Чым цікавы драўляны ровар, або як пазбавіцца музеяў-блізнятаў?

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Пра адметныя зборы з усіх рэгіёнаў Беларусі: ад самавараў і прасаў да бутэлек і фартушкоў
Нядаўна пісаў пра досвед супрацоўнікаў сферы культуры Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, якія прыдумалі і “раскруцілі” ў сябе шэраг цікавых “брэндаў” — Музеі хлеба і яйка, Цэнтр ткацтва, мядовы фэст... І гэта не нейкі адзінкавы прыклад, як можна было б падумаць. Цяпер падобныя арыгінальныя музейныя калекцыі карыстаюцца попытам ва ўсім свеце. Пацвярджае гэты факт нядаўняя выстава ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, на якой распавядалася пра гісторыю развіцця… ровара. Праект атрымаў шырокую папулярнасць у Італіі ды ў іншых еўрапейскіх краінах, экспанаты калекцыі былі прадстаўлены ў найбуйнейшай экспазіцыі “EХРО” ў Мілане. Усе ровары былі сабраны Маўрыцыа Урбінацы, прыватным калекцыянерам з Рыміні (Італія).

Паўсядзённасць у экспазіцыі?

Як хто, а я, даведаўшыся пра названы праект, адразу згадаў драўляны ровар, сабраны народным умельцам у 20-я гады мінулага стагоддзя, які цяпер прадстаўлены ў экспазіцыі Музея Беларускага Палесся ў Пінску. Чым не яшчэ адзін цікавы экспанат для калекцыі няўрымслівага італьянца?

Але гэтая акалічнасць прымусіла задумацца таксама і над тым, што многія, на першы погляд, паўсядзённыя рэчы могуць сапраўды быць цікавымі і непаўторнымі. І калі сёння ў многіх краінах свету з’яўляюцца адмысловыя музеі, дык чаму не з’явіцца музею лыжкі, праса ці нейкіх насякомых?

Дарэчы, пералічаныя мною музеі ўжо існуюць на Беларусі. Як і дзясяткі іншых, можа, пакуль не надта вядомых беларусам, але здольных з цягам часу — як канчаткова адыдзе тая ці іншая эпоха, якую яны прадстаўляюць, — быць сапраўды ўнікальнымі і адметнымі.

/i/content/pi/cult/578/12727/1-1.jpg

Ад лыжкі да насякомых

Скажам, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці прыватны Музей лыжкі быў адчынены яшчэ ў 2010 годзе. Цягам некалькіх гадоў музей знаходзіўся ў доме супрацоўніцы мясцовай сферы культуры Ганны Ждановіч. А ў 2014 годзе музей пераехаў у раённы Цэнтр рамёстваў. Напрыканцы мінулага года ва ўстанове культуры была адчынена выставачная зала з экспазіцыяй драўляных лыжак.

Як распавяла “К” малодшы навуковы супрацоўнік музея Алена Ладуцька, у экспазіцыі прадстаўлена больш за 300 розных па памерах і тэхніцы выканання драўляных лыжак, зробленых мясцовымі майстрамі разьбы па дрэве і прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў Мінскай вобласці. Так, тут можна пазнаёміцца з лыжкай-карміцелькай, лыжкай-сувенірам, лыжкай-весялухай, а таксама з самай вялікай у Беларусі трохметровай лыжкай.

Да слова, у бліжэйшых планах бярэзінскіх лыжкароў — стварэнне самай вялікай драўлянай лыжкі ў свеце. Як спадзяецца Алена Ладуцька, дадзены выраб дазволіць музейшчыкам увайсці ў Кнігу рэкордаў Гінэса…

А вось у аграсядзібе “Старая весь”, што ў вёсцы Варонічы Зэльвенскага раёна, ужо некалькі гадоў існуе Музей насякомых і пчалярства. Стваральнік унікальнай прыватнай установы культуры Сяргей Мікановіч распавёў “К”, што музей складаецца з трох экспазіцый. Першая — своеасаблівая пчаліная пасека, дзе месцяцца больш за 30 пчаліных сем’яў у вуллях шасці розных канструкцый, і нават старадаўняя калода, якую раней выкарыстоўвалі бортнікі па ўсёй Беларусі.

