Брэнды і тэхналогіі

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

На прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка зазначыў, што Год культуры ў вобласці будзе адметны прэзентацыямі мясцовых традыцый.

Каларыт мястэчак, аграгарадкоў і вёсак, падкрэсліў намеснік губернатара, будзе адчувацца падчас кожнага з мерапрыемстваў. А іх мяркуецца правесці каля 150 тысяч. Пэўныя праекты паспелі ўжо стаць традыцыйнымі і брэндавымі. Да прыкладу, Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М.@rt.-кантакт". Восеньскі Магілёў стане сталіцай ужо трэцяга па ліку Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”.

У лютым абвешчаны збор сродкаў для стварэння Музея Алеся Адамовіча на Бабруйшчыне. Вядуцца работы па аднаўленні палацава-паркавага ансамбля ў Жылічах, Свята-Успенскага мужчынскага манастыра ў Пустынках. Да 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і абароны Магілёва рыхтуецца дзея на Буйніцкім полі.

Свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) пройдзе ў аграгарадку “Александрыя” 9 — 10 ліпеня, распавёў Валерый Малашка. Тут будзе ладзіцца конкурс на лепшы купальскі касцюм, створаны ў нацыянальнай стылістыцы. Свята захавае складнік еднасці Беларусі, Украіны і Расіі, сёлета завітае і дэлегацыя з Літвы. Мяркуецца зладзіць маршрут “Александрыйская вандроўка”.

Працягваецца рэканструкцыя Абласнога мастацкага музея імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Пасля яе акцэнт у музейнай справе будзе зроблены на інтэрактыўнасць і новыя тэхналогіі. На першым паверсе адкрыецца выставачная зала з клімат-кантролем і мультымедыя-абсталяваннем. Абнаўляецца і мемарыяльная экспазіцыя на другім паверсе. На трэцім, мансардным, запрацуе канферэнц-зала.

...Нядаўна, дарэчы, Валерый Малашка адрэкамендаваў “К” новага начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Андрэя Кунцэвіча як кіраўніка ініцыятыўнага, хваткага і крэатыўнага. “Мне дасталася тая дзялянка працы,  — кажа Андрэй Міхайлавіч, — дзе выдатны задзел пакінуў высокапрафесійны папярэднік”. (Нагадаем чытачу, што абласной культурай кіраваў раней Анатоль Сінкавец.) І за пяць гадоў рэалізацыі Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” ў развіццё галіны было ўкладзена на Магілёўшчыне 145 мільярдаў рублёў. Андрэй Кунцэвіч перакананы, што нават пры не самым спрыяльным фінансаванні людзі адчуюць, што на культуру рэгіёна звернута ўвага...

А першай значнай акцыяй Года культуры стаў у вобласці Фестываль народных талентаў Магілёўшчыны. Праект, на ўрачыстым адкрыцці якога выступілі вядучыя калектывы Магілёва, рэалізоўваецца з 2 сакавіка на базе Абласнога цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Асноўная задача — развіццё і папулярызацыя самадзейнай творчасці і народных промыслаў, узаемаабмен досведам паміж работнікамі культуры і рамеснікамі, павышэнне прэстыжу прафесіі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"