Узяць “Бастылію” і атрымаць “лайк”

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Пра Тэатр эстрады без крытычных стрэл
Вось якія метамарфозы ўзнікаюць часам. У камандзіроўках па бясконцых абшарах нашай радзімы сустракаўся я ў шмат якіх населеных пунктах з кіраўнікамі ўстаноў культуры. І пытаўся ў тых, хто сутыкаецца з гуртковай працай: што ж вабіць дзяцей у эстрадныя калектывы? У адказ нярэдка чуў, што прыводзяць бацькі сваіх “атожылкаў” туды за тым, каб сталі яны зыходным пунктам для выхаду на арбіту шоу-бізнесу. Але што дзіўна і нават некалькі нечакана: у Мінску мамы ды таты пра шоу-бізнес у такім кантэксце нават і не думаюць. Галоўнае — прывесцi сыноў і дачок туды, дзе ім папросту дапамогуць праявіць закладзеныя прыродай таленты. Праўда, маю на ўвазе я канкрэтную ўстанову — Маладзёжны тэатр эстрады.

/i/content/pi/cult/578/12729/2-1.jpgМенавіта тут папулярная спявачка Вольга Вронская ды вядомы танцоўшчык Віталь Молчан у адзін голас казалі мне пра тое, што, па іх назіраннях ды адчуваннях, падспуднай устаноўкі на шоу-біз у бацькоў няма. Згаджаючыся з імі, я ўсё ж з доляй цынізму думаў пра тое, што мінчанам у гэтым сэнсе прасцей, чым жыхарам Н-ска, бо зыходных пунктаў у сталіцы вунь колькі. Ды і пра нюансы думаў: у групы эстраднага танца, якімі кіруе Віталь, падлеткаў набіраюць у першую чаргу з мэтай вырасціць з іх артыстаў для гэтага тэатра.

А апынуўся я ў ім, дачуўшыся, што з нядаўняга часу тут сталі дзейнічаць майстэрні эстраднага танца ды эстраднага вакалу. Зрэшты, вакальная функцыянуе ўжо год, а тая, якой кіруе спадар Молчан, толькі з паўгода.

Там будуць танцы...

— Тэатр вырашыў сам заняцца вырошчваннем уласных кадраў, — тлумачыць Віталь, які лічыцца ў штаце МТЭ ў якасці рэпетытара па балеце. — Многія нашы пастаноўкі, канцэрты ўяўляюць з сябе сплаў песні ды танца, у якіх часам удзельнічаюць і тыя, хто наўпрост да тэатра дачынення не мае. Па большай частцы гэта тычыцца танцавальных калектываў. Стварэннем майстэрняў мы “забіваем двух зайцоў”: рыхтуем кадры ды... эканомім сродкі.

Але да метафарычнага “забойства” пакуль яшчэ далёка. Гэты год стане для майстэрні эстраднага танца вучэбным: трэба будзе на практыцы зразумець, як яна павінна быць арганізавана. Цяпер у тэатры ёсць дзве харэаграфічныя групы (усяго 12 чалавек, з іх адзін хлопчык) — для 8 — 11-гадовых (пачаткоўцы) і ад 11 гадоў (ужо маюць нейкі досвед). Працуюць яны з 17.00 да 18.00 і з 18.00 да 19.00 па панядзелках ды чацвяргах. Молчан запэўнівае, што, калі раптам да яго паспрабуюць прыйсці чалавек пяць узросту каляпенсійнага, якія мараць аб лаўрах Міхаіла Барышнікава і Надзеі Паўлавай, то арганізуюць групу і для іх. Абы супрацьпаказанняў па здароўі не было і 504 тысячы рублёў у месяц за дзевяць заняткаў пералічваліся штораз рэгулярна (гэта тычыцца ўсіх без выключэння; разавае ж наведванне каштуе 70 тысяч). Наўрад ці яны патрапяць на сцэну МТЭ, але танцаваць у меру здольнасцяў іх навучаць.— Пакуль большы ўпор на занятках надаецца развіццю каардынацыі ды музычнасці, а не вывучэнню нейкіх кампазіцый, — працягвае Віталь. — Паступова будзем пераходзіць і да іх, каб у канцы гэтага года паказаць кіраўніцтву тэатра, сваякам і сябрам нашых вучняў, чаго яны дасягнулі. Але аб нейкім прафесійным узроўні, пра тое, ці здолелі мы падрыхтаваць дзяцей для тэатральных паказаў, можна будзе казаць года праз паўтара. Карт-бланш на гэты тэрмін, як я разумею, мне дадзены. Тады больш-менш стане зразумела, хто на што з дзяцей здольны — для каго гэтыя ўрокі так і засталіся як хобі, а хто можа развівацца як танцор; на што здольныя групы наогул, ці ўяўляюць яны з сябе ўжо ў пэўнай ступені творчыя адзінкі.

Пад “мы” Віталь сёння мае на ўвазе сябе, у ідэале ж, на погляд Молчана, кіруючая каманда павінна складацца мінімум з двух супрацоўнікаў: выкладчыка ды адміністратара. Агульная ж колькасць дзяцей у гуртках — пры існуючых магчымасцях тэатра — павінна быць чалавек 45 (30 — пачаткоўцы, 15 — асноўны склад). Ды і груп неабходна тры — пачаткоўцы, працягваючыя ды асноўная.

