Па выніках леташняй дзейнасці ў сацыяльна-культурнай галіне Маладзечаншчыны дырэктар Палаца культуры горада Маладзечна Святлана Сарока атрымала званне “Лепшы кіраўнік”. Мінулагодні план платных паслуг насельніцтву ўстанова выканала на 127,9 %. Палац працуе вось ужо трынаццаць гадоў. Святлана Сарока стала яго кіраўніком, калі ўстанова толькі будавалася. Ужо тады яна вызначыла, што пад першасную ўвагу варта браць менавіта інавацыйны складнік творчых намаганняў.

/i/content/pi/cult/578/12738/1-2.jpgШто і казаць, гаспадарка дасталася Святлане Рыгораўне немалая. Агульная плошча палацавых памяшканняў — больш за дзесяць тысяч квадратных метраў. І трэба, каб літаральна кожны даваў аддачу. Пагадзіцеся, без кваліфікаваных кадраў тут не абысціся. Чатырнаццаць структурных падраздзяленняў установы проста абавязаны працаваць у шчыльным узаемадзеянні. Таму кадравая палітыка і гнуткасць штатнага раскладу — заўжды пад пільным кантролем. На час адкрыцця Палаца ў ім працавала амаль 140 чалавек, а на сёння — больш за 170. Супрацоўнікі — стабільныя і пастаянна вучацца. У заўсёдным фаворы маладыя спецыялісты. Для іх замацавання выкарыстоўваецца матэрыяльнае заахвочванне, вырашаюцца жыллёвыя пытанні, ствараюцца ўмовы для творчай самарэалізацыі. З гэтай прычыны праекты — смелыя, яркія, маштабныя. Сярод гараджан рэгулярнае наведванне мерапрыемстваў Палаца даўно ўзведзена ў ранг высокай моды.

Ды і якасць мерапрыемстваў — нязменна высокая. Народ ідзе не толькі на заезджых зорак, але і на сваіх, дамарослых. Дванаццаць клубных фарміраванняў маюць званні “заслужаны”, “народны”, “узорны”. А ўсяго такіх фарміраванняў — аж 35. У іх займаецца самадзейным мастацтвам больш за тысячу чалавек. На міжнародных, рэспубліканскіх і абласных фестывалях ды конкурсах гурткоўцамі заваявана 153 Гран-пры і прызавых месцаў.

Палац культуры Маладзечна — дзяржава ў дзяржаве. Тут нават свая газета “Авацыя” выходзіць, а кавярня так і называецца — “Палац”… Крэатывіць, па меркаванні кіраўніка ўстановы, — гэта значыць быць сталым ініцыятарам арыгінальных праектаў. За апошнія гады створаныя міжнародны і рэспубліканскі турнір па спартыўных бальных танцах “Кубак Маладзечна”, фестываль сучаснай маладзёжнай культуры “Арт-хауз”, маладзёжная акцыя па здаровым ладзе жыцця “Час жыць”, конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”, конкурсы цырульніцкага мастацтва, дэкаратыўнай касметыкі, мадэльераў і дызайнераў адзення… Штогод Палац культуры Маладзечна ладзіць звыш за 400 мерапрыемстваў, з іх больш сарака — на міжнародным, рэспубліканскім, абласным узроўнях.

/i/content/pi/cult/578/12738/1-4.jpg

Адзін з калектываў Палаца культуры "Маладзечна".

Для таго, каб творчы складнік вызначаўся аддачай, неабходна, каб эфектыўна працаваў складнік вытворчы. Мяркуйце самі, у Палацы ёсць швейны цэх (касцюмы), мастацка-афарміцельскі аддзел (афішы, білеты, буклеты), інжынерна-тэхнічны комплекс (святло, гук, відэа).

На актыўнай службе — і інфармацыйныя тэхналогіі. Рэалізацыя праектаў транслюецца праз Інтэрнэт з дапамогай сайта www.mdk.by. А білеты можна набыць праз сайт www.kvitki.by. Устаноўлены тэрмінал, які дазваляе прадаваць білеты на ўсе клубныя мерапрыемствы з выкарыстаннем пластыкавых картак.

Дык ці ж дзіва, што Палац культуры ў Маладзечне — вядучая ўстанова культуры Мінскай вобласці?

Яўген РАГІН

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"