Бабруйск, Маларыта, Жабінка, Беразіно...

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г


Бабруйск / Дай руку, дружа!

Жыццё Бабруйскага краязнаўчага музея, здаецца, і так ужо даўно віруе ды зіхаціць на культурнай хвалі Бабруйска. А вось глядзі ж ты, у Год культуры высветлілася, што ўнутраныя рэзервы яшчэ далёка не вычарпаны.

Супрацоўнікі музея прынялі непасрэдны ўдзел у чарговай сесіі праекта “Шырокі фармат” па ўтварэнні культурнага відэаасяроддзя для невідушчых і слабавідушчых, сярод іншага — з экскурсіяй з ужываннем тэхнікі тыфлакаментавання (упершыню ў горадзе).

А краязнаўчы праект да 220-годдзя герба горада Бабруйска “Герб Бабруйска — сімвал горада” з відэапрэзентацыяй і гульнёй-квестам! Бралі мы ўдзел у акцыі “Тыдзень беларускай мовы” з выставай “З бабулінага куфра”, у майстар-класах “Беларуская народная лялька Берагіня”, у прадстаўленнях батлеечнага тэатра, у розных музейных занятках і фальклорна-анімацыйных праграмах.

Удзельнікамі анімацый з’яўляюцца і звычайныя наведвальнікі музея, і спецыяльныя групы вучняў, з якімі музей супрацоўнічае па асобнай праграме “Дай руку, дружа”. Назва яе невыпадковая. Гэта і назва эсэ вядомага беларускага пісьменніка, ураджэнца Бабруйска Міхаіла Герчыка. Гэта і прапанова: “…Паедзем со мной, дружа. Я пакажу табе мой горад і раскажу пра яго…”, з якой услед за аўтарам звяртаюцца супрацоўнікі музея да сваіх наведвальнікаў. Гэта і імкненне музея праз пазнаванне і разуменне шматколернай рознанацыянальнай культуры роднага горада прывіць дзецям паважлівае стаўленне да іншага ладу жыцця, звычаяў, вераванняў, прызнанне права на існаванне іншых культур і ўменне ўстойліва суіснаваць у мульцікультурным, мульціэтнічным грамадстве.

На пачатку сакавіка ў музеі адбылося адно з запланаваных мерапрыемстваў — гуканне вясны, з беларускага цыклу “Нам продкамі мудрасць народа завешчана”. Вучні 7-га класа СШ № 22 разам з класным кіраўніком Наталляй Нікітка і з дапамогай навуковага супрацоўніка музея Ларысы Цімашэнка пазнаёміліся з народнай традыцыяй, “пяклі” птушачак з паперы. Так што цяпер у Бабруйску Вясна-Красна канчаткова заявіла аб сваіх правах, бо вельмі старанна переканалі ў тым, што надышоў яе час.

Словам, за два месяцы Года культуры ў музеі адбылося шмат цікавых і гучных мерапрыемстваў. А яшчэ ж і вяселейка Бог нам даў. 5 сакавіка ўдзельнікамі этнаграфічнага шлюбнага абраду “На век доўгі, на быт добры” сталі маладажоны Таццяна і Дзмітрый Куляшовы. Так што і маладыя цікавяцца гісторыяй і культурай роднага краю. А калі яны яшчэ і размаўляюць на роднай мове, як гэта прадэманстравалі маладажоны і некаторыя з іх гасцей, то гэта удвая больш прыемна.

Ларыса ЦІМАШЭНКА, навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея

Фота Святланы ФІЛІМОНАВАЙ

 

Маларыта / Чытаю я, чытай і ты!

У Маларыцкай ЦБС пачалася дабрачынная акцыя “Падары бібліятэцы кнігу”. Яна прымеркавана да Дня славянскага пісьменства.

Амаль у кожнай сям’і ёсць прачытаныя і незапатрабаваныя кнігі, да якіх мала хто ўжо звяртаецца. Што з імі рабіць? Ёсць выйсце і з гэтай сітуацыі. Непатрэбныя аднесці ў бібліятэку.

— Такую акцыю мы праводзім не ў першы раз, — кажа Валянціна Ібрагімава, загадчык аддзела абслугоўвання Маларыцкай ЦБС. — У пераважнай большасці жыхары горада прыносяць выданні, якія ўбачылі свет адносна нядаўна, 3 — 7 гадоў таму. Гэта кнігі, якія добра захаваліся, іх прыемна ўзяць у рукі. Не меншую асалоду і задавальненне, пераканана, яны прынясуць і для душы. Цяпер найбольш ахвяруюць мастацкую літаратуру на любы густ: раманы (любоўныя, дэтэктыўныя, фантастычныя, гістарычныя ў першую чаргу), аповесці, вершы беларускіх аўтараў. Прыносяць таксама і літаратуру рэлігійнай тэматыкі. На яе заўсёды знойдуцца чытачы.

