На свята вёскі — па 15 мільёнаў рублёў

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Як не старэць і сябраваць са спонсарам
Працягваем гаворку пра культуру Ляхавіцкага раёна. І робім гэта, трэба сказаць, з вялікім задавальненнем. Справа ў тым, што і людзі нам патрапіліся надзвычай цікавыя, і не менш яркія справы. Часта такое ў нашай камандзіровачнай практыцы бывае: досыць шараговыя будні раптам перарывае нечаканы інфармацыйны выбух, наступствы якога яшчэ доўга грэюць душу. Так і гэтым разам адбылося.

/i/content/pi/cult/578/12730/10-1.jpg"Таблетка" ад узросту

Іншым разам чалавек нібыта і не мае дачынення да клубнай ці, скажам, музейнай справы, а мы яго па заслугах называем Чалавекам культуры. Менавіта такі былы старшыня калгаса ў Флар’янаве, навуковец, Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Міхайлавіч Траццяк. Мы яго доўга шукалі ў Ляхавічах. Хтосьці бачыў Траццяка ў райбібліятэцы, дзе ён — часты госць. Скіраваліся туды, а нам сказалі, што Генрых Міхайлавіч толькі што да сябе ў Флар’янава накіраваўся. А прыязджаў, патлумачыла дырэктар установы Кацярына Жукоўская, не толькі для таго, каб кнігі здаць-узяць. Мэта была больш маштабнай ды сацыяльна значнай: трэба было абмеркаваць сумесны з бібліятэкарамі творчы праект. Вось вам і першая інтрыга…

Але “адгорнем” некалькі гадоў назад, паглядзім, з чаго ўсё пачыналася. Старшыня калгаса Генрых Траццяк вырошчваў хлеб і гадаваў трох сыноў, займаўся сельскагаспадарчай навукай і прыглядаўся да драўлянага маёнтка, што прыналежаў панам Бохвіцам. У свой час гаспадары гэтай драўлянай даміны пачатку XIX стагоддзя з вытанчаным цагляным неагатычным фасадам сдавалі пакоі тым, хто прыязджаў адпачываць у цішу таямнічага старасвецкага парка. У гэтым пансіянаце рэгулярна жыла Эліза Ажэшка, уласнаручна пасадзіла тут дуб. Праз час будынак стаў канторай калгаса. Стаў з падачы якраз яго старшыні Генрыха Міхайлавіча, які, выкарыстоўваючы службовыя магчымасці, правёў рэстаўрацыю будынка і яго адаптацыю пад патрэбы гаспадаркі, абсталяваўшы там дабротную сталовую.

А калі кантора пераехала, а Траццяк выйшаў на заслужаны адпачынак, і нарадзілася ў яго ідэя будынак выкупіць. Каб захаваць, адрадзіць, пакінуць для нашчадкаў. Балазе, прапаноўвалі яго набыць за адну базавую велічыню. Так на прапанову і запыт знайшоўся.

Такім чынам у Флар’янаве з’явіўся новы “пан”, асноўным капіталам якога былі і ёсць асэнсаваная духоўнасць ды грамадзянскае сумленне. Да Генрыха Міхайлавіча пастаянна ідуць людзі: турысты, журналісты, выпадковыя вандроўнікі… Хочуць высветліць, што за асоба  — Траццяк. Маўляў, не меў клопату — і прыдбаў “парася”. Мы не сталі выключэннем. Ён некалькі гадзін паказваў нам сядзібу, яе бясконцыя памяшканні, падворак, парк і расказваў, расказваў, расказваў…

