Незаменны Бакст

№ 12 (1242) 19.03.2016 - 25.03.2016 г

Чатыры залы пра кантэкст лёсу мастака: ад Гродна да “мирискусников”
Нагадаю толькі галоўныя этапы дзейнасці “мирискусников”, у асяроддзі якіх пачала развівацца творчасць Бакста. Гэта суполка маладых мастакоў, літаратараў, музыкантаў, філосафаў, эстэтаў, публіцыстаў пачала складвацца ў 1890-я гады. Так з’явіліся сваеасаблівы “гурток самаадукацыі”, “аб’яднанне сяброў, звязаных аднолькавай культурай і агульным густам”, якія паспрабавалі вырвацца з рамак келейнага мастацтва не толькі ў шырокія расійскія масы, але і ў заходнія регіёны Еўропы.

(Заканчэнне. Пачатак у № 10.)

Матывуючы з’яўленне такога творчага саюза, адзін з яго галоўных арганізатароў Аляксандр Бенуа пісаў: “Намі кіравалі не столькі меркаванні “ідэйнага” кшталту, колькі меркаванні практычнай неабходнасці. Цэламу шэрагу маладых мастакоў не было куды падзецца. Іх або зусім не прымалі на вялікія выставы — акадэмічную, перасоўную і акварэльную, або прымалі толькі з выбракоўваннем усяго таго, у чым самі мастакі бачылі найбольш выразнае выяўленне сваіх пошукаў. Вось чаму Урубель у нас апынуўся побач з Бакстам, а Сомаў побач з Малявіным. Да “непрызнаных” далучыліся тыя з “прызнаных”, якім было не па сабе ў зацверджаных групах. Галоўным чынам да нас падышлі Левітан, Каровін і, да найвялікшай радасці, Сяроў. Зноў жа, ідэйна яны былі апошнія нашчадкі рэалізму, не пазбаўленыя “перадзвіжніцкай афарбоўкі”. Але з намі іх звязала нянавісць да ўсяго затхлага, якое ўсталявалася, змярцвела”.

Гэтыя словы, на мой погляд, з’яўляюцца “залатым ключыкам” да сапраўднага разумення ідэйна-мастацкага арганізма “Мира искусства”. Сапраўды, мэта аб’яднання была ў вышэйшай ступені высакародная: адраджэнне ідэй рамантызму і абсалютная свабода ў выбары пластычных сродкаў. Шматграннасць мастакоўскіх інтарэсаў і вытанчаная інтэлектуальнасць — адметная рыса, а галоўнай тэмай стала туга па страчаным ідэальным “раі” мінулых эпох, у тым ліку перыяду ракако. Ім удалося ўваскрэсіць гэты настальгічны час у сваім мастацтве і тым самым прыцягнуць усеагульную ўвагу і да культуры “рамантычнага” мінулага, у прыватнасці, да старажытнарускага іканапісу дапятроўскіх часоў, і зноўку адкрыць творчасць некаторых напаўзабытых заходнееўрапейскіх і рускіх мастакоў XVIII стагоддзя, блізкіх ім па духу. Невыпадкова іх палітра была перапоўнена своеасаблівымі рэтраспектыўнымі і стылізатарскімі тэндэнцыямі, яркай дэкаратыўнасцю, прынцыповай лінейна-выразнай “маляўнічай” графічнасцю і дзіўнай артыстычнасцю.

/i/content/pi/cult/578/12725/1-3.jpg

Леў Бакст. Эскіз касцюма да балету “Нарцыс”.

Дарэчы, з усіх мастакоў “Мира искусства” Бакст быў самым успрымальным да калыханняў моды і настрою часу, і таму бліжэй усіх падыходзіў да стылю “мадэрн” і некаторых тэндэнцый мадернізму, асабліва ў апошнія гады. Захапляўся антычнасцю і Усходам. Але ў яго інтэрпрэтацыі антычнасць і Усход маюць мала агульнага з класіцызмам. У стылі Бакста — больш усяго нястрымнай рамантыкі, гістарызму і менш — рацыянальнасці і нарматыўнасці, уласцівай класіцызму. Бакст для гэтага быў занадта экспрэсіўным і эмацыйным. Ды і мастакоўскай інтуіцыяй і незалежнасцю поглядаў ён валодаў як ніхто іншы з яго сяброў-паплечнікаў.

