Дзве (бібліятэкі) у адным (праекце)

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Дзве кніжніцы рэспубліканскага значэння — Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка краіны — аб’ядналі свае намаганні, каб разам данесці веды і цікавую інфармацыю пра кнігу да школьнікаў. Сімвалічна, што гэта адбываецца ў Год культуры і напярэдадні 500-х угодкаў беларускага кнігадрукавання, якія будуць адзначацца ў краіне ў наступным годзе.

Як паведаміла “К” супрацоўнік аддзела бібліятэчнага маркетынгу Прэзідэнцкай бібліятэкі краіны Ала Каралевіч, з канца мінулага года ўстанова ў рамках сумеснага праекта з Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі і Гарадскім клубам школьных бібліятэкараў “Буквіца” рэалізуе адмысловую серыю наведванняў гімназій і школ сталіцы па папулярызацыі чытання і кніжнай культуры. Прычым гэта не сухое дыдактычнае мерапрыемства, а нязмушанае падарожжа ў свет кнігі. Спрыяе такому выніку і віктарына з пытаннямі (ды, зразумела, прызамі) пра тое, хто надрукаваў першую кнігу ў Еўропе, што такое “грамадзянскі шрыфт” і “капіевіца”, чаму беларусы ганарацца Казімірам Семяновічам… Таксама падчас акцыі кожны мае магчымасць судакрануцца з легендарным Статутам Вялікага Княства Літоўскага, прыжыццёвым асобнікам зборніка “Вянок” Максіма Багдановіча альбо старажытнай Торай, выдадзенай у XVIII стагоддзі.

У сваю чаргу, Нацыянальная бібліятэка Беларусі ў рамках праекта “У госці да кніг” праводзіць заняткі “Урокі ў музеі”. Яны ладзяцца ў музеі кнігі ўстановы і прызначаны для школьнікаў 1 — 5 класаў. Заняткі будуюцца на аснове збораў Нацыяналкі з выкарыстаннем экспазіцыі музея для больш глыбокага вывучэння прадмета. Падручнікі і сшыткі замяняюцца сапраўднымі рарытэтамі, цікавымі макетамі і займальнымі кнігамі.

Як кажа Ала Каралевіч, сёлета дзве рэспубліканскія кніжніцы, сыходзячы з набытага вопыту працы са школьнікамі, запланавалі рабіць сумесныя імпрэзы на базе абедзвюх устаноў і ў навучальных установах сталіцы. І ўжо 9 сакавіка Прэзідэнцкую бібліятэку ў рамках названай акцыі наведалі настаўнікі і навучэнцы 7 — 9 класаў сярэдняй школы № 76 горада Мінска. Падчас імпрэзы каардынатар праекта “У госці да кніг” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Таццяна Сапега зладзіла для школьнікаў урок-прэзентацыю “Францыск Скарына — беларускі першадрукар”. А Валерый Герасімаў, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі краіны ў лекцыі-экскурсіі распавёў пра гісторыю кнігі і пісьменства Беларусі, пачынаючы з VI стагоддзя. Зразумела, з дэманстрацыяй артэфактаў, у ліку якіх старажытныя папірусныя і пергаментныя скруткі ды пярсцёнкі з рунічнымі надпісамі.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"