Яму без малага восемдзесят. З’яўляецца старшынёй райсавета ветэранскай арганізацыі. Прызнаўся нам, што як стаў пенсіянерам — пачаў вельмі кепска сябе адчуваць. Вырашыў прарвацца, як прарываўся не раз у жыцці: насуперак усяму і ламаючы агульнапрынятыя стэрэатыпы. Хто, сапраўды, сказаў, што калі пенсіянер — дык абавязкова хворы? Вось так паступова, крок за крокам, Траццяк узяўся за рамонт сядзібных пакояў. Балелі ногі, рукі, не мог узняцца на лесвіцу, каб затынкаваць сценкі ці замяніць аконныя рамы. Прайшло некалькі гадоў. Хваробы, напалохаўшыся напору ўпартага мужыка, кудысьці зніклі. Цяпер Генрых Міхайлавіч — маладжавы і хуткі. А рамонт працягваецца. Уражанне такое, што гаспадара цікавіць не столькі вынік, колькі працэс. Маладзее сабе патроху, нават сыноў, якія раз’ехаліся па гарадах, на дапамогу не кліча. Тыя дапамагаюць толькі старой мэбляй. Але і вынік, няхай сабе і часткова, — дасягнуты. Недаведзеная цалкам да ладу сядзіба ўжо стала ў раёне своеасаблівым культурным цэнтрам. Тут здымаюць дакументальныя фільмы, ладзяць канцэрты і святы. Нядаўна, да прыкладу, завітаў фальклорны гурт з вёскі Дарава “Берагіня”, пра які мы пісалі ў мінулым нумары… Чым не пераканаўчы прыклад выніковага дзяржаўна-прыватнага партнёрства?

А цяпер — пра бібліятэчны праект. Падчас адной з краязнаўчых вандровак дырэктар Цэнтральнай раённай бібліятэкі Кацярына Жукоўская разам з калегамі і чытачамі завітала ў Флар’янава. Генрых Траццяк паказаў у сваім маёнтку пакой, дзе Эліза Ажэшка наладжвала колісь літаратурныя чытанні. Так узнікла сумесная ідэя ў Год культуры ўзнавіць гэтую традыцыю. Рэалізацыя праекта запланавана на чэрвень, да дня нараджэння пісьменніцы, якая так любіла тут адпачываць. На сядзібе збяруцца чытачы ўсіх узростаў, бібліятэкары, літаратары. Рыхтуецца маштабная тэатралізацыя. Будуць гучаць вершы пра Ляхавіччыну…

Кацярына Жукоўская, па нашым цвёрдым перакананні, — малайчына! Лёгкая на ўздым, здатная на яркую выдумку, бібліятэкай лічыць не абмежаванае кніжнымі паліцамі памяшканне, а ўсю раённую прастору, дзе гісторыя шчыльна сутыкаецца з сучаснасцю і нараджае пры гэтым неверагодныя прыклады пераемнасці, дабрыні ды чысціні памкненняў.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Апрача маёнтка ў Генрыха Міхайлавіча і свая хатняя гаспадарка маецца. І як ён з усім упраўляецца? Мы сядзелі разам з Героем Сацыялістычнай Працы, пілі моцную гарбату без цукру (харчаванне ў Траццяка — таксама здаровае) і слухалі, што такое шчасце. А па ўсіх пакоях — кніжныя шафы. Я люблю дамы, дзе арганічна ўжываюцца людзі і кнігі... Дзіўная рэч: усмешка ў Траццяка — сарамліва-хлапечая. Як такой не паверыць? А шчасце, паводле Генрыха Міхайлавіча, у тым, каб радавацца кожнаму новаму дню, кожнаму новаму чалавеку, і каб кашу грэцкую есці не дзеля таго, каб проста есці, а для таго, каб сіл на рамонт сядзібы хапіла. А для мяне шчасце было з такім, як Траццяк, чалавекам пазнаёміцца. Трохі лягчэй жыць стала. Вось каб кожны, хто становіцца прыватным уладальнікам старадаўніх маёнткаў, быў такім, як гаспадар сядзібы ў Флар’янаве. Але, шкада, няма ідэала ў прыродзе.

