Песня для Гроса

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Каманда Аляксея Гроса — прадстаўніка Беларусі на Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2016”, што пройдзе на фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, вырашыла небанальна падысці да выбару кампазіцый, з якімі ён там выступіць.

Калі з адным з трэкаў для заключнага дня “спаборніцтва” пэўнасць ўжо ёсць — у гэтым выпадку ў фінале прагучыць “A Song For You” Лявона Расэла, то аўтарам двух іншых — песні на беларускай мове ды песні кампазітара славянскай краіны на славянскай мове — можа стаць любы ахвочы. Па адрасе grossalexsey@mail.ru прымаюцца аўтарскія вершы на беларускай, рускай, іншых славянскіх мовах, на якія музычны прадзюсар Аляксея, кампазітар Леанід Шырын напіша музыку. У якасці песенных тэкстаў могуць быць і творы класікаў беларускай паэзіі, калі такія хтосьці прапануе. Будуць разгледжаны і цалкам гатовыя кампазіцыі (тэкст + музыка). Свае варыянты варта дасылаць да 1 красавіка.

Ініцыятыва, вядома, цікавая, памятаючы, напрыклад, пра тое, што нашы ўдзельнікі разнастайных конкурсаў нярэдка выконваюць на іх адны і тыя ж беларускія песні. Раптам сапраўды адшукаецца нешта арыгінальнае? Тады такі падыход можна будзе апрабаваць у дачыненні да, дапусцім, “Еўрабачання”. Чаму б і не? Але і зайздросціць Гросу, Шырыну і Ко я б асабліва не стаў, памятаючы і пра тое, як стагналі ад графаманаў праграмныя дырэктары радыёстанцый, калі яны пачалі ратыраваць у FM-эфіры 75 адсоткаў айчыннай музыкі. Так што, спадары выдумшчыкі, ніякіх “ля-ля-фа” ды “маю — тваю”. Даеш эксклюзіў ды сапраўды народны хіт!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"