Самыя вялікія “ўклады” на кніжныя паліцы агульнага карыстання ўнеслі Вольга Шахава, Марыя Ярыга, Ларыса Суворава, Таццяна Кашэпа, Ганна Байдук, Наталля Котава, Алег Крыкота, Ірына Баршак, Віталія Сезік, Кацярына Пацяюк…

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара

 

Жабінка / Генерацыя — уласная

Якаснае і аператыўнае фарміраванне інфармацыйных рэсурсаў, якія адпавядаюць запытам сучаснага грамадства — галоўная задача публічных бібліятэк Рэспублікі Беларусь.

Жабінкаўская раённая бібліятэка не засталася ў баку ад сучасных працэсаў. З 2014 года нашы супрацоўнікі пачалі ствараць краязнаўчую базу даных уласнай генерацыі “Афганістан: наша памяць і боль”. Асноўная мэта стварэння рэсурсу — шанаванне ветэранаў афганскай вайны, якія вярнуліся жывымі і з гонарам выканалі абавязак Салдата, а таксама тых, хто загінуў у Афганістане і памёр пасля заканчэння ваенных падзей. Усе яны звязаны з Жабінкай і Жабінкаўскім раёнам.

Сабраны матэрыял апрацаваны і сістэматызаваны па шасці асноўных раздзелах.

Усе персанальныя звесткі бібліятэкары збіралі асабіста ў гутарках з былымі воінамі-афганцамі альбо з іх роднымі. На сёняшні час звесткі сабраныя аб 39 афганцах (чацвёра з іх — загінулыя), інфармацыя яшчэ аб двух знаходзіцца ў распрацоўцы.

Пазнаёміцца з рэсурсам можна на сайце Жабінкаўскай ЦБС па адрасе www. zhabinkalib.by.

Адным з вынікаў збору інфармацыі аб воінах-афганцах з’явілася экспазіцыя “Подзвіг и памяць Афганістана”, якая размясцілася ў фае Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яе мэта — расказаць маладому пакаленню аб жабінкаўцах, якія выпрабавалі на сабе смяротны колазварот афганскай вайны, якія спазналі сапраўдную каштоўнасць жыцця і баявога братэрства, увекавечанне памяці воінаў, якія загінулі ў Афганістане.

Гісторыю дзесяцігадовай вайны складана змясціць на маленькай прасторы, але мы пастараліся тэзісна акрэсліць асноўныя этапы, распавесці пра страты, пра ўзнагароды і вынікі вайны.

Галіна ДУЛЕВІЧ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

Беразіно / Дабратворца

Адны людзі любяць жыць, іншыя — жыццё. Першыя абыякава назіраюць за наваколлем, спакойна ствараюць свой дабрабыт. Іншыя гараць і запальваюць. Жыццё яны не адбываюць, а напаўняюць карысцю.

Менавіта апошняе тычыцца Тамары Круталевіч, загадчыцы аддзела маркетынгу Бярэзінскай раённай бібліятэкі, старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Яна атрымлівала званне “Жанчына году” на рэспубліканскім узроўні, яе партрэт упрыгожвае раённую Дошку гонару.

Тамара Круталевіч — аўтар нестандартных мерапрыемстваў, якія заўсёды збіраюць аншлаг. Яна — і сцэнарыст, і рэжысёр, і вядучая. Прыкладам гэтаму прысвечаныя землякам мерапрыемствы “Сонца майго дня — людзі”, “Сяброўкі адной вёскі”, “Гарады як людзі” і іншыя.

Памяць неўміручая. У стылі гэтага афарызма Тамара Мікалаеўна арганізавала вечарыны памяці мясцовай паэткі Гертруды Шчур, былога дырэктара Музея драўлянай лыжкі Ганны Ждановіч, колішняга дырэктара музычнай школы Вячаслава Сакава… Больш за 15 гадоў Тамара Круталевіч вядзе “Школу аптымізму” для інвалідаў. Словам, немагчыма ўявіць без яе культуру Бярэзіншчыны.

Ніна БУРКО, старшыня Бярэзінскага раёнага таварыства інвалідаў