Вельмі населены Востраў

Удакладняючы свой маршрут, запыталіся ў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, куды яшчэ завітаць па дарозе на Івацэвічы. Адказ быў лаканічны — у Востраў. Праўда, удакладніўшы, Мікалай Мікалаевіч Дабрыянец пачаў выбачацца, маўляў, на месцы нікога не будзе — хто на бальнічным, хто ў адпачынку, а хто паехаў па справах у райцэнтр. Але, калі нас гэта спыняла?! Часам цікава не тое, што кажуць работнікі культуры, а што пра іх расказваюць мясцовыя жыхары.

СДК і бібліятэка (адзіны будынак) у вёсцы Востраў былі зачынены на абедзенны перапынак. А крамніца распавяла нам, што жыццё ва ўстанове культуры проста віруе. Даведаліся мы і пра тое, што ёсць у мясцовых работнікаў культуры і не абы-які спонсар. Усё гэта зацікавіла так, што за канкрэтнай фактурай мы скіраваліся, не губляючы час, да мясцовай улады. Старшыня сельсавета Уладзімір Тадра нам усё і распавёў.

У аграгарадку “Востраў”, аказваецца, дзейнічае беларуска-дацкае таварыства “Белдан” па вытворчасці свініны. Кіраўнік — Антон Гаваркоў. Бізнес тут — сацыяльна арыентаваны. Кіраўніцтва таварыства фінансавала будаўніцтва катэджаў для сваіх супрацоўнікаў, газіфікацыю вёскі, дзе пражывае 400 чалавек. Дыягнастычная апаратура закуплена для ФАПа. І яшчэ — заасфальтаваны школьны двор, добраўпарадкаваны ходнікі. Пастаянныя спонсарскія ўліванні адчувае на сабе і мясцовы СДК. Летась для яго прыдбалі годную аўдыяапаратуру, сучасную газонакасілку…

Старшыня сельсавета правёў нас да СДК, пазнаёміў з яго кіраўніком Валянцінай Гоўша, якая паспела вярнуцца з паездкі па ... чарговыя музычныя інструменты, а дакладней сафбуфер — каб калектыў мог сябе чуць і камфортна выступаць са сцэны. Валянціна Міхайлаўна — чалавек, так бы мовіць, імклівы: заўжды наперадзе, час за ёй ледзь паспявае. Ва ўстанове, дзе захоўваецца ўзорная чысціня, — процьма клубных фарміраванняў. Але ў першую чаргу нас цікавіла ўзаемадзеянне клубнікаў са спонсарам. Ці не выглядаюць першыя гэткімі папрашайкамі з пастаянна працягнутай у бок другога шапчынай?

— Мы — партнёры, — з хітрынкай усміхаецца дырэктар СДК. — Безумоўна, гадоў колькі таму першай падышла да кіраўніка “Белдана” і папрасіла грошай на правядзенне свята вёскі. Атрымалі мы тады тры мільёны рублёў…

Наступны расклад мы зразумелі так. Свята вёскі работнікі клуба зладзілі так, што ў інвестара культурных мерапрыемстваў і пытання пасля не ўзнікала, фінансаваць чарговы праект ці не. Цяпер штогадовыя грашовыя ўліванні ў развіццё клубнай дзейнасці Вострава складаюць пятнаццаць мільёнаў рублёў. І не была б такой сума, калі б якасць мерапрыемстваў вяскоўцаў не задавальняла.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Вынікі працы “астравіцян” прыемна ўразілі — даўно не даводзілася бачыць у сельскім Доме культуры такой разнастайнасці ў тэхніцы, касцюмах, калектывах, музейных калекцыях. Варта, каб у паспяховых культасветработнікаў вучыліся іх калегі з іншых устаноў раёна, вобласці, краіны. А для гэтага было б не лішнім займець сваю старонку ў Сеціве, актыўна выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, праводзіць на базе Востраўскага СДК як мага больш семінараў.