У адным з музейных пакояў прадстаўлена яшчэ адна экспазіцыя, дзе можна даведацца пра гісторыю пчалярства ад часоў Старажытнага Егіпта да нашых дзён, патрымаць у руках інвентар пчаляра, розныя соты і рамкі, а таксама пакаштаваць гарбату з мятай і прадэгуставаць розныя гатункі мёду. Але “вянцом” незвычайнага збору з’яўляецца калекцыя насякомых, сабраная гаспадаром музея цягам больш чым 40 гадоў. У экспазіцыі прадстаўлены больш за 4 тысячы экзэмпляраў насякомых, палова з якіх — матылькі, сабраныя на тэрыторыі Беларусі. Восенню мінулага года, як адзначыў Сяргей Мікановіч, калекцыя папоўнілася сотняй матылькоў з Інданэзіі і Усходняй Азіі.

/i/content/pi/cult/578/12727/1-2.jpg

Не варта і казаць, што гаспадар музея шчыльна супрацоўнічае з мясцовымі культработнікамі і з’яўляецца шаноўным госцем на любой гарадской і раённай выставе. А ягоная музейная калекцыя — гонар не толькі жыхароў Зэльвенскага раёна, а і наваколляў, якія пастаянна наведваюць аграсядзібу…

Фартушкі і “Антыбахус”

На Брэстчыне таксама ёсць шэраг унікальных музейных экспазіцый. Скажам, незвычайны музей, дзе экспанатамі выступае пустая тара з-пад спіртных напояў, адкрыўся ў Ганцавічах яшчэ ў 2002 годзе. Спецыяліст раённага метадычнага цэнтра Мікалай Ленкавец, даведаўшыся, колькі ў сярэднім ужываюць беларусы алкаголю штогод, вырашыў, што музей “Антыбахус” павінен стаць установай, дзе прапагандуецца здаровы лад жыцця.

Цяпер ва ўнікальным музеі сабраны больш за тысячу самых розных бутэлек, пачынаючы ад двухметровых да вельмі маленькіх. Ёсць нават бутэлькі ў форме мабільнага тэлефона, “лямпачкі Ільіча”, біклагі часоў апошняй вайны… Усе экспанаты расстаўлены паводле тэматыкі. Назвы напояў з іроніяй каментуюцца Мікалаем Ленкаўцом, а ўсе аддзелы “Антыбахуса” аформлены з гумарам і змяшчаюць інфармацыю пра тое, да якіх наступстваў вядзе прыхільнасць да алкаголю.

А ў Драгічынскім раёне яшчэ ў 1999 годзе быў заснаваны музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, пра які “К” згадвала ўжо неаднойчы. Аўтэнтычных мясцовых фартушкоў тут больш за 200 адзінак! Прычым усе яны адметныя, непаўторныя, цікавыя не толькі спецыялістам, а і наведвальнікам, асабліва, канешне, жанчынам…

Вось так яшчэ адна звычайная побытавая рэч — фартушок — з цягам часу аказалася сапраўдным мясцовым брэндам. Прычым брэндам не толькі агульнараённым, а і рэспубліканскім ды вядомым далёка за межамі Беларусі. Як кажа кіраўнік музея Марыя Астапчук, госці з Расіі, Польшчы, Украіны і Літвы ў іх бываюць даволі часта. Вядомасці ўстановы паспрыяла, натуральна, і тое, што музеі з падобнымі экспанатамі не толькі на тэрыторыі Беларусі, а і ў краінах СНД сёння можна пералічыць па пальцах...

Валёнкі і “палачкі”-працадні

Кожны, хто пабывае ў Глускім краязнаўчым музеі, што на Магілёўшчыне, абавязкова зацікавіцца калекцыяй старадаўніх прасаў. Як кажа дырэктар установы культуры Людміла Новік, у калекцыі з 12 прадметаў можа пабачыць спіртавы асобнік, прас, які награецца з дапамогай дадатковай чыгуннай плашкі, а яшчэ — маленечкі манжэтны, які з лёгкасцю змяшчаецца на далоні.

/i/content/pi/cult/578/12727/1-3.jpg

Калі ж цікаўны вандроўнік паедзе на самы ўсход вобласці — у Дрыбін, дык пабачыць у мясцовай музейнай установе самыя разнастайныя вырабы шапавалаў — ад валёнак да шапак. Некалькі з іх давялося прымераць у свой час і мне. Па словах дырэктара ўстановы культуры Жаны Клімавай, валёнкі цяпер зрабіліся сапраўдным брэндам раёна. Змешчана іх у музеі вельмі шмат: дзіцячыя — з кветкамі, для дзяўчат — расшытыя ўзорамі, для мужчын — шэрыя, а таксама зусім маленькія — сувенірныя.

