Новы імідж з партнёрамі

№ 11 (1241) 12.03.2016 - 18.03.2016 г

Сённяшні дзень патрабуе ад бібліятэк нестандартных рашэнняў, актыўнай пазіцыі і хуткай рэакцыі на змены ў грамадстве. Адпаведна, спецыялістам даводзіцца працаваць над стварэннем свайго прывабнага, сацыяльна значнага вобразу, імкнуцца быць больш адкрытымі і даступнымі для карыстальнікаў. Важнае месца ў гэтай справе за наладжваннем партнёрскіх сувязей.

А яны звязваюць нашу бібліятэку з грамадскай культурна-асветніцкай установай “Амрыта”. Гэта і сумесныя мерапрыемствы, і перасоўныя выставы, і віртуальныя падарожжы па залах і філіялах музеяў, якія праводзяцца для чытачоў. У сакавіку ўвазе наведвальнікаў прадстаўлялі выставу рэпрадукцый твораў Леанарда да Вінчы. Мерапрыемствы — цікавыя і змястоўныя, таму пашыраецца аўдыторыя наведвальнікаў, вакол бібліятэкі складаецца кола людзей, якія любяць мастацтва. І як вынік — расце папулярнасць ўстановы.

Наша дзейнасць шчыльна звязана са школамі мікрараёна “Усходні”. Установы сярэдняй адукацыі заўсёды разглядалі публічныя бібліятэкі як апору сваёй асветніцкай работы. Мы добра разумеем, што менавіта школьныя гады — спрыяльны перыяд для выхавання ў моладзі сацыяльнай актыўнасці, імкнення быць карыснымі. Сёння імкнёмся прапанаваць увазе маладых чытачоў тое, што іх цікавіць. Таму праводзім анкетаванні, каб вызначыць прыхільнасць да пэўнай тэмы. Для вучняў ладзім літаратурныя вандроўкі, гадзіны цікавых паведамленняў, бібліяграфічныя прадстаўленні, літаратурна-музычныя кампазіцыі.

Добрыя і плённыя адносіны склаліся са Смаргонскім рэгіянальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Дзякуючы работнікам гэтай установы, мы маем магчымасць праводзіць прэзентацыі буклетаў, урокі-роздумы, гадзіны праблемнай размовы, а таксама акцыі, звязаныя са здаровым ладам жыцця. Цікава праходзяць сустрэчы з урачамі.

Інфармацыйнае забеспячэнне экалагічнай асветы з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці нашай бібліятэкі. Сумесна з гаррайінспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Смаргонскім вопытным лясгасам бібліятэка праводзіць работу па фарміраванні ў насельніцтва экалагічнай свядомасці, па выхаванні беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя. Былі зладжаны гульня-падарожжа “Дзіўны свет балот”, экалагічная гасцёўня “Магія кветак”…

Бібліятэка працуе з сацыяльна-тэрытарыяльным цэнтрам “Цёплы дом” і арганізоўвае сумесныя мерапрыемствы з людзьмі сталага веку. Вядома, немагчыма ўявіць работу публічнай бібліятэкі без сустрэч з цікавымі людзьмі. Таму да нас часта прыходзяць паэты-пачаткоўцы, майстры Дома рамёстваў, фларысты, кветкаводы, юрыдычныя работнікі…

Людміла ШАПЕЛЬ, загадчык філіяла “Гарадская бібліятэка №1” Смаргонскай раённай бібліятэкі