Сяргей ЖДАНОК, акадэмік НАН Беларусі: “Адчуць пульс космасу ў музыцы”

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Шлях Беларусі ў космас пачаўся яшчэ ў XVII стагоддзі, калі мысліцель-гуманіст Казімір Семяновіч у сваім трактаце “Вялікае мастацтва артылерыі” заклаў ідэі, што выкарыстоўваюцца пры стварэнні касмічных лятальных апаратаў і сёння. Больш за 20 чалавек, звязаных з космасам, дала свету беларуская зямля. Сярод іх — навукоўцы Вітольд Цераскі, канструктар Сямён Косберг, чый рухавік вывеў на арбіту карабель з Юрыем Гагарыным, начальнікі касмадрома Байканур генералы Юрый Жукаў і Канстанцін Герчык. Уся краіна ведае імёны беларускіх касманаўтаў Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка. Пад кіраўніцтвам акадэміка Сяргея ЖДАНКА быў створаны касмічны апарат “БелКА”. Нават няўдалы запуск гэтага беларускага спадарожніка Зямлі не спыніў наш рух у асваенні касмічнай прасторы.

— Сяргей Аляксандравіч?
— Так, гэта я, — адказаў па тэлефоне ветлівы і прыязны голас.
Я прадставіўся.
— Добры дзень, Юрый Сяргеевіч.

Па інтанацыі мне падалося, што мы шмат гадоў знаёмы і мой субяседнік па-сяброўску рады гэтаму тэлефанаванню. Я размаўляў з акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктарам фізіка-матэматычных навук, дырэктарам Інстытута цепла- і масаабмену імя А.Лыкава НАН Беларусі, кіраўніком работ па стварэнні першага беларускага касмічнага апарата “БелКА” Сяргеем Аляксандравічам Жданком.

 /i/content/pi/cult/157/1273/Sub-sustrechy1.jpg

Лёгка і проста мы дамовіліся аб сустрэчы, але я прыехаў на вуліцу Платонава са спазненнем на 20 хвілін з прычыны аўтамабільных пробак. Вахцёр на першым паверсе, пазваніўшы ў прыёмную інстытута, паўшчувала за спазненне і паведаміла, што мяне даўно чакаюць.
У прыёмнай сярод мноства пакаёвых кветак, што раслі ва ўсемагчымых кашпо, красавала памочнік дырэктара Валянціна Пятроўна Данілевіч. Ветліва ўсміхнулася, запыталася: “Чай ці каву?” і дадала, што Сяргей Аляксандравіч п’е чай. Я, уражаны аранжарэяй, пажартаваў: маўляў, ці не ў інстытут батанікі трапіў? Валянціна Пятроўна ацаніла жарт: ёй было прыемна, бо аранжарэя — яе клопат.
У гэты час дзверы адчыніліся, і з прыязнай усмешкай чалавек, падаўшы мне руку, сказаў:

— Добры дзень... Жданок.

Я адчуў сябе камфортна і ўтульна. Чай быў духмяны, зялёны, на сподачку ляжалі два кавалачкі цукру. У жыцці даводзілася сустракацца з рознымі людзьмі (прафесія такая), але так вольна і лёгка адчуваў сябе, мусіць, упершыню.
Сказаў пра гэта Сяргею Аляксандравічу. Ён усміхнуўся:

— Я абвострана адчуваю фальш, мабыць, таму ў дзяцінстве мяне лічылі цяжкім падлеткам. Рана страціўшы бацьку (ён загінуў падчас пажару, ратуючы людзей), я трапіў у школу-інтэрнат. І мяне, неўтаймоўнага, нібы на перавыхаванне, накіравалі ў музычную школу, якая знаходзілася ў Палацы культуры МАЗа. На гітары я іграў — яна для мяне была сродкам самавыяўлення. Хацелася навучыцца іграць і на баяне...
... Гэта было 40 гадоў таму. У той час Міхаіл Казінец ствараў аркестр народных інструментаў і запрасіў здольнага баяніста Сяргея Жданка. Выступленні аркестра праходзілі з аншлагам, і 13-гадовы Сяргей бачыў сваю будучыню ў музыцы.

— Яна адчыніла мне акно ў новы свет... Гармонія паланіла душу. Я адчуў еднасць з космасам. Народныя мелодыі былі адкрыццём, у іх я не заўважаў фальшу. З цяжкага для выхавання хлопчыка я ператварыўся ў правільнага падлетка.

Напорыстасць. Неардынарнасць. Уменне перамагаць. Імкненне да ўдасканальвання. Усе гэтыя якасці вылучалі Сяргея сярод равеснікаў. (Вылучаюць, дарэчы, і цяпер.) Жданок рыхтаваўся да паступлення ў кансерваторыю.
Аднак ад лёсу не ўцячэш.
Калі б Сяргей не сустрэў Святлану, мы сёння ўшаноўвалі б народнага (не менш) артыста Сяргея Аляксандравіча Жданка.
Святлана была старэйшай за яго і больш прагматычнай:

— Музыкант? Гэта не прафесія. Вось калі б ты быў фізікам... Сяргей з залатым медалём

 /i/content/pi/cult/157/1273/Sub-sustrechy2.jpg

скончыў мінскую сярэднюю школу, з чырвоным дыпломам — Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут...
— Мне сумна з рацыяналістамі. Лагічнае мысленне — досыць беднае. Нерацыянальныя людзі — творцы.

Цяжка не пагадзіцца з Сяргеем Аляксандравічам. Як у Андрэя Вазнясенскага:

По наитию, дуй от берега.
Ищешь Индию — найдешь Америку…

Сяргей Жданок знайшоў свой шлях у жыцці.
У 27 гадоў ён тэарэтычна прадказаў эфект “звышраўнаважнай” іанізацыі малекулярных газаў, які з часам быў эксперыментальна пацверджаны ў СССР і ЗША. Распрацаваныя на падставе тэорыі Сяргея Жданка магутныя квантавыя генератары з высокім каэфіцыентам карыснага дзеяння залічаны ў шэраг буйных навуковых дасягненняў ХХ стагоддзя.
— Навука і музыка — адно і тое ж. Вышэйшая фізіка і ёсць лірыка, гаворыць Сяргей Аляксандравіч з цвёрдай перакананасцю. І інтанацыя ягонага голасу спараджае давер: — У свеце фізікі пануе гармонія Сусвету. Адчуць пульс космасу — вышэйшая асалода. Тут гучыць незвычайная мелодыя... Я не магу сабе выбраць любімага кампазітара — я люблю народную музыку, бо менавіта ў ёй знаходзяцца вытокі геніяльных твораў кампазітараў усіх часоў і народаў.
У акадэміка Сяргея Жданка сёння — свая школа фізікі ўзбуджаных станаў, вучні ў Беларусі, ЗША, Еўропе. Ён — распрацоўшчык унікальных тэхналогій сінтэзу вугляродных нанатрубак — матэрыялу будучыні, які стане асновай новага пакалення аэракасмічнай тэхнікі. Сумесна з расійскімі навукоўцамі Сяргей Жданок працуе сёння над праграмамі палётаў на Месяц, Марс, удзельнічае ў стварэнні касмічнага чаўнака “Кліпер”.

Юрый ІВАНОЎ
Фота аўтара