Молчан мяркуе, што такому пачынанню тэатра вельмі патрэбна рэклама з піярам. Канкурэнцыя на гэтым, так бы мовіць, рынку ў Мінску вельмі высокая. “Супернічаюць” паміж сабой гурткі (платныя і не) пры ўстановах культуры, а таксама — студыі, прыватныя школы і гэтак далей, у якіх выкладаюць педагогі суперкласа. Колькасць вучняў у некаторых з іх дасягае 200 — 300 чалавек, а студыі каціруюцца вельмі высока і ўжо сталі брэндавымі. У чым заключаецца ўнікальнасць Маладзёжнага тэатра эстрады? У тым, што ён прапаноўвае для самарэалізацыі шмат пастановак высокага ўзроўню. А значыць, пляцоўка гэтая — просты шлях да таго, каб ператварыцца ў прафесіянала, не застаўшыся ў статусе аматара. Адвучыўшыся ў майстэрні гадоў пяць, чалавек будзе ведаць, ці з’явілася ў яго магчымасць уладкавацца на працу ў тэатр.

Ну, вы зразумелі: набор працягваецца...

...i песні

— У Мінску, здавалася б, хапае устаноў, якія навучаюць спевам, — кажа Вольга Вронская. — Я сама з’яўляюся выкладчыкам па класе эстраднага вакалу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Не хапае, на мой погляд, годных настаўнікаў. І калі дзіця трапляе да такога прафесіянала, то, можна сказаць, яно выцягнула шчаслівы білет.

Такіх шчаслівых білетаў тэатр прапанаваў для больш чым 20 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў (у асноўным дзяўчынак), якія і займаюцца ў майстэрні Вронскай — вядомай спявачкі і высакакласнага педагога. Пра першае я ведаў апрыёры, пра другое — таксама, але паколькі прыйшоў па інфармацыю да Вольгі непадрыхтаваным, то не змог назваць па імёнах і прозвішчах тых яе вучняў, якіх яна вяла ў розныя гады, напрыклад, да дзіцячага “Еўрабачання”. А гэта — Аляксей Жыгалковіч і Ілья Волкаў. У чым перавага яе перад калегамі-настаўнікамі? У тым, што яна — “трэнер, які грае” і (паколькі практык) ведае, як хутка развіць слых ды паставіць дыханне, выцягнуць з дзіцяці той самы голас, вывесці на новы ўзровень тых, хто спяваць ужо ўмее. За год працы майстэрні яе выхаванцы ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах, сталі іх прызёрамі ды пераможцамі.

І канцэртная пляцоўка пад рукой: сваіх выхаванцаў, тых, што “дасягнулі кандыцыі”, Вольга выводзіць проста на сцэну. Яны прымаюць удзел у праграмах артысткі — салісткі тэатра. Больш за тое, юныя таленты ўжо ўключаны ў рэпертуарную табліцу — задзейнічаны і ў іншых мерапрыемствах, якія праводзяцца гэтай установай.

Кастынгі ў майстэрню Вронская не практыкуе. Бацькам дастаткова патэлефанаваць у тэатр і, па ўзгадненні, прывесці дзіця ў пятніцу ці суботу на праслухоўванне. Вользе дастаткова 5 — 7 хвілін, каб зразумець, ці варта яму займацца спевамі. У 2016-м адбор і будзе праведзены, хоць сэнсу ў тым педагог не бачыць.

Вронская прызнаецца, што, улічваючы і выкладанне ва ўніверсітэце, цяжар нагрузкі — адчувальны, бо працаваць у майстэрні па пятніцах і суботах даводзіцца з 10.00 да 19.00. Дапамагае ёй спявак Аляксандр Сухараў (выканаўца і сольны, і лідар гурта “Эківокі”), які ўзяў на сябе тэхнічны бок: сочыць за тым, наколькі правільна дзеці робяць гімнастыку для дыхання, выслухоўвае іх хуткамоўкі ды распевы.

— Правільным будзе сказаць, што я вучу іх не спяваць, а думаць… нібыта яны ўмеюць спяваць, а мае заняткі ў пэўнай ступені маюць дачыненне да псіхалогіі, — вось так выказалася Вронская, і, я спадзяюся, вы зразумелі, што яна мела на ўвазе. Асабіста я ў адказ на гэтую яе рэпліку кіўнуў галавой.

Увогуле, калі ў вас ёсць дзеці і вы гатовыя выплаціць каля двух мільёнаў рублёў у год за тое, што ў будучыні з іх, магчыма, вырастуць выканаўцы ўсіх часоў ды народаў, то сардэчна запрашаем у майстэрню эстраднага вакалу. Ну а не вырастуць — не бяды: добры голас у жыцці заўсёды да месца.

А чаму б і не?

Арганізаваўшы майстэрні, Маладзёжны тэатр эстрады, безумоўна, пайшоў слушным шляхам. Ужо колькі крытычных стрэл мы — звычайныя аматары добрай песні — выпусцілі ў айчынных выканаўцаў, якія нашым культурна-эстэтычным патрэбам не адпавядаюць каторы год. Так, старыя работнікі эстрады яшчэ трымаюць марку, але сярод новых асоб, якія з’явіліся на сцэне ў апошні час шляхамі рознымі, не так шмат тых, хто слухачамі масава любімы і запатрабаваны. З “задавальненнем” мы цэлілі б стрэламі і ў беларускіх танцораў, але пра іх ведаем значна менш, чым пра спевакоў і спявачак. Таму асабіста я буду з цікавасцю назіраць за тым, ці змогуць майстэрні выгадаваць новыя таленты. І, вядома, жадаць ім поспеху!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"