Сто мільёнаў… за залу “сакуна”

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

“Дайце адрас грантадаўцы!” — папрасілі мяне ў адным з раёнаў Гомельшчыны, дзе давялося пабываць летась у камандзіроўцы.

/i/content/pi/cult/577/12718/4-22.jpgАле адрасы — не галоўнае. Бо грантадаўцу — хоць замежнага, хоць беларускага — трэба спачатку зацікавіць сваім праектам, давесці арыгінальнасць і значнасць ідэі не толькі ў маштабах раёна, але, магчыма, і цэлай краіны. Менавіта на такі адметны культурны прадукт ці, інакш кажучы, раённы ці рэгіянальны “брэнд” напэўна “клюнуць” патэнцыйныя інвестары, бізнесмены і шараговыя турысты.

Вось толькі адзін прыклад супрацоўніцтва культработнікаў і грантадаўцы з “айчыннай прапіскай”: напрыканцы лютага ў Старадарожскім гісторыка-этнаграфічным музеі адкрылася новая экспазіцыйная зала “Матэрыяльная і духоўная культура беларуса-сакуна пачатку XX стагоддзя”. Грошы пад гэты праект, як распавяла “К” першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок, былі атрыманы музейшчыкамі летась.

На адносна невялікі грант аблвыканкама ў сто мільёнаў рублёў супрацоўнікам музея атрымалася змясціць у экспазіцыі больш за сто экспанатаў, распавёўшы пра побыт і жыццё мясцовага селяніна — сакуна, прамога нашчадка старажытнага племені дрыгавічоў, якія колісь жылі і на тэрыторыі Старадарожчыны. А назва іх паходзіць з-за адметнасці мясцовай гаворкі - "сакання": яны казалі "наеліса", "напіліса", а ў некаторых вёсках так кажуць і дагэтуль... Ідэя ж, можна сказаць, ляжала на паверхні, але зацікавіла толькі спецыялістаў у Старых Дарогах…

Найбольш плённа з замежнымі грантадаўцамі сёння працуюць памежныя з Еўропай рэгіёны краіны — Брэстчына, Гродзеншчына, Віцебшчына. Так, па словах намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Вярсоцкага, за апошнія гады ў вобласці было рэалізавана адзінаццаць праектаў транспамежнага супрацоўніцтва на суму крыху больш за 1 мільён еўра. Самыя значныя з іх — адкрыццё мультыцэнтра на базе дзіцячага філіяла Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Яўхіма Карскага, а таксама праект у музеі Максіма Багдановіча (сёння — філіял Гісторыка-археалагічнага музея). Маштабныя ініцыятывы ажыццявілі ў Залессі Смаргонскага раёна па аднаўленні сядзібы Агінскага ды ў Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі Мастоўскага раёна. І, як кажа Аляксандр Вярсоцкі, задача на 2016 год — каб транспамежныя праекты былі ўвасоблены ў кожным раёне Гродзеншчыны... Задача, мяркую, складаная, але проста абавязковая для рэалізацыі, асабліва ў час абмежаванасці бюджэтных грошай.

Плён ад праектаў маюць і на Віцебшчыне. Сцвярджаю гэта з упэўненасцю, бо днямі вярнуўся з Браслава, дзе праектная дзейнасць — даўняя і разгалінаваная. Так, яшчэ некалькі гадоў таму мясцовыя культработнікі сталі прымаць удзел у праектах, сумесных з Літвой і Латвіяй.

Скажам, агульны бюджэт двух праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Паляпшэнне сацыяльна-культурных сувязей паміж Зарасайскім, Даўгаўпілскім і Браслаўскім прыгранічнымі рэгіёнамі” ды “Захаванне і развіццё культурна-гістарычнай спадчыны Рэзекненскага і Браслаўскага раёнаў” склаў 158 і 103 тысячы еўра адпаведна. Дзякуючы гэтым грошам на тэрыторыі названых раёнаў працавалі этнамузычныя летнікі, прайшлі семінары і пленэры, майстар-класы і канцэрты знакамітых музыкантаў Літвы, Латвіі, Беларусі, выдадзены буклеты і дыскі, а таксама набыты музычныя інструменты, касцюмы для некаторых браслаўскіх калектываў, камп’ютары... А ў Музеі традыцыйнай культуры ў сталіцы Паазер’я з’явілася ганчарная печ, ліхтары, што працуюць на сонечных батарэях, унутраная гукаўзмацняльная сістэма.

Ды і сёлета, як кажа дырэктар Браслаўскага аб’яднання музеяў Надзея Дударонак, праектная дзейнасць для мясцовых музейшчыкаў стала паспяховай. Так, па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Еўрарэгіён “Азёрны край” яны атрымалі 16 тысяч еўра на праект “Культурны складнік Браслава ў рамках устойлівага развіцця: агульнымі намаганнямі для ўсіх”. На гэтыя грошы плануецца набыццё тэхнічнага музейнага абсталявання, камп’ютара, правядзенне шэрагу культурных акцый...

Не варта і казаць, што ўдзел у праектах — не толькі праца на паляпшэнне базы ўстаноў культуры таго ці іншага раёна Беларусі, але і дзейнасць на карысць культурнага рэнамэ краіны, дэманстрацыя багацця яе нацыянальнай культуры… Праўда, у падобным транспамежным супрацоўніцтве рэгіёнаў існуюць і пэўныя цяжкасці: недахоп вопыту ў падрыхтоўцы і рэалізацыі міжнародных праектаў, адрозненні нарматыўна-прававой базы Беларусі і краін Еўрапейскага Саюза, нястача спецыялістаў, якія свабодна валодаюць замежнымі мовамі... Але гэта тэма ўжо іншага артыкула…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"