Захавальнікі ведаў

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

1 сакавіка ў Беларусі стартаваў Міжнародны конкурс творчых работ пра Вялікую Айчынную вайну “Захавальнікі ведаў. Вечны агонь”.

Арганізатарамі акцыі выступілі Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк горада Мінска, Дэпартамент знешнеэканамічных і міжнародных сувязей і Дэпартамент культуры горада Масквы, а таксама Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Паўднёва-Усходняй адміністрацыйнай акругі расійскай сталіцы.

Як паведаміла “К” загадчык аддзела маркетынгу Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска Алена Беразоўская, удзельнікамі конкурсу могуць стаць вучні 7 — 11 класаў, якія з’яўляюцца чытачамі бібліятэк Мінска і Мінскай вобласці. Свае працы на ваенную тэматыку па адной з трох намінацый вучні павінны даслаць да 10 красавіка бягучага года. У дапамогу канкурсантам дзіцячыя бібліятэкі прапануюць кожнаму ахвотнаму падборку літаратуры пра вайну і жыццё ў тыле.

Абвяшчэнне пераможцаў конкурсу плануецца цягам месяца пасля завяршэння працы журы. Больш падрабязную інфармацыю пра ўдзел у акцыі і прызы можна атрымаць у любой дзіцячай бібліятэцы горада Мінска або на сеціўных рэсурсах. А галоўны прыз для пераможцаў з Беларусі — паездка з экскурсіяй у Цэнтральны музей Вялікай Айчыннай вайны, які знаходзіцца на Паклоннай гары ў Маскве. А расійскія школьнікі, натуральна, наведаюць Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"