Лазовы чамадан і…

Пра абавязковасць абменных канцэртаў у Ляхавіцкім раёне мы пісалі ў мінулым нумары. Клубнікі Вострава тут — ніяк не выключэнне. Таму гастролі самадзейных калектываў, у тым ліку народнага тэатральнага — бясконцыя і выніковыя. З такім спонсарам — ніякіх праблем з транспартам ды бензінам. Ды і з вопраткай таксама. Нядаўна для тэатральнага калектыва “Вастраўчане” СДК набыў народныя касцюмы. Матэрыял — за кошт спонсара, пашыў — аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі. Няма ў калектыва і праблем з рэпертуарам: рэгулярна адбываюцца тэатральныя пастаноўкі беларускай класікі, да прыкладу, п’есы Міхася Чарота “Мікітаў лапаць” і паказы сучасных камедыйных сцэнак.

Пазалішне казаць, што план па аказанні платных паслуг насельніцтву СДК аграгарадка “Востраў” выконвае паспяхова. На гэты год ён складае дванаццаць з паловай мільёнаў рублёў.

Тут бы радавацца, а мы — засумавалі. “Белдан” у вясковым антуражы — не дадатнае правіла, а вельмі рэдкае выключэнне. Айчынныя сельскагаспадарчыя арганізацыі ролю дбайнага інвестара выконваць не спяшаюцца: самім бы выжыць. Няўжо беларуская зямля згубіла ўрадлівасць, а рукі хлебаробскія — кемлівасць ды ўчэпістасць? Былі ж у нас за савецкім часам калгасы-мільянеры, якія і ўласныя школы мастацтваў адкрывалі, і выплочвалі “стыпендыі” тым калгаснікам, якія бралі актыўны ўдзел у клубнай мастацкай самадзейнасці. Няўжо мы горшымі сталі? Не верыцца…

Хадзілі па паверхах СДК і здзіўляліся. Вось пакой для гуртковай дзейнасці, які нагадвае музей. Цудоўная калекцыя рэдкіх цяпер вінілавых грампласцінак з запісамі папулярных выканаўцаў поп- і рок-музыкі сямідзясятых. Напагатове і цэлая экспазіцыя тагачаснай гукаўзмацняльнай апаратуры. Гэткі адмысловы клас па вывучэнні музычнай рэтра-культуры. А за сцяной у калідоры — велічны зімовы сад, якімі толькі экзатычнымі раслінамі не прадстаўлены. А гэта ўжо — вынік дзейнасці клубных фларыстаў ды кветкаводаў. Побач — этнаграфічная калекцыя, сабраная ў тым ліку з экспедыцый супрацоўнікаў СДК па закінутых хатах. Самы эксклюзіўны экспанат — лазовы чамадан са 120-гадовай гісторыяй…

Напрыканцы экскурсіі зайшлі і ў класы філіяла ДШМ. Настаўніца па класе баяна Ірына Войцік займалася з першакласніцай Ксюшай Кулак. Ірына Міхайлаўна, як аказалася, — аўтар гімнічнай песні Федэрацыі нашых прафсаюзаў. Між іншым, вельмі масцітых канкурэнтаў абышла. Інакш кажучы, на таленты ў Востраве недахопу няма. І, шчыра кажучы, такой зладжанасці ў клубнай працы, мы даўно не бачылі. Сюды на працу нават з горада прыязджаюць. Да прыкладу, дзіцячым музычным калектывам “Вясёлка” кіруе маладая сям’я Раманчукоў, якая не так даўно пераехала з Ляхавічаў у Востраў.

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Сённяшнюю публікацыю можна і неабходна аб’яднаць адзіным паняццем — "дзяржаўна-прыватнае партнёрства". Не надуманае, не фармальнае, а вельмі эфектыўнае ды агульнакарыснае. І вельмі шкада, што такія прыклады на маршрутах нашага аўтатура трапляюцца надзвычай рэдка. Гэты парастак толькі пачынае рунець. І любая бюракратычная абыякавасць тут — як пустазелле на хлебнай ніве.

Фота аўтараў

Мінск — Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці — Ляхавіцкі і Івацэвіцкі раёны Брэстчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"