Інавацыі традыцый

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Мінск з лекцыямі наведаў японскі дызайнер Русукэ Нанкі. Ягоная творчасць ахоплівае прадметны дызайн, арганізацыю прадметна-прасторавага асяроддзя, выставачныя экспазіцыі, эстэтызацыю гарадской прасторы. Аднак такая шматаблічнасць задзейнічана пад адзіную мэту: майстар дбае пра захаванне і развіццё нацыянальнай традыцыі ў дызайне і яе папулярызацыю.

Мінскай аўдыторыі Русукэ Нанкі распавядаў пра два сваіх праекты. Першы — гэта выстава ў Парыжы, прысвечаная творчасці Расадзін Кітаодзі, слыннага каліграфа і мастака-кераміста, які, дарэчы, захапляўся кулінарыяй і заснаваў рэстаран, дзе ўвесь посуд зрабіў сваімі рукамі. У сённяшняй Японіі ёсць вялікая цікавасць да гэтай шматаблічнай асобы, і ягоная спадчына трактуецца як нацыянальны брэнд. “Цвік” экспазіцыі — відэафільм пра тое, як у рэстаране, заснаваным славутым каліграфам, робяцца па ягоным рэцэпце некаторыя стравы японскай нацыянальнай кухні. Камусьці такі ход падаецца прафанацыяй спадчыны згаданай асобы. Але праз гэта выстава прывабіла мноства людзей. Ну а пасля відавочнага поспеху выставы, пасля такой раскруткі брэнду ў Парыжы можна адкрываць хоць мемарыяльны рэстаран Кітаодзі.

Другі праект дызайнера — альбом пра японскія слодычы. Да гэтай працы Русукэ Нанкі, па ягоных словах, падштурхнула настальгія, успаміны дзяцінства. Японцы хоць і трымаюцца традыцый, як, можа, ніхто іншы ў свеце, але ўплыў глабалізацыі адчуваецца і на іхнім побыце, звычках ды густах. Прынамсі, скарачаецца попыт на слодычы нацыянальнай рэцэптуры. А разам з гэтым знікае і частка культурнай традыцыі. У японскім годзе — 72 сезоны, звязаных з канкрэтнымі сельскагаспадарчымі работамі. Кожны з іх мае паэтычную назву, дзе прысутнічае прыродная з’ява, што сезону адпавядае — цвіценне кветкі, крык птушкі і гэтак далей. І кожнаму такому сезону адпавядае слодыч пэўнай формы і смаку.

Над альбомам дызайнер працаваў чатыры гады. Каб вызначыць найлепшую для гэтага праекта паперу, перабраў сто гатункаў. Першы наклад разышоўся імгненна, а замовы на кнігу і дасюль прыходзяць з усяго свету. Ахвотныя займець яе, нягледзячы на немалы кошт, знайшліся і сярод мінскай аўдыторыі лекцый. Сам Русукэ Нанкі кажа пра сваю работу так: каталог ужо ёсць, а выстава яшчэ толькі будзе. Інакш кажучы, гэта мастацкае выданне папярэднічае выставе, канцэпцыя якой распрацоўваецца на падставе матэрыялу ў кнізе. Будучая выстава патрэбна, каб выйсці на міжнародны рынак з нацыянальным прадуктам. Вось такі ўзровень планавання, вось такі дызайн!

Пытанні аўдыторыі тычыліся, у асноўным, творчага метаду адмыслоўцы і ролі ў сучаснай культуры Японіі нацыянальнай традыцыі. На думку спадара Нанкі, апошняя валодае багатым інавацыйным патэнцыялам. Проста трэба ўмець яе ўбачыць і скарыстаць у гэтай якасці. Ён лічыць, што гэта тэза спрацоўвае ў любой нацыянальнай культуры, у тым ліку і ў беларускай. Дарэчы, пра нашу сталіцу дызайнер сказаў, што ў Мінску яму прыйшлася даспадобы гармонія даўніны і сучаснасці, укаранёнасць гісторыі ў рэальнае жыццё, блізкасць яе да людзей. І ў якасці прыкладу назваў Мастацкую галерэю Міхаіла Савіцкага, якую ён паспеў наведаць. Бо гэта гістарычны будынак, дзе добра прыдалася актуальная сучасная функцыя.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"