Які ж балет без руху?

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

30 сакавіка партыю Кітры ў балеце “Дон Кіхот” Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Беларусі выканала салістка Нацыянальнай оперы Украіны, лаўрэат міжнародных конкурсаў Наталля Мацак. Гэта было трэцяе з’яўленне ў Мінску вядомай балерыны.

 /i/content/pi/cult/157/1272/Balet.jpg

Сцэна з балета “Дон Кіхот”. Кітры — Н. Мацак,
Базіль — К. Кузняцоў.

Два гады таму ў Міжнародны дзень танца Наталля Мацак з такім запалам выканала партыю Адэты-Адыліі ў “Лебядзіным возеры” Нацыянальнага тэатра балета, што з гэтага вобраза ўмомант зляцеў пыл стагоддзяў. А мінулай восенню на юбілейным вечары мастацкага кіраўніка тэатра Валянціна Елізар’ева яна закранула самыя патаемныя струны душы харэаграфічнай мініяцюрай “Шлях”, напоўніўшы “Элегію” Маснэ не млявымі, але балюча безабароннымі рухамі самоты, надзеі і роспачы.
Несумненна, яе Кітры мусіла стаць выклікам разважлівасці і спакою на сцэне і ў зале. І сапраўды: сваёй энергетыкай балерына разбурала звыклы тэмпарытм і само ўспрыманне спектакля, а тэмпература па абодва бакі аркестравай ямы ўзнялася да неверагоднай адзнакі. Але шыкоўныя батманы і імклівыя вярчэнні балерыны былі зусім не самамэтай і дэманстрацыяй чыстай тэхнікі: яны былі натуральным праяўленнем сутнасці характару гераіні… і самой танцоўшчыцы. Палкая, пачуццёвая ўкраінская красуня нібы прывезла разам з сабой кавалачак паўднёвага — ці то іспанскага, ці то ўкраінскага — сонца.
Нягледзячы на абмежаваны час сумесных рэпетыцый з Базілём — Канстанцінам Кузняцовым, усе дуэтныя сцэны ў спектаклі ўдаліся. А складаныя падтрымкі (асабліва на адной руцэ), прадэманстраваныя з неверагоднай лёгкасцю і куражом, нібы яшчэ раз пацвердзілі вядомую фразу пра тое, што ў балерыны цяжкая не вага, а характар. Лішне казаць, што і ўсе сольныя варыяцыі галоўных герояў публіка ўспрымала “на ўра”.
Цікавасць да спектакля была падагрэта яшчэ і тым, што ў партыі чароўнай Дульцынеі ўпершыню паўстала навучэнка выпускнога курса Беларускага харэаграфічнага каледжа Марына Парамонава, вучаніца выдатнай балерыны Інесы Душкевіч. Усхваляванасць, якую цяжка суняць і вопытным артыстам, надавала юнай Дульцынеі асаблівую трапятлівасць, а ў найскладаным італьянскім фуэтэ дэбютантка прадэманстравала сапраўдны балерынскі апломб, выклікаўшы бурную падтрымку залы.
6 красавіка не менш горача сустракалі гледачы “Лебядзінае возера” з новай Адэтай-Адыліяй — Ірынай Яромкінай. Партыя Прынцэсы лебедзяў вельмі цяжкая фізічна і патрабуе бездакорнага валодання ўсімі элементамі класічнага танца. Гэтая партыя ўзносіць балерыну на самую вяршыню творчасці, але і патрабуе ад яе неверагодных фізічных і душэўных высілкаў. Дэбют Ірыны Яромкінай у партыі Адэты-Адыліі засведчыў, што не толькі ў сучасных, але і ў класічных вобразах гэтая балерына мае свой уласны, адметны почырк. Ужо ў першым спектаклі яна здолела стварыць вельмі прыгожую кантылену танца, звязаўшы ў адну лінію ланцуг найскладаных рухаў, захапіўшы сваім вобразам не только па-асабліваму рамантычнага і заўсёды бездакорнага прынца Зігфрыда — Ігара Артамонава, але і асабліва чуйную да шчырасці і фальшу дзіцячую аўдыторыю “ранішніка”, якая вельмі доўга не адпускала артыстаў пасля спектакля.
Ужо праз некалькі дзён артысты выправяцца ў замежную вандроўку і пакажуць неўміручы балет Чайкоўскага — Пеціпа на лепшых пляцоўках Сірыі і Егіпта. У сталіцы Сірыі Дамаску калектыў Нацыянальнага балета выступіць у межах Дзён культуры Рэспублікі Беларусь, а запрашэнне прыехаць у Егіпет з балетам “Лебядзінае возера” тэатр атрымаў пасля трыумфальнага выступлення летась у Каіры і Александрыі. Ну, а ў маі афіша тэатра папоўніцца ажно некалькімі прэм’ернымі назвамі...

Таццяна АЛЯКСАНДРАВА
Фота Васіля МАЙСЯЁНКА