Дзесьці я прачытаў, што быццам бы Бакст “нарадзіўся” ўласна сцэнографам пасля ўжо яго знаходжання ў аб’яднанні “Мир искусства”, у якім займаўся ў асноўным жывапісам, часопіснай і кніжнай графікай. Гэта не так. Яго дэбют як тэатральнага мастака адбыўся ў пачатку 1902 года на сцэне пецярбургскага Эрмітажнага тэатра ва французскай балетнай пантаміме “Сэрца маркізы” Марыуса Пеціпа на музыку Жана Гірана (эскізы касцюмаў прадстаўлены ў экспазіцыі). А праз год мастак у тым жа тэатры, а потым і ў Марыінцы, афармляе цудоўны казачны балет “Фея лялек” на музыку Ёзефа Баера. Дарэчы, у ім удзельнічалі такія балетныя зоркі, як Ганна Паўлава, Мацільда Кшэсінская, Вольга Праабражэнская, Агрыпіна Ваганава, Міхаіл Фокін. Мала хто ведае, але менавіта ў тыя часы Бакст прыдумаў для Ганны Паўлавай знакаміты касцюм Лебедзя, у якім балерына будзе бліскуча выступаць на працягу ўсяго свайго творчага жыцця, і, калі не памыляюся, будзе ў касцюме Лебедзя і пахаваная.

/i/content/pi/cult/578/12725/1-2.jpg

Жан Както. Малюнак "Леў Бакст і балерына".

Праўда, аб’яднанне “Мир искусства” разам з часопісам у сваім першапачатковым выглядзе праіснавала нядоўга: пасля рэвалюцыі 1905 года па розных прычынах яно знікае з прасторы мастацкага жыцця Расіі. Аднак яго духоўная аўра, яго выставачная, асветніцкая, выдавецкая дзейнасць пакінулі найглыбейшы след не толькі ў расійскай культуры і эстэтыцы. Гэты след прыкметны і ў пазнейшых творах мастакоў Беларусі, Літвы, Польшчы. Многія з былых членаў і экспанентаў “Мира искусства” нават у эміграцыі захавалі прыхільнасць мастацкім густам сваёй бурлівай маладосці. Так, амаль паралельна з «Миром искусства» ў Варшаве з’явілася вельмі падобнае па эстэтычных канцэпцыях з рускім аб’яднаннем таварыства польскіх мастакоў “Sztuka” (“Искусство”), якое праіснавала да 1930 гадоў. У яго дзейнасці актыўны ўдзел прымалі і нашы землякі — “мирискусники” Фердынанд Рушчыц і Казімір Стаброўскі.

Пасля распаду групы яе ўдзельнікі працягвалі падтрымліваць паміж сабой сяброўскія сувязі. І ў далейшым выступалі як арганізуючая сіла, надаючы сваім распачынанням эстэцкі каларыт “Мира искусства”. Арганізаваная Сяргеем Дзягілевым буйная выстава ў парыжскім Восеньскім салоне 1906 года (у ёй прынялі ўдзел Леў Бакст і Дзмітрый Стэлецкі) і дзягілеўскія гастрольныя “Рускія сезоны”, якія, пачынаючы з 1909-га, шмат разоў заваёўвалі тагачасныя сталіцы свету — Парыж, Берлін, Лондан, Венецыю, Монтэ-Карла, Будапешт, Буэнас-Айрэс, Нью-Ёрк, Сан-Себасцьян, Рым, у якіх сваё геніяльнае майстэрства сцэнографа показаў Леў Бакст, можна лічыць менавіта “залатой” старонкай еўрапейскай культуры першых двух дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя. А бакстаўскія шыкоўныя і вытанчаныя дэкарацыі і касцюмы да балетаў “Клеапатра”, “Шахеразада”, “Нарцыс”, “Карнавал”, “Дафніс і Хлоя”, “Пасляпаўдзённы адпачынак Фаўна”, “Спячая прыгажуня”, дзівосныя гарнітуры да “Жар-птушкі” і да гэтай пары з’яўляюцца непераўзыдзенымі шэдэўрамі сусветнага тэатральнага мастацтва. Льва Бакста справядліва называлі “караблём “Рускіх сезонаў”, бо ён не толькі ствараў мастацкае афармленне спектаклей, ён яшчэ прыдумляў сцэнарыі, удзельнічаў у распрацоўцы харэаграфіі, быў мастацкім дырэктарам. Практычна ўсе балеты, у стварэнне якіх ён уклаў усё старанне, паўсюдна прымаліся “на ўра”. Феерычная маляўнічасць, чароўная магія колеру і арнаментыкі, непамерная страснасць і артыстычнасць захоплівалі і адурманьвалі гледача. Крытык Андрэй Левінсон пісаў, напрыклад, што “Парыж быў па-сапраўднаму п’яны Бакстам...” Ды і не толькі Парыж...

