Да "Берагіні" — лічаныя месяцы, але…

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

23 — 26 чэрвеня ў гарпасёлку Акцябрскі пройдзе дзявяты па ліку Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня". Мы пацікавіліся ў аўтара праекта і ягонага мастацкага кіраўніка Міколы Козенкі і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Акцябрскага райвыканкама Святланы Беразоўскай, як ідзе падрыхтоўка да знакавага фэста. (Дарэчы, у нашых візаві гэтымі днямі надарыліся і юбілейныя даты: віншуем!)

/i/content/pi/cult/577/12711/2-3.jpgМ.К.: — Вобласці вельмі марудна падаюць дакументы на ўдзел у фестывалі, што значна ўскладняе нашу падрыхтоўчую працу. А па загадзя дасланых відэаматэрыялах можна адсачыць пэўныя хібы будучых выступленняў і штосьці ды выправіць. На сёння невядома, напрыклад, ці будуць браць удзел у “Берагіні” прадстаўнікі Брэстчыны… А вось праграма фестывальных мерапрыемстваў ужо гатова.

— А ў чым прычыны названых нестыковак?

М.К.: — Гэта выдаткі таго, што ўсе ўпарта чакаюць дакумента-ўказання зверху. А ён спазняецца. Адсюль — затрымкі па абласцях. Усё ж увага да традыцыйнай культуры павінна быць больш сур’ёзнай. Мы ўжо шмат гадоў вядзем размову, у тым ліку і на круглых сталах у рэдакцыі “К” , пра неабходнасць Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускага народнага мастацтва…

— Што новага прапануе праграма фэста?

М.К.: — Мінск будзе прадстаўлены гуртом “Мілавіца” з установы сферы адукацыі. У рамках турніру фальклорных калектываў мяркуецца рэалізаваць праект па традыцыйным вяселлі. Плануецца першы рэспубліканскі конкурс інструментальных капэл, у тым ліку і з ДШМ, вучылішчаў. Ужо вядома, што завітаюць да нас і замежныя гурты. Дэ-факта фестываль, як і заўжды, мае быць міжнародным. Захоўваецца комплекснасць складанага тэматычнага насычэння “Берагіні” . Адны і тыя ж дзеткі ў традыцыі спяваюць, танчаць, паказваюць валоданне дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, вусным фальклорам… Але гэтай поліфанічнасцю "Берагіня" і ўнікальная, прывабная.

С.Б.: — Чакаем каля сямі замежных калектываў, і ад кожнай вобласці Беларусі прыедзе недзе па сорак чалавек. Усіх расселім як мае быць. Улічваць збіраемся і пажаданні мінулых гадоў: калі будзе шмат турыстаў, арганізуем палатачны лагер. Але заявак ад ахвотных, нягледзячы на рэкламу ў Інтэрнэце, пакуль не паступала. Аднак прапрацоўваем і гэтае пытанне.

— Акцябрскі з "Берагіняй" лёс паяднаў даўно і назаўжды. Ці не цяжка ў шэрагу неадкладных надзённых клопатаў займацца рэгулярна яшчэ і фестывалем?

С.Б.: — Наадварот, правядзенне фестывалю фальклорнага мастацтва гэтымі днямі для нас — задача першасная. І ніяк яна не замінае працы аддзела. Мінулы год мы даволі паспяхова завяршылі, дасягнулі ўсіх даведзеных паказчыкаў, у тым ліку і па пазабюджэтнай дзейнасці, выйшлі ў лік лепшых аддзелаў вобласці… Што да “Берагіні”. Правялі ў раёне вучобу кадраў, семінарскія заняткі. Завяршаем цыкл уласных фальклорных мерапрыемстваў, прымеркаваных да фэста. Такія святы ідуць у кожным сельскім савеце. Падрыхтаваны ўсе дакументы для Міністэрства культуры краіны, абгавораны склад арганізацыйнага камітэта. Цяпер усё гэта зацвярджаецца ў Мінску. Міністэрства выдаткоўвае на правядзенне фестывалю восемдзесят мільёнаў рублёў.

Фота сайта "Жывая спадчына Беларусі"

“Берагіня” ў нас нарадзілася, яна — родная. Прыцягненне дзяцей, моладзі да фальклору стала адным з асноўных кірункаў працы. І самае галоўнае. Улады раёна цудоўна ўсведамляюць важнасць справы і за абавязак лічаць падтрымку фестывалю. Так што ягоную перспектыву бачу толькі ў кантэксце творчага развіцця Акцябршчыны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"