А вось у Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці, у аграгарадку “Вішоў” стварылі брэнд, лічы, на роўным месцы, адкрыўшы музей пры СВК “Калгас “Радзіма”. Як кажа вядучы спецыяліст па музейнай рабоце арганізацыі Святлана Атрошчанка, у экспазіцыі гэтага музея гісторыі сельгаспрадпрыемства налічваецца каля тысячы экспанатаў, якія сведчаць пра гісторыю заснавання, станаўлення і развіцця калгаса, і сабраны звесткі пра людзей, якія тут працавалі ў мінулым.

Найбольш уражваюць наведвальнікаў пераходныя Чырвоныя сцягі, кнігі народнай славы, старыя фотаздымкі, баявыя і працоўныя ўзнагароды ветэранаў вайны і працы. А яшчэ тут можна пабачыць гаспадарчыя дакументы 1930-х гадоў: калгасныя даведкі пра выдачу ці здачу збожжа і нават знакамітыя “палачкі”-ведамасці ўліку працадзён таго ці іншага супрацоўніка… Не варта і казаць, што сёння, у часы своеасаблівай настальгіі па савецкім мінулым, ахвотных пабываць у брэндавай музейнай установе робіцца ўсё больш і больш…

Ад ікон да ручнікоў

На Гомельшчыне музейны аматар адразу згадае Ветку. Сабраная ва ўстанове культуры калекцыя стараверскіх ікон вядомая далёка за межамі Беларусі. А пачыналася ўсё са збораў мясцовага мастака Фёдара Шклярава, які з 1950-х гадоў пачаў збіраць уласную, “хатнюю” калекцыю прадметаў побыту, археалогіі, старадрукаў, рукапісаў, ікон. 28 лістапада 1978 года з’явілася Пастанова Савета Міністраў БССР аб стварэнні ў Ветцы музея народнай творчасці, куды Фёдар Шкляраў перадаў 500 экспанатаў з уласнай калекцыі. Тым самым быў пакладзены пачатак камплектаванню фондаў знакамітага музея…

Яшчэ трэба згадаць і Брагінскі гістарычны музей, дзе сабрана вялікая колькасць ручнікоў. Іх тут больш за 200 адзінак, а некаторыя з іх ужо перасягнулі стогадовы рубеж… “Разыначкай” музея з’яўляецца метэарыт “Брагін”, які адносіцца да рэдкага тыпу жалезна-каменных метэарытаў і важыць ажно 38 кілаграмаў…

Шмат музейных адметнасцей ёсць і на Віцебшчыне. Як кажа галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак, цікавыя экспазіцыі сёння існуюць літаральна ва ўсіх музеях рэгіёна. Скажам, у тым жа Музеі гісторыі і культуры Оршы можна пазнаёміцца з калекцыяй меднага посуду — старадаўнімі самаварамі і чайнікамі. А ў Германавіцкім музеі культуры і побыту, што на Шаркаўшчыне, ёсць унікальная калекцыя кавальскіх вырабаў: напрыклад, вялікія жалезныя нажніцы, цвікі, падковы, а яшчэ скобля, якая прызначалася для ачысткі кары дрэва ды склют — адна з разнавіднасцей сякеры, што палягчала раскол бярвення падчас працы цесляроў… Свае цікавосткі маюць музеі Полацка, Паставаў, Гарадка ды многія іншыя.

Так што не аднымі роварамі сёння можна зацікавіць наведвальніка: у беларускіх музейшчыкаў сапраўды ёсць што паказаць і чым уразіць айчыннага і замежнага турыста. Іншая справа, што часцяком у раёнах ідуць правераным і “пратораным” шляхам, ствараючы ў музеях аднатыпныя залы археалогіі, прыроды, Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага ладу… Не варта і казаць, што падобныя музеі-блізняты наўрад ці могуць пахваліцца вялікай колькасцю наведвальнікаў, асабліва ў нашы часы, калі за музейнымі цікавосткамі любы жыхар Беларусі можа паехаць і ў суседні горад ды раён або нават у суседнюю краіну… Таму і ўзнікае пільная патрэба ва ўнікальных калекцыях, якія, на жаль, даводзіцца адшукваць альбо самастойна, альбо праз Інтэрнэт…

Натуральна, пералічаныя музейныя зборы — далёка не поўныя, і цалкам магчыма, у любым са 118 раёнаў Беларусі мне могуць распавесці яшчэ вельмі шмат пра тыя ці іншыя адметныя рэчы, якія сабраны ў іхніх раённых музеях. Што ж, дасылайце свае заўвагі, лісты і прапановы — і пра музейныя “разыначкі” вашага раёна абавязкова даведаюцца ўсе чытачы “К”…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"