/i/content/pi/cult/578/12725/1-1.jpg

Барыс Кустодзіеў. Групавы партрэт мастакоў аб’яднання "Мир искусства".

Яркія, вытанчаныя колеры і рамантычныя тэмы, запазычаныя з рускага і ўсходняга фальклору, бліскучыя «дэкаратыўныя» фантастычныя відовішчы зрабілі велізарны ўплыў на эпоху art nouveau. «У гэтай галіне Бакст з першых крокаў заняў проста-такі дамінуючае становішча,  — пісаў А. Бенуа, — і з тых часоў так і застаўся адзіным і непераўзыдзеным». Як дакладна вызначыў яго калега па «Миру искусства» М.Дабужынскі, услед за трыумфамі «Рускіх сезонаў» адбыўся «грамадскі паварот густаў», і ён у «найвялікшай ступені быў дзякуючы менавіта Баксту, тым новым адкрыццям, якія той даў у сваіх пастаноўках, што ўразілі не толькі Парыж, але і ўвесь культурны свет Захаду».

У 1910 годзе “Мир искусства” нечакана для многіх інтэлектуалаў аднавіў сваю дзейнасць (у асноўным выставачную) у пашыраным складзе. Аднак мастацка-эстэтычная лінія яго удзельнікаў набыла ўжо іншы, больш складаны, часам супярэчлівы і слабакіруемы характар, хоць высокі прафесійны і эстэтычны ўзровень “мирискусников” другога прышэсця заставаўся бясспрэчным. М.Сар’ян, Н.Альтман, У.Татлін, Б.Грыгор’еў, Р.Фальк, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, В.Кандзінскі і шмат іншых імёнаў — дзіўная амальгама талентаў задуменна-легкадумных наватараў-летуценнікаў, першапраходцаў, авангардыстаў і непапраўных “неарэалістаў”.

Аднак базавыя іскрынкі таго, карэннага “Мира искусства”: вытанчаны стылізм мадерну, яркая декаратыўнасць, прывабная лінеарнасць, асаблівая матавасць каляровых тонаў, рамантычная ідэалізацыя мінулага, гуманістычная ўлагоджанасць, “празрысты рэалізм, які міжволі зросся з сімвалізмам”, “нябачны містычны пачатак”, які часта пераходзіў у меланхолію, а часам і ў аўтарскую самаіронію, — сышлі на нішто. Прыходзяць новыя часы, а з імі “новыя песні” ў прадчуванні навальнічных сацыяльных катаклізмаў. Тым не менш фармальна, нібы па інерцыі, “Мир искусства” існаваў яшчэ некалькі гадоў і пасля Кастрычніцкага перавароту.

Апошнія выставы пад гэтай шыльдай прайшлі ў 1924 годзе ў Ленінградзе, і ў 1927-м — у Парыжы, але нічога асаблівага яны з сябе не ўяўлялі. Ды і Лявона Бакста ўжо не было ў жывых. Апошняй работай майстра стала пастаноўка харэаграфічнай паэмы — балета “Істар” Венсана д’Эндзі для трупы Іды Рубінштэйн, на якой, па словах М.Фокіна, “гледачы атрымалі больш уражанняў ад ахрыстай і сіняй дэкарацыі Бакста, чым ад сцэнарыя”. Балет быў прысвечаны асірыйскай багіні, якая вызваляе з пекла Сына Жыцця. Але на адной з репетыцый з мастаком здарыўся нервовы прыпадак, і праз пяць месяцаў, 27 снежня 1924 года, у бальніцы Руаль-Мальмезона ён сканаў ад ацёку лёгкіх. Яго пахавалі на могілках Батыньёль пры вялікім зборы ўсяго мастацкага і тэатральнага Парыжа…

Такім ён быў, наш геніяльны зямляк і бліскучы “мирискусник”, чарадзей колеру Леў Бакст, які назаўсёды ўвайшоў у сусветную гісторыю тэатральнай культуры пад імем “Лявон Бакст”…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"