“Вялікая” скарга з Вялікай Сваротвы

№ 15 (833) 12.04.2008 - 18.04.2008 г

Гэты ліст-скарга з вёскі Вялікая Сваротва, што ў Баранавіцкім раёне, аказаўся, як высветлілася пасля выезду на месца, шараговай ананімкай. Двое з падпісантаў жывуць у іншым паселішчы раёна, а прозвішча трэцяга — Крымянеўскі — настолькі распаўсюджана ў Вялікай Сваротве, што пра аўтарскую ідэнтыфікацыю і гаворка не ішла. Тым болей, што ніякіх ініцыялаў, як і канкрэтнага адрасу, абачлівыя “праўдашукальнікі” так і не пазначылі.

 /i/content/pi/cult/157/1271/Situacyja.jpg

Але не бывае ліха без дабра. Менавіта гэтая ананімка, хоць і ў нязвыклым ракурсе, прымусіла “К” зноў звярнуцца да ролі асобы работніка культуры. І ў чарговы раз пераканала, што калі гэтая асоба ёсць, дык бібліятэкар ці дырэктар клуба ў наваколлі — бог, цар і вайсковы начальнік. Асабліва на вёсцы, дзе кожны — сваяк, родзіч або сусед. Калі ж асоба — у ліку рэчаў вострадэфіцытных, дык рэй пачынае весці дачаснік, які па вызначэнні знаходзіцца па-за межамі сацыяльнага і духоўнага клопату і турбуецца адно толькі пра ўласны дабрабыт. І якім бы шыкоўным ні быў пры гэтым СДК, а сцежкі да яго так і застануцца непратаптанымі.

Скаргу даслоўна прыводзіць не буду. Па прычынах, так бы мовіць, маральна-этычных: занадта шмат у ёй неабгрунтаваных высноў і нядобрых, бяздоказных абвінавачванняў. Але змест пастараюся перадаць. Аўтары даводзяць, што ў лютым бібліятэка-клуб Вялікай Сваротвы спыніла дзейнасць з дазволу аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама. Такі ж лёс напаткаў клуб і ў вёсцы Данейкі. А паселішчы не з малых, і моладзі тут хапае.

Пагадзіцеся, трывога цалкам зразумелая.

Але пойдзем па тэксце далей. У суседняй вёсцы Андрэеўцы, дзе ўсяго “14 жылых дамоў”, бібліятэка-клуб дзейнічае па-ранейшаму. Маўляў, несправядлівасць. Загадчыца ўстановы даўно на пенсіі, але разам з дачкой-настаўніцай піша “нікому не патрэбныя сцэнарыі”, збірае родзічаў за святочным сталом у бібліятэцы — а ў залік мерапрыемствы запісвае. І як, маўляў, у Андрэеўцах можна набраць аж 200 чытачоў? І чаму дырэктар ЦБС Валянціна Сінкевіч заўжды ў захапленні ад Андрэеўцаў? І, маўляў, усе граматы і падзякі загадчыцы бібліятэкі-клуба — незаслужаныя. І няўжо пра ўсё гэта не ведае загадчык аддзела культуры Анатоль Філанчук?..

А цяпер паспрабуем гэты клубок разблытаць. Тым болей, што ўсе памянёныя ў скарзе — у адрозненне ад яе аўтараў навідавоку і каментарый гатовы даць на любое выказванне... Дарэчы, скарга ў рэдакцыю прыйшла напрыканцы сакавіка, і менавіта ў гэтыя дні адбываліся ў раёне пэўныя кадравыя перастаноўкі: Анатоль Філанчук стаў намеснікам старшыні райвыканкама, а Валянціна Сінкевіч — в.а. загадчыка аддзела культуры...

Вось як тлумачыць сітуацыю саскасаваннем устаноў культуры Анатоль Філанчук:

— Рэарганізацыя праведзена згодна з нядаўнім рашэннем райвыканкама. Ніяк не хацелі прыхаваць гэтым нейкія недахопы ў рабоце. Меры — вымушаныя: вёска старэе. Натуральна, людзей без культурнага абслугоўвання не пакінем, але ўтрымліваць матэрыяльную базу і штатную адзінку работніка, які на палову стаўкі спрабуе выканаць функцыі і бібліятэкара, і качагара, і прыбіральшчыка, проста не мела сэнсу.

 /i/content/pi/cult/157/1271/Situacyja2.jpg

Паверце, аналізавалі сітуацыю вельмі глыбока. Не раз наведалі і Данейкі, і Вялікую Сваротву. Шчыра скажу: тамтэйшыя культработнікі працавалі як мокрае гарыць. Такая аморфнасць усе раённыя паказчыкі ўніз цягнула. Ну не прыпіскамі ж, насамрэч, нам займацца. Таму і зачынілі ў лютым гэтыя ўстановы, прадумаўшы папярэдне альтэрнатыву: абслугоўванне вяскоўцаў з дапамогай мабільных культустаноў. Набылі сёлета тры аўтамабілі, у тым ліку аўтаклуб і бібліобус, прадумалі штатны расклад, план мерапрыемстваў і графік выездаў. З першага красавіка распачалі мабільнае культурнае абслугоўванне вёсак, дзе няма клубаў. Думаю, такі падыход выйгрышны ўдвая. І якасць работы — непараўнальная, бо і аўтаклуб, і бібліобус абсталяваны самым сучасным чынам. І да самадзейных артыстаў далучаюцца сацыяльныя работнікі, медыкі, юрысты. Вяскоўцы не могуць не адчуць паўнацэннасці такой увагі, калі звычайная кнігавыдача спалучаецца з вырашэннем цэлага комплексу сацыяльных пытанняў.

А памяшканні скасаваных культустаноў, якія знаходзяцца на балансе мясцовых сельскіх гаспадарак, неўзабаве ператворацца, я на гэта вельмі спадзяюся, у дамы сацыяльных паслуг, дзе, апрача пенсіі, сельскія жыхары могуць атрымаць і асалоду ад выязнога спектакля ці канцэрта...

На пытанне скаргі (“Адкуль у Андрэеўцах 200 чытачоў пры 60 жыхарах?”) адказ дае Валянціна Сінкевіч:

— У зоне абслугоўвання Андрэеўскай бібліятэкі-клуба аж 5 вёсак, а гэта 325 жыхароў. Таму і не дзіўна, што амаль усе яны, за выняткам людзей самага сталага ўзросту,— чытачы, якія лічаць Андрэеўцы ўласнай культурнай сталіцай. Дарэчы, у зоне абслугоўвання тут удвая больш аматараў кнігі, чым калісьці ў Вялікай Сваротве...

Ну а як быць з нібыта незаслужанымі граматамі? І тут свае контраргументы. Як распавядае загадчык аддзела маркетынгу бібліятэчнай сістэмы Раіса Лазар, шматлікія граматы, прэміі і падзякі ў кіраўніцы Андрэеўскага агменю культуры — не за прыгожыя вочы, не за ўменне ўлагоджваць кіраўніцтва, а за канкрэтную і надта выніковую працу. Да прыкладу, план па платных паслугах Андрэеўцы летась без асаблівых складанасцей перавыканалі і зарабілі больш чым паўмільёна рублёў. “У мінулым годзе, — працягвае Раіса Аляксандраўна, — сярод бібліятэк раёна быў абвешчаны конкурс “Мая вёска ў легендах і паданнях”. Пераможцай стала андрэеўская бібліятэкарка. Такое рашэнне прыняў савет бібліятэчнай сістэмы. Пад увагу браліся і стылістыка, і аб’ём, і каштоўнасць краязнаўчай і фальклорнай работы. Дык вось, працу з Андрэеўцаў — у школках варта вывучаць!”

Самы час, напэўна, пазнаёміцца з галоўнай нашай гераіняй — загадчыцай бібліятэкі-клуба з Андрэеўцаў. Лідзія Ліс, працуе 38 гадоў, свой клуб, сваю вёску лічыць неад’емнай часткай жыцця. На пенсіі, спецыяльнай адукацыі не мае, але ў клубе штодня — мерапрыемства. Дзейнічаюць тут аматарскае аб’яднанне краязнаўцаў, фальклорны песенны гурт. Штовечар па выхадных і святах — танцавальныя тэматычныя вечары, на якія з задавальненнем прыбягае не толькі мясцовая дзятва, але і школьнікі з суседніх паселішчаў. На свае паўстаўкі, выконваючы яшчэ і абавязкі прыбіральшчыцы, загадчыца за 280 тысяч рублёў у месяц здолела згуртаваць вакол сябе не проста вёску, а—грамаду, талаку. Доказ не толькі ў тым, што кабета аднадушна абрана землякамі дэпутатам сельсавета і не менш сумленна спраўляецца яшчэ і з гэтым, часам нялёгкім, грамадскім абавязкам. Гэтага, відаць, было б яўна мала, каб са шчырай душой сцвярджаць: Лідзія Ліс — на сваім месцы, замяніць яе — няма кім, бо навідавоку тая жыццёвая сітуацыя, калі поспех справы вырашаюць не маладосць, не адукацыя, нават не прафесійны досвед, а жыццёвае ўменне быць для людзей карыснай і патрэбнай. Уменне, якое шмат чаго вартае, якое ідзе, відаць, ад матчынага выхавання, неабсяжнасці ўласнай душы, гэткай жа бяскрайняй маляўнічасці роднага вясковага наваколля...

Сёй-той кажа, што журналістыка цягам часу высушвае душу газетчыка. Не пагаджуся! Тое, што я ўбачыў тым днём у вёсцы Андрэеўцы, нечакана дадало веры ў людзей і зарадзіла душу самымі станоўчымі эмоцыямі. У глядзельную залу мясцовай бібліятэкі-клуба, даведаўшыся пра прыезд карэспандэнта “К” і скаргу, сабралася амаль уся вёска, а школьнікі прыбеглі нават з навакольных паселішчаў. “Не дамо зачыняць клуб!” — гучала і ад бабуль, і ад маладзёнаў, і ад жыхароў сярэдняга веку. “Ды ніхто яго не збіраецца зачыняць!” — супакойвала грамаду старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры Алена Хлапіцкая. Грамада, між тым, супакоілася не адразу. “Ды калі б у тых Вялікай Сваротве і Данейках клубы працавалі так, як наш, — ніхто, напэўна, іх і не зачыніў бы!” — доўга гучала ў невялічкай зале. Менавіта ад пенсіянераў і маладзёнаў я даведаўся — пазней усё пацвердзілася і дакументальна, — што ладзяцца тут не толькі тэматычныя дыскатэкі і пасяджэнні краязнаўчага аб’яднання, але і дні нараджэнняў святкуюцца, і ў невялічкай клубнай зале зноў збіраецца ледзь не ўся вёска. Нават выдачу пенсій Лідзія Уладзіміраўна ператварае ва ўрачыстасць: гутарку правядзе і як дэпутат, і як культасветнік, канцэрт сіламі шкаляроў наладзіць. Так што памыляюцца аўтары пісьма: сцэнарыі Лідзіі Ліс у Андрэеўцах патрэбны! Таму і клуб у вёсцы не пустуе. “Мы да Уладзіміраўны — з любой праблемай, — распавядае саракагадовы андрэевец. — Нават калі цяля ў якой кабеты захварэе, дык загадчыца заўжды падкажа, дзе таго ветэрынара знайсці, ці сама з ім звяжацца, бо ў раёне рэгулярна бывае, і ўсё, і ўсіх спрэс ведае... У тым, што на вуліцы ды падворках чысціня — таксама яе заслуга. Хто ж не паслухаецца жанчыну, якая ледзь не сорак гадоў з дапамогай кніжак і слова свайго вучыць вяскоўцаў, як і дзеля чаго жыць трэба?.. Карацей, мы за Ліс — гарой. Калі трэба, таксама пісьмо напішам, але подпісы паставім абавязкова. І не тры іх будзе, а шэсць дзесяткаў!..”

Ну а што Вялікая Сваротва? Пабывалі, натуральна, і там. Сустрэлі побач з крамай чародку старшакласніц. Разгаварыліся пра тое, як колісь мясцовая бібліятэка-клуб працавала. Па словах дзяўчат з Вялікай Сваротвы — кепска. Каб дыскатэку правесці, загадчыцу трэба было ўпрошваць дый арганізацыю вечароў у свае рукі браць. Таму мясцовая моладзь як бегала на танцы ў суседнія вёскі, так і цяпер бегае, у тым ліку і ў Андрэеўцы, да якіх, балазе, рукой падаць. Так што пытанне “Вёска для клуба ці клуб для вёскі?” вырашылася ў той дзень ніяк не на карысць Вялікай Сваротвы, — а першыя рэйсы аўтаклуба і бібліобуса падаліся надта дарэчнымі, бо паселішча на культурнае жыццё пачало ўжо забывацца... Дарэчы, сустрэліся мы і з Аленай Крымянеўскай, колішняй загадчыцай клуба ў Вялікай Сваротве. Яна ўжо ведала пра тое, што за Ліс у Андрэеўцах стала грамада. “Калі б ведала, таксама народ сабрала б”, расхвалявалася кабета. “Ды ці магчыма адстаяць тое, чаго ў Вялікай Сваротве не было?!” — разважалі мы са старшынёй РК прафсаюза работнікаў культуры Аленай Хлапіцкай.

І апошняе. “К” вельмі спадзяецца, што ўлады Баранавіцкага раёна прасочаць за тым, каб былыя клубна-бібліятэчныя памяшканні ў Данейках і Вялікай Сваротве, што знаходзяцца на балансе мясцовых сельскіх гаспадарак, былі як мага хутчэй даведзены да ладу і ператварыліся ў дамы сацыяльных паслуг.

Яўген РАГІН